Litvek - онлайн библиотека >> Клайв Стэйплз Льюіс >> Фэнтези: прочее и др. >> Конь і ягоны хлопчык

Клайв Стэйплз Льюіс Конь і ягоны хлопчык

1. УЦЁКІ

Гэта аповесць аб падзеях, якія здарыліся ў Нарніі і на Поўдзень ад яе тады, калі ёю кіравалі кароль Пітэр і яго брат, і дзве сястры.

У тыя дні, далёка на Поўдні, ля мора, жыў бедны рыбак па імені Аршыш, а з ім хлопчык па імені Шаста, які клікаў яго бацькам. Раніцай Аршыш выходзіў у мора лавіць рыбу, а днём запрагаў асла, клаў рыбу ў павозку і ехаў у бліжэйшую вёску гандляваць. Калі ён утаргоўваў шмат, ён вяртаўся ў добрым гумары і Шасту не чапаў; калі ўтаргоўваў мала, прыдзіраўся, як толькі мог, і нават біў хлопчыка. Прычапіцца было няцяжка, Шаста рабіў усё па хаце — праў і рамантаваў сеткі, кухарыў і прыбіраў.

Шаста ніколі не думаў пра тое, што ляжыць ад іх на Поўдзень; ён бываў з Аршышам у вёсцы, і яму там не падабалася. Ён бачыў такіх самых людзей, як яго бацька — у бруднай доўгай вопратцы, сандалях і цюрбанах, з бруднымі доўгімі бародамі, якія павольна тлумачылі аб вельмі нудных справах. Затое яго жыва займала ўсё, што ляжыць на Поўнач; але туды яго не пускалі. Рамантуючы на парозе сеткі, ён са смуткам глядзеў на Поўнач, але бачыў толькі схіл узгорка і неба, і рэдкіх птушак.

Калі Аршыш сядзеў дома, Шаста пытаўся: «Бацька, што там, за ўзгоркам?» Калі Аршыш злаваўся, ён драў яго за вушы, калі ж быў спакойны, адказваў: «Сын мой, не думай аб пустым. Як сказаў мудрэц, стараннасць — корань поспеху, а тыя, хто задаюць пустыя пытанні, вядуць карабель глупства на рыфы няўдачы».

Шасце здавалася, што за ўзгоркам — нейкая дзівосная таямніца, якую бацька пакуль хавае ад яго. На самой справе рыбак гаварыў так, бо не ведаў, ды і ведаць не жадаў, якія землі ляжаць на Поўначы. У яго быў практычны розум.

Аднойчы з Поўдня прыбыў незнаёмец, зусім іншы, чым тыя, каго бачыў Шаста да гэтага часу. Ён сядзеў на выдатным кані, і сядло яго зіхацела срэбрам. Зіхацелі і кальчуга, і вастрыё шалома, якое тырчала над цюрбанам. На баку яго вісеў ятаган, спіну прыкрываў медны шчыт, у руцэ была дзіда. Незнаёмец быў цёмны тварам, але Шаста прывык да цемнатварых, здзівіла яго іншае: барада, пафарбаваная ў пунсовы колер, вілася кольцамі і блішчала ад духмянага алея. Аршыш зразумеў, што гэта — тархан, гэта значыць вяльможа, і схіліўся да зямлі, неўзаметку паказваючы Шасце, каб і той схіліў калені.

Незнаёмец папрасіў начлегу на адну ноч, і Аршыш не адважыўся адмовіць яму. Усё лепшае, што было ў хаце, гаспадар паставіў перад ім, а хлопчыку (так заўсёды бывала, калі прыходзілі госці) даў кавалак хлеба і выгнаў на двор. У такіх выпадках Шаста спаў з аслом, у хлеве; але было яшчэ рана і, паколькі ніхто ніколі не казаў яму, што нельга падслухоўваць, ён сеў ля самай сцяны.

— О, гаспадар! — прамовіў тархан. — Мне заўгодна купіць у цябе гэтага хлопчыка.

— О, спадар мой! — адказаў рыбак, і Шаста адгадаў па яго голасе, што вочкі ў яго бліснулі. — Як прадам я, твой верны раб, свайго ўласнага сына? Хіба не сказаў паэт: «Моцная, як смерць, бацькоўская любоў, а сыны даражэй, чым дыяменты?»

— Магчыма, — суха вымавіў тархан, — але іншы паэт казаў: «Хто хоча госця падмануць — падлей, чым гіена». Не апаганьвай хлуснёй свае вусны. Ён табе не сын, бо ты цёмны тварам, а ён светлы і белы, як праклятыя, але прыгожыя бязбожнікі з Поўначы.

— Даўно сказаў хтосьці, — адказваў рыбак, — што вока мудрасці вастрэй дзіды! Ведай жа, о мой высакародны госць, што я, з беднасці сваёй, ніколі не быў жанаты. Але ў год, калі Тысрок (хай жыве ён вечна) пачаў сваё вялікае і блаславёнае валадаранне, у ноч поўні, багі пазбавілі мяне сну. Я ўстаў з ложка і выйшаў паглядзець на месяц. Раптам пачуўся плёскат вады, нібы нехта веславаў вёсламі, і слабы крык. Крыху пазней прыліў прыбіў да берага маленькую лодку, у якой ляжаў усушаны голадам чалавек. Мабыць, ён толькі што памёр, бо ён яшчэ не астыў, а побач з ім была пустая пасудзіна і жывое немаўля. Успомніўшы аб тым, што багі не пакідаюць без узнагароды добрую справу, я праслязіўся, бо раб твой мяккасардэчны, і…

— Не хвалі сябе, — перапыніў яго тархан. — Ты ўзяў немаўля, і ён адпрацаваў табе ў дзесяць разоў тваю бедную ежу. Цяпер скажы мне цану, бо я стаміўся ад твайго пустамоўя.

— Ты мудра заўважыў, спадар, — сказаў рыбак, — што праца яго выгадна мне. Калі я прадам гэтага хлопчыка, я павінен купіць ці наняць іншага.

— Даю табе пятнаццаць паўмесяцаў, — сказаў тархан.

— Пятнаццаць! — завыў Аршыш. — Пятнаццаць манет за асалоду маіх вачэй і апору маёй старасці! Не смейся з мяне, я сівы. Мой кошт — семдзесят паўмесяцаў.

Тут Шаста падняўся і ціха сышоў. Ён ведаў, як людзі таргуюцца. Ён ведаў, што Аршыш выручыць за яго больш за пятнаццаць манет, але менш за семдзесят, і што спрэчка працягнецца не адну гадзіну.

Не думайце, што Шаста адчуваў тое самае, што адчулі б мы, калі б нашыя бацькі вырашылі нас прадаць. Жыццё яго было не лепшае за рабства, і тархан мог аказацца дабрэйшым, чым Аршыш. Да таго ж, ён вельмі ўзрадаваўся, даведаўшыся пра сваю гісторыю. Ён часта бедаваў раней, што не можа любіць рыбака, і калі зразумеў, што той яму чужы, з душы яго ўпаў цяжкі цяжар. «Напэўна, я сын якога-небудзь тархана, — думаў ён, — ці Тысрока (хай жыве ён вечна), а то і бога!»

Так думаў ён, стоячы перад халупай, а змярканне згушчалася, і рэдкія зоры ўжо зіхацелі на небе, хаця ля заходняга краю яно адлівала барвянцам. Конь прышэльца, прывязаны да слупа, мірна скуб траву. Шаста пагладзіў яго па карку, але конь не звярнуў увагі.

І Шаста падумаў: «Хто яго ведае, які ён, гэты тархан!»

— Добра, калі ён добры, — працягваў ён услых. — У некаторых тарханаў рабы носяць шаўковую вопратку і кожны дзень ядуць мяса. Можа, ён возьме мяне ў паход, і я выратую яму жыццё, і ён вызваліць мяне, і ўсынавіць, і падорыць палац… А раптам ён жорсткі? Тады ён закуе мяне ў ланцугі. Як бы даведацца? Конь ведае, ды не скажа.

Конь падняў галаву, і Шаста пагладзіў яго аксамітны нос.

— Ах, умеў бы ты гаварыць! — усклікнуў ён.

— Я ўмею, — ціха, але выразна адказваў конь.

Думаючы, што гэта яму сніцца, Шаста ўсё ж такі крыкнуў:

— Быць таго не можа!

— Цішэй! — сказаў конь. — На маёй радзіме ёсць гаваркія жывёлы.

— Дзе гэта? — спытаў Шаста.

— У Нарніі, — адказваў конь.

— Мяне скралі, — расказваў конь, калі абодва яны супакоіліся. — Калі хочаш, узялі ў палон. Я быў тады жарабём, і маці забараняла мне ўцякаць далёка на Поўдзень, але я не слухаўся. І паплаціўся ж я за гэта, бачыць Леў! Шмат гадоў я служу злым людзям, прыкідваючыся тупым і нямым, як іхнія коні.

— Чаму ж ты ім не прызнаешся?

— Не такі я дурань! Яны будуць паказваць мяне на кірмашах і пільнаваць яшчэ мацней. Але пакінем пустыя размовы. Ты хочаш ведаць, які мой гаспадар