Litvek - онлайн библиотека >> Анатоль Казлоў >> Современная проза >> Распяцце, альбо Ці ж баліць галава ў вароны... >> страница 10
сваіх зачасаных валасах і, уздыхнуўшы, працягвала: — Ён пытаўся пра той камень, які мы з габою прывезлі з Трокаў. Сёння нам трэба занесці яго на бацькаву магілу. Гэта неабходна зрабіць паміж дванаццатай і першай гадзінамі ночы. Але ён прасіў, каб ты змачыў камень некалькімі кроплямі сваёй крыві.

— ?

— Усяго некалькі кропель прасіў ён. 3 пальцаў левай рукі. Гэта ніколечкі не балюча. Я дапамагу табе. Падрыхтавала ўжо іголку, у пляшачцы з адэкалонам яна. Ты, Андрэйка, зразумей: у бацькі адзіная я. І хто ж дапаможа яму, калі не мы, правільней — калі не я.

Нарэшце Андрэй як бы апрытомнеў. Здзіўлена лыпнуў вачыма і адклаў кніжку:

— Твой бацька крывасмокам быў, ці што? Дзеля чаго яму патрэбна мая кроў?

— Трэба так, Андрэйка. Наконт крывасмокства — не ведаю. Я ніколі не бачыла, каб бацька піў чыюсьці кроў. Ён быў моцны і ўдалы чалавек… Ведаеш, мне здаецца, што і з табою мы сустрэліся невыпадкова. Ва ўсім гэтым нейкая прадвызначанасць, я б сказала — заканамернасць. Яшчэ да таго вечара ў кафэ ты часта сніўся мне. Я бачыла твой твар, гаманіла з табою. Ну, ты для мяне быў як родны. І вось зараз падумалася, што невыпадкова на бацькавы саракавіны мяне пацягнула пайсці ў тое кафэ. Не застацца дома, за агульным сталом, а пайсці, менавіта пайсці туды.

— Ты хочаш сказаць, што ў нас на раду была напісана сустрэча? Што мы адно цэлае, нарэшце — адно цэлае.

— Так. І, магчыма, бацька ведаў пра гэта. 3 нашага боку цяпер подла не выканаць ягонай волі. Каб ты, Андрэйка, пабачыў, які ў яго змарнаваны выгляд. Давай зробім усё так, як прасіў бацька.

Марына ўгаворвала хлопца, як маленькае дзіця, якое не хоча есці маннай кашы. Яе шырокія, як спелыя вішні, вочы глядзелі на Андрэя ўмольна і пранікліва, з непрыхаванай патрабавальнасцю.

— Ну, добра, мы зробім гэта. Толькі скажы: Дабру або Злу будзем мы садзейнічаць? Скажы! Пад покрывам ночы робіцца ўсё ганебнае, чорнае. Усё тое, што супраць людзей, супраць чалавека. Ці праўду я кажу?

— Што ў тым, калі бацька пазваў мяне ноччу. Ён, Андрэйка, не толькі мой бацька, ён мой Гаспадар! — Марына злосна зірнула на хлопца і працяжна скрыгатнула зубамі.— Не хвалюйся, ён і цябе сёння пакліча. I не ў тваёй волі працівіцца. Бацькава сіла — сіла маланкі і навальніцы.— Марына закашлялася.— Я адчуваю, што ён ужо недалёка. Ледзянеюць пальцы маіх рук. Стыне ўсё цела. Бацька прыходзіць да мяне па начах.

Халодны жах накаціўся на Андрэя.

— Марына, ты хворая. Мо прастудзілася? Кладзіся ў ложак, я цябе накрыю коўдрай і прынясу гарачай гарбаты. Кладзіся, Марынка.

— Позна ўжо. Бацька, мой Гаспадар, прыйшоў. Паглядзі,— дзяўчына наказала рукой на праём дзвярэй. Там хісталася бесцялеснае мроіва абрысаў чалавека. «Ты мне патрэбны, хлопец,— голасу не было чуваць, але гэтыя словы нехта ўкладваў у галаву Андрэя. Яны пранікалі не праз вушы, а як бы мінаючы іх, адразу траплялі ў мозг.— Ад нараджэння я прыглядаўся за табою: абараняў, расціў, дапамагаў».

Андрэй замёр, быццам акамянеў. Ягоныя губы марудна разышліся ў аскале. Цяпер ён нагадваў зомбі.

«Табе пакуль я загадваю ўва ўсім падпарадкавацца Марыне. Маёй дачцэ».

Хлопец адчуў страшную спустошанасць, стомленасць. быццам ягонае цела развалілася па нябачных рубцах.

Холад. Усё ў пакоі было скавана нясцерпным холадам. У снежна-ледзяной Арктыцы, відаць, было значна цяплей, чым у гэтым пакойчыку. Сцены, падлога, шафы і стол, ложак — усё пакрылася варсістай шчэццю інею. «Мне трэба хоць трошкі ад цябе крыві. На той камень ты пырснеш гарачай і пахкай крыві. Я хачу, каб мой Дух знайшоў месца ў тваім целе. Ты тая пасудзіна, якую бярог я на выпадак сваёй смерці. I вось надышоў гэты час. Не бойся, зусім ненадоўга збіраюся пасяліцца я ў табе. Ды і перашкаджаць дужа не буду. Проста я яшчэ не ўсё закончыў на гэтым свеце. Не выканаў сваё прадвызначэнне. Ты — адзінае выйсце і выратаванне. Чакаю вас сёння на сваёй магіле. Цябе і Марыну. Памятай: паміж дванаццатай і гадзінай ночы. Не раней і не пазней. Толькі ў гэты прамежак. Толькі ў гэты час. Не шкадуй крыві для каменя. Я за ўсё адплачу шчодра. Вельмі шчодра. І не слухай больш нічыйго голасу. Нават голасу роднай маткі…»

Мроіва здані рассеялася. Ярчэй засвяцілася лямпачка пад столлю. У пакоі пацяплела. Гарачае паветра хлынула ў праём дзвярэй з вузкаватага калідорчыка прыхожай.

У Марыны дробненька трымцелі вусны. Здавалася, што яна вось-вось заплача. Але ж вочы былі надзіва калючыя і уедлівыя. Быццам дзяўчына хацела праняць Андрэя да касцей, да кожнага пазванка ў ягоным целе.

— Мы, я і ты, павінны паслухацца бацькі,— як праз сон дайшоў да хлопца Марынін голас.— Мой бацька ніколі не быў жміндай, пад ягонай магутнай рукой мы зможам з табою ісці па жыцці, як па бялюткім палатне, што разаслана на квяціста-кідкім лузе. Няўжо табе боязна схадзіць са мною на ягоную магілу, занесці камень з кроплямі тваёй крыві. Каб бацьку гэтага не трэба было — ён ніколі б не папрасіў. Ён гэтага не ўмее. Не ўмеў прасіць. Бо ніколі ні ў каго не нрасіў. Ён проста прыходзіў і браў сваё.

Андрэй адчуваў, як ягоныя стрыманасць і ўпартасць ціхенька-ціхенька плавяцца, што той воск пад настырным языком агню.

«Божа мой, няўжо нямашака паратунку? Дзе тая сіла, якая змагла б паставіць мяжу паміж дазволеным і не. Я доўга не вытрымаю…»

— Божа мой,— абрачона прашаптаў Андрэй уголас.

Марына ўсім целам напялася, што цеціва на татарскім луку.

Сінія жылкі на руках і шыі, скронях набрынялі і сталі падобныя да маладых лазовых пруткоў, што прыхоплены першым восеньскім марозікам. А вочы! Вочы дзве ледзяныя паняўкі на студзёнай гладзі возера.

— Гэта пустыя словы, Андрэй. Так вучыў мяне бацька. I ён правы,— голас у Марыны сталёвы,— бо памятаеш, як людзі яшчэ кажуць: на яго спадзявайся, але і сам не плашай. Пакуль у нас ёсць шанец — трэба выкарыстоўваць, не ўпускаць яго. Гэта бацькаў клопат пра мяне і цябе. I мы павінны ўхапіцца за магчымасць жыць па-людску, хапаць усімі зубамі, напоўніцу.

Андрэй пагаджаўся ў глыбіні свядомасці са словамі Марыны. Толькі вось душа і сэрца працівіліся, не давалі прабіцца да сябе голасу дзяўчыны.

«Маўчыце вы! Маўчыце! — крычаў мозг хлопца.— Што вы разумееце ў жыцці сённяшняга дня! Марына кажа праўду. Мне дадзена ў гэтым свеце жыць толькі аднойчы. I я хачу адчуць сябе чалавекам тут: мець грошы, не адмаўляць сабе не толькі ў простых запатрабаваннях, але, магчыма, ні ў чым — кахаць і быць каханым, не ведаць…»

«Паслухай, дай і нам сказаць,— нарэшце прабіўся ўнутраны,