Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Прорицательница. Академия мертвых душ [Матильда Старр] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Зимний солдат [Дэниел Мейсон] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Дозоры [Сергей Васильевич Лукьяненко] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Генрых Бёль >> Классическая проза и др. >> Дом без гаспадара >> страница 4
замуж за бравага яфрэйтара, чыё цела парахнее цяпер дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. I вось на дваццаць другім годзе жыцця яна стала ўдавою. Яна мае трохмесячнае дзіця, два ручнікі, дзве каструлькі, трошкі грошай, і яна вельмі прыгожая.

Хлопчык, якога па бацьку ахрысцілі Генрыхам, падрастаў з цвёрдым перакананнем, што каля маці заўсёды павінен быць нейкі дзядзька.

У першыя яго гады такім дзядзькам аказаўся Эрых, які насіў рудую форму. Эрых належаў да загадкавай катэгорыі дзядзькаў і да не менш загадкавай катэгорыі нацы. I з той і з другой катэгорыяй было ўсё не зусім зразумела. Генрых адчуў гэта яшчэ чатырохгадовым хлапчуком, але зразумець, у чым справа, канешне, не мог. Дзядзька Эрых меў хваробу, якая называлася астма: стогны ўначы, крактанне і жаласны крык: «Няма чым дыхаць!» — насоўкі, змочаныя воцатам, і пах камфары, і настоі з нейкім дзіўным водарам. Дадому разам з імі перакачавала з Саксоніі рэч, якая некалі належала Эрыху, — запальнічка. Эрых застаўся ў Саксоніі, а запальнічка перакачавала з імі, і пах Эрыха захаваўся назаўсёды ў памяці.

Потым з’явіўся новы дзядзька, ад якога ў памяці застаўся пах амерыканскіх цыгарэт і вільготнага алебастру ды яшчэ пах распушчанага на патэльні маргарыну і смажанай бульбы. Звалі яго Герт, і быў ён не такім далёкім і незразумелым, як той, якога звалі Эрых і які застаўся ў Саксоніі. Герт працаваў абліцоўшчыкам, і слова «абліцоўшчык» было неаддзельным ад паху вільготнага алебастру, вільготнага цэменту. I яшчэ з Гертам было звязана іншае слова, якое ён паўтараў на кожным кроку і якое, пасля таго як ён сышоў, захавалася ў лексіконе маці,— слова дзярмо. Гэта такое слова, якое маці чамусьці можна гаварыць, а дзецям вельмі строга забараняецца. I яшчэ Герт пакінуў на памяць, акрамя пахаў і гэтага слова, — наручны гадзіннік, які ён падарыў маці, мужчынскі наручны гадзіннік на васемнаццаці камянях — нейкае зусім незразумелае вызначэнне якасці гадзінніка.

Генрыху споўнілася тады пяць з паловай гадоў, і ён нямала зрабіў, каб пракарміць сябе і маці, выконваючы на чорным рынку ўсялякія даручэнні шматлікіх насельнікаў дома. Прыгожанькі хлапчук, падобны на бацьку, кожны дзень у дванаццаць ішоў з дому, узброены грашамі і выдатнай памяццю, і здабываў тое, што можна было раздабыць, — хлеб, табаку, цыгарэты, каву, салодкія ласункі, а часам нават такія раскошныя рэчы, як маргарын, масла, электрычныя лямпачкі. Калі была патрэба рабіць вялікія пакупкі, ён быў для суседзяў правадніком, таму што ведаў, хто чым гандлюе на чорным рынку, і ўвогуле ведаў там кожнага сабаку. Сярод спекулянтаў ён карыстаўся недатыкальнасцю, і кожны, каго выкрывалі ў спробе падмануць малога, падпадаў пад бязлітасны байкот і вымушаны быў пачынаць гандаль недзе ў іншым месцы.

Не па гадах кемлівы, хлапчук набываў на рынку не толькі хлеб надзённы, ён набыў і фенаменальную здольнасць да вуснага ліку. Здольнасць гэтая выручала яго ў школе колькі гадоў запар. Толькі ў трэцім класе яны пачалі праходзіць прыклады, якія ён рашаў на практыцы задоўга да школы.

Колькі каштуюць дзве васьмушкі кавы, калі вядома, што кілаграм каштуе трыццаць дзве маркі?

Рашэння такіх задач патрабавала ад яго само жыццё, таму што выпадалі вельмі кепскія месяцы, калі ён купляў хлеб па пяцьдзесят або па сто грамаў, табаку — яшчэ меншымі дозамі, каву на лоты — маленечкія порцыі, а гэта патрабуе немалога спрыту ў абыходжанні з дробамі, калі не хочаш, каб цябе абдурылі.

Герт знік раптоўна. А ягоныя пахі засталіся ў памяці — вільготны алебастр, «Віргінія», смажаная на маргарыне бульба з цыбуляй; а яшчэ ў спадчыну ад Герта засталося слова дзярмо, якое назаўсёды ўвайшло ў лексікон маці, і, нарэшце, адна каштоўная рэч — мужчынскі наручны гадзіннік. Пасля раптоўнага знікнення Герта маці плакала, чаго не было пасля расстання з Эрыхам, а хутка аб’явіўся новы дзядзька з імем Карл. Карл пачаў патрабаваць, каб яго звалі татам, хоць ён не меў на гэта аніякага права. Карл служыў у магістратуры і хадзіў не ў старым кіцелі, як Герт, а ў сапраўдным гарнітуры, і Карл абвясціў гучным голасам пачатак «новага жыцця».

«Карл — новае жыццё» — так і запомніўся ён Генрыху, таму што гэтыя словы Карл паўтараў па дваццаць разоў на дзень. Пахам Карла быў пах супоў, якія адпускаліся служачым магістратуры на льготных падставах; супы, як бы яны ні называліся, тлустыя яны былі або салодкія, без розніцы, ад усіх супоў пахла тэрмасам і дастаткам. Карл штодня прыносіў у старым салдацкім бачку палову сваёй порцыі, бывала, і больш, калі падыходзіла яго чарга атрымліваць дадатковую порцыю. Зразумець прычыну гэтай ільготы Генрых так і не змог. З чым бы ні быў суп згатаваны — з салодкімі клёцкамі або з бычыным хвастом, — усё роўна ён патыхаў тэрмасам, і ўсё роўна ён быў цудоўны. Для бачка пашылі брызентавы чахольчык, а ручку абвязалі суровымі ніткамі, Карл не мог вазіць бачок у партфелі, таму што ў трамваі заўсёды вельмі піхаліся, суп расплёхваўся і запэцкваў партфель. Карл быў дабрадушны і непатрабавальны, але яго з’яўленне мела і непрыемныя наступствы, таму што хоць ён і быў непатрабавальны, аднак строгі і катэгарычна забараніў Генрыху ўсялякія паходы на чорны рынак. «Як дзяржаўны служачы я не магу дазволіць… не кажучы ўжо, што гэта падрывае маральныя ўстоі і народную гаспадарку». Строгасць Карла прыпадала на цяжкі 1947 год. Мізэрныя пайкі, калі іх толькі можна было ўвогуле назваць пайкамі,— і Карлавы супы ніякім чынам не параўнаць было з колішнімі заробкамі Генрыха. Генрых спаў у адным пакоі з маці і Карлам — гэтак жа, як спаў ён у адным пакоі з маці і дзядзькам Гертам, з маці і дзядзькам Эрыхам.

Калі Карл і маці, патушыўшы святло, падсаджваліся да радыёпрыёмніка, Генрых паварочваўся да іх спінай і глядзеў на здымак бацькі. Бацька быў зняты ў форме фельдфебеля танкавых войск незадоўга перад смерцю. У доме гаспадарылі розныя дзядзькі, але фотаздымак бацькі працягваў вісець на сцяне. I ўсё ж, нават адвярнуўшыся, ён чуў шэпт Карла, хоць і не разбіраў асобных слоў, і чуў хіхіканне маці. З-за гэтага хіхікання ён часам ненавідзеў маці.

А пасля ў маці з Карлам была сварка з-за нейкай малазразумелай справы, якая называлася «ён». «Мне ён ні да чаго», — увесь час гаварыла маці. «А мне да чаго», — гаварыў Карл. Толькі пасля Генрых зразумеў, што азначала «ён». У хуткім часе маці трапіла ў бальніцу, і Карл быў вельмі засмучаны і сярдзіты, але абмежаваўся тым, што сказаў яму: «Ты тут ні пры чым».

Прапахлыя супам бальнічныя калідоры, мноства жанчын у вялікай зале, маці, жаўтавата-бледная, але з усмешкай, хоць ёй было «так балюча, так балюча».

Карл змрочна стаяў каля яе ложка: «Між намі ўсё скончана, калі ты „яго“…»