Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Есть, молиться, любить [Элизабет Гилберт] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Время всегда хорошее [Андрей Валентинович Жвалевский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - В канун Рождества [Розамунда Пилчер] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Подстрочник: Жизнь Лилианны Лунгиной, рассказанная ею в фильме Олега Дормана [Олег Вениаминович Дорман] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Исповедь экономического убийцы [Джон Перкинс] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Казус Кукоцкого [Людмила Евгеньевна Улицкая] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Манюня [Наринэ Юрьевна Абгарян] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Вафельное сердце [Мария Парр] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Генрых Бёль >> Классическая проза и др. >> Дом без гаспадара >> страница 3
дыханне маці было прыемна: яе ложак часта пуставаў, бывала, некалькі начэй запар, і тады ў пярэдняй бабуля дакорліва шаптала:

— Дзе ты толькі швэндаешся?

Маці не адказвала. Ранішняе абуджэнне таксама таіла ў сабе пэўную небяспеку. Калі Альберт будзіў яго, ужо апрануты ў чыстую кашулю з гальштукам, усё праходзіла ўдала: яны ладзілі тады ў пакоі Альберта сапраўднае снеданне і нікуды не спяшаліся і не хваляваліся, і можна было яшчэ раз прагледзець разам з Альбертам хатнія заданні. Але калі Альберт быў яшчэ ў піжаме, непрычасаны, з пакамечаным тварам, тады прыходзілася ў спешцы глытаць гарачую каву і тэрмінова пісаць запіску: «Глыбокапаважаны пан Biмар, прашу вас прабачыць мне за тое, што хлопчык сёння зноў спазніўся. Яго маці паехала, а я забыўся пабудзіць яго своечасова. Яшчэ раз прашу прабачэння. З абсалютнай пашанай».

Кепска было, калі маці прыводзіла гасцей: неспакойны сон у ложку Альберта, дурнаваты смех, што даносіўся з мамінага пакоя; Альберт у такія ночы падчас і зусім не лажыўся і толькі паміж пяццю і шасцю прымаў ванну: шум вады, плёскат, а ён засынаў зноў, і калі Альберт будзіў яго, адчуваў сябе бясконца стомленым і разбітым. На ўроках ён тады кляваў носам, а пасля ўрокаў у якасці ўзнагароды яго вадзілі ў кіно і куплялі марожанае або бралі да маці Альберта, у Бітэнхан — «Лясную браму». Там сажалка, дзе Глум голымі рукамі ловіць рыбу і зноў кідае яе ў ваду, там пакой над кароўнікам, там можна гадзінамі ганяць у футбол з Альбертам і Брылахам на ўтаптаным, выкашаным лужку, пакуль не выгаладаешся і не захочаш пакаштаваць хлеба, які маці Альберта пячэ сама, а дзядзька Віль заўсёды прыгаворвае: «Намажце паболей масла». Пахітае галавой: «Паболей масла». Зноў пахітае: «Яшчэ больш». I Брылах, заўсёды такі няўсмешлівы, смяецца там ад усяго сэрца.

Было шмат станцый на шляху, ён мог заснуць на любым перагоне: Бітэнхан і бацька, Блондзі і распусна. Прыглушанае гудзенне вентылятара азначала, што ўсё добра: маці дома. Шалясценне старонак, дыханне маці, чырканне запалкі і ціхі, шпаркі глыток, калі яна падносіць да вуснаў шклянку з віном, — і незразумелы рух паветра, хоць вентылятар даўно ўжо выключаны: гэта дым цягнецца да вентылятара, і Марціна незаўважна агортваў сон — дзесь паміж Гезелерам і «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя».

2

Лепш за ўсё было ў Бітэнхане, дзе маці Альберта трымала загарадны рэстаранчык. Маці Альберта ўсе пякла сама, нават хлеб. Яна гэта рабіла проста таму, што любіла пячы, — і яны з Брылахам маглі ў Бітэнхане вычвараць усё, што ім уздумаецца, — лавіць рыбу, хадзіць у даліну, катацца на лодцы або гадзінамі гуляць за домам у футбол. Сажалка ўдавалася ў лясны гушчар, і іх звычайна суправаджаў дзядзька Віль — брат маці Альберта. З дзяцінства дзядзька Віль хварэў на нейкую дзіўную хваробу, якую ўсе называлі «начная патлівасць» — дзіўная назва, што выклікала смех у бабулі і Глума, Больда таксама хіхікала, калі чула гэтае слова. Вілю было ўжо пад шэсцьдзесят. Калі ж яму не было яшчэ і дзесяці, маці знайшла яго аднойчы ў пасцелі ўсяго залітага потам. На наступны дзень гісторыя паўтарылася, і маці, у трывозе, пацягнула яго да доктара, бо, па нейкіх таемных паданнях, начная патлівасць лічылася немінучай прыкметай сухотаў. Але лёгкія ў маленькага Віля аказаліся ў поўным парадку, толькі сам ён, як выказаўся доктар, быў хлапчуком нервовым і субтыльным; і доктар — той самы, што вось ужо сорак гадоў спачывае на гарадскіх могілках, — сказаў пяцьдзесят гадоў назад: «Дзіця трэба берагчы».

I Віля ўсё жыццё бераглі. «Нервовы, субтыльны», ды яшчэ начная патлівасць — усё гэта абярнулася свайго роду рэнтай, якую пажыццёва яму выплочвала сям’я. Марцін і Брылах, даведаўшыся пра гэта, доўгі час уранку абмацвалі свае лбы і па дарозе ў школу абменьваліся назіраннямі. Высветлілася, што і ў іх ілбы часам бываюць вільготныя. Асабліва ў Брылаха — ён пацеў уначы часта і вельмі моцна, але, з таго часу як Генрых Брылах нарадзіўся, нікому і ў галаву не прыходзіла хоць даянёк паберагчы хлопчыка. Маці нараджала яго, калі на горад сыпаліся бомбы, яны падалі на тую вуліцу, а пад канец і на той дом, дзе ў бамбасховішчы, на брудных нарах, заляпаных ваксай, яна курчылася ў схватках. Галава маці аказалася на тым самым месцы, куды нейкі салдат уладкаваў свае боты: ад паху ворвані яе ванітавала куды больш, чым ад родаў, і калі нехта запіхнуў ёй пад галаву завэдзганы ручнік, пах армейскага мыла, убогі водар яго расчуліў яе да слёз; гэты апаганены водар здаўся ёй невыказна дарагім.

Калі пачаліся схваткі, ёй дапамаглі; яе званітавала проста на ногі тых людзей, і самай лепшай і вытрыманай павітухай аказалася чатырнаццацігадовая дзяўчынка. Яна згатавала ваду на спіртоўцы, падрыхтавала стэрыльныя нажніцы і перарэзала пупавіну. Яна рабіла ўсё дакладна так, як напісана было ў кнізе, якую ёй зусім не след было б чытаць; спакойна і адначасова мякка і са здзіўляльнай вытрымкай рабіла яна тое, што па начах, калі бацькі даўно ўжо спалі, вычытала ў кнізе з чырванавата-белымі і жаўтаватымі малюнкамі; яна перарэзала пупавіну стэрылізаванымі кравецкімі нажніцамі, якія ўзяла ў сваёй маці. Тая паставілася да пазнанняў дачкі недаверліва, хоць і не без пэўнай долі захаплення.

Пасля, калі трывога закончылася, да іх аднекуль здаля данёсся роў сірэны: гэтак да звяроў у лясной гушчэчы даносяцца галасы паляўнічых. Дом абрушыўся. Руіны злавесна прыглушылі гук, і маці Брылаха, якая заставалася ў падвале адна з чатырнаццацігадовай павітухай, пачула крыкі астатніх, — яны спрабавалі вылезці наверх праз завалены праход.

— Як цябе завуць? — спытала яна ў дзяўчынкі: ёй ніколі раней не даводзілася з ёй сустракацца.

— Генрыета Шадэль, — адказала дзяўчынка і выцягнула з кішэні непачаты кавалак зелянькавага мыла.

Тады фрау Брылах сказала:

— Дай мне панюхаць.

I яна нюхала мыла і плакала ад шчасця, а дзяўчынка тым часам загортвала дзіця ў коўдру.

У яе заставалася толькі сумачка з грашамі і прадуктовымі карткамі, брудны ручнік, падсунуты ёй пад галаву невядомым дабрадзеем, і некалькі фотаздымкаў мужа: на адным ён быў зняты яшчэ да арміі, у спяцоўцы слесара, выглядаў вельмі мала дым і ўсміхаўся, а на другім ён быў ужо яфрэйтарам танкавых войскаў і таксама ўсміхаўся, на трэцім — унтэрам з жалезным крыжам другой ступені і баявымі адзнакамі, і зноў-такі ўсміхаўся, і самы апошні — яна атрымала яго толькі на мінулым тыдні,— дзе ён ужо фельдфебель з двума крыжамі і ўсё з той жа ўсмешкай.

Праз дзесяць дзён пасля родаў яе ўціснулі ў цягнік, які павёз яе на ўсход; праз два месяцы, у саксонскай вёсачцы, яна даведалася, што муж загінуў.

У васемнаццаць гадоў яна выйшла