Litvek - онлайн библиотека >> Клайв Стэйплз Льюіс >> Фэнтези: прочее и др. >> Конь і ягоны хлопчык >> страница 3
хваляў. Шаста ніколі не глядзеў на яго зверху, і не ўяўляў, якое яно вялікае і рознакаляровае. Бераг ішоў направа і налева, белая пена кіпела ля скал, дзень быў ясны, сонца зіхацела. Асабліва ўразіла Шасту тутэйшае паветра. Ён доўга не мог зразумець, чаго ж не хапае, пакуль не здагадаўся, што няма галоўнага — паху рыбы. (Бо там — і ў халупе, і каля сетак — рыбай пахла заўсёды, колькі ён сябе памятаў.) Гэта яму вельмі спадабалася, і ранейшае жыццё здалося даўнім сном. Ад радасці ён забыўся пра тое, як баліць усё цела і спытаў:

— Ты нешта сказаў наконт сняданку?

— Так, — адказаў конь, — паглядзі ў торбах. Ты іх павесіў на дрэва ноччу… не, хутчэй пад раніцу.

Ён паглядзеў і знайшоў шмат добрага: зусім свежы пірог з мясам, кавалак авечага сыру, жменьку сушаных фіг, плоскую пляшачку з віном і кашалёк з грашыма. Гэтулькі грошай — сорак паўмесяцаў — ён ніколі яшчэ не бачыў.

Потым ён асцярожна сеў ля дрэва, прыхінуўся спінаю да ствала і ўзяўся за пірог; конь тым часам скуб траву.

— А мы можам узяць гэтыя грошы? — спытаў Шаста. — Гэта не крадзеж?

— Як табе сказаць, — адказваў конь, пражоўваючы траву. — Вядома, вольныя гаваркія жывёлы красці не павінны, але гэта… Мы з табой уцяклі з палону, мы — на чужыне, грошы — наша здабыча. І потым, без іх не пракормішся. Наколькі мне вядома, вы, людзі, не ясце травы і аўса.

— Не ядзім.

— А ты спрабаваў?

— Так, здаралася. Не, не магу. І ты б не мог на маім месцы.

— Дзіўныя вы стварэнні, — заўважыў конь.

Пакуль Шаста даядаў лепшае снеданне ў сваім жыцці, сябар яго сказаў: «Ану, пакатаюся, балазе — без сядла!..» Лёг дагары нагамі і пачаў катацца па зямлі, прыгаворваючы:

— Ах, добра! Спіну пачухаеш, нагамі памахаеш. Пакатайся і ты, адразу лягчэй стане.

Але Шаста засмяяўся і сказаў:

— Які ты смешны, калі ляжыш на спіне!

— Нічога падобнага! — адказаў конь, але тут жа лёг на бок і дадаў не без спалоху: — Няўжо смешны?

— Так, — адказваў Шаста. — Ну і што?

— А раптам гаваркія коні так не робяць? — перапалохаўся конь. — Я ж навучыўся ў нямых дурных коней… Які жах! Прыскачу ў Нарнію, і апынецца, што я не ўмею сябе паводзіць. Як ты думаеш, Шаста? Не, сапраўды. Я не пакрыўджуся. Сапраўдныя, вольныя коні… гаваркія… яны катаюцца?

— Адкуль жа мне ведаць? Я б на тваім месцы пра гэта не думаў. Прыедзем — убачым. Ты ведаеш дарогу?

— Да Ташбаана — ведаю. Пасля дарогі няма, там вялікая пустыня. Нічога, ты не бойся, адолеем! Нам будуць бачныя горы, ты падумай, паўночныя горы! За імі Нарніі! Толькі б прайсці Ташбаан! Ад гарадоў трэба трымацца далей.

— Абысці яго нельга?

— Тады давядзецца моцна кружыць, баюся заблукаць. У глыбіні краіны — вялікія дарогі, апрацаваныя землі… Не, пойдзем уздоўж берага. Тут няма нікога, акрамя авечак, трусоў і чаек, хіба пастух-другі. Што ж, рушым?

Шаста асядлаў каня і з цяжкасцю сеў у сядло, ногі ў яго вельмі балелі, але Ігага пашкадаваў яго і да самага змяркання ішоў крокам. Калі ўжо цямнела, яны спусціліся па сцежках у даліну і ўбачылі паселішча. Шаста спешыўся і купіў там хлеба, цыбулі і радыскі, а конь, абмінуўшы паселішча, спыніўся далей, у полі. Праз два дні яны зноў так зрабілі, і праз чатыры — таксама.

Усе гэтыя дні Шаста ўпіваўся асалодай. Ногі і рукі балелі ўсё менш. Конь запэўніваў, што ён сядзіць у сядле, як мяшок («Сорам, калі нас убачаць!» — казаў ён), але настаўнікам быў цярплівым — ніхто не навучыць ездзіць верхам лепш за самага каня. Шаста ўжо не баяўся рысі і не падаў, калі конь спыняўся з разбегу або нечакана кідаўся ўбок (Ігага казаў, што так часта робяць у бітве). Вядома ж, Шаста прасіў, каб конь расказаў яму пра тое, як змагаўся разам з тарханам; і той расказваў, як яны пераходзілі ўброд рэкі, і доўга ішлі без адпачынку, і біліся з варожым войскам; баявыя коні, самай лепшай крыві, б'юцца не горш за ваяроў: кусаюцца, брыкаюцца, і ўмеюць, калі трэба, павярнуцца так, каб вершнік лепей ударыў ворага мячом або баявой сякерай. Але расказваў ён радзей, чым Шаста пра тое прасіў.

— А, не трэба аб гэтым размаўляць, — казаў ён, — ваяваў я па волі Тысрока, нібыта раб ці нямы конь. Вось у Нарніі, сярод сваіх, я буду ваяваць, як вольны! За Нарнію! О-го-го-го-о!

Неўзабаве Шаста зразумеў, што пасля такіх прамоў конь пускаецца ў галоп.

Ужо не адзін тыдзень рухаліся яны ўздоўж мора і бачылі больш бухтачак, рэчак і паселішчаў, чым Шаста мог запомніць. Аднойчы, у месячную ноч, яны не спалі, бо выспаліся днём, у дарогу выйшлі пад вечар. Пакінуўшы ззаду ўзгоркі, яны перасякалі раўніны. Злева, за паўмілі, быў лес. Мора ляжала справа, за нізкай пясчанай выдмай. Конь то ішоў крокам, то пускаўся рыссю, але раптам ён рэзка спыніўся.

— Што там? — спытаў Шаста.

— Ціш-ш! — сказаў конь, насцярожыўшы вушы. — Ты нічога не чуў? Слухай!

— Як быццам конь, да лесу бліжэй, — сказаў Шаста, паслухаўшы з хвілінку.

— Так, гэта конь, — сказаў конь. — Ах, нядобра!..

— Ну што такога, селянін едзе! — сказаў Шаста.

— Сяляне так не ездзяць, — запярэчыў Ігага, — і коні ў іх не такія. Няўжо не чуеш? Гэта сапраўдны конь і сапраўдны тархан. Не, не конь… занадта лёгка ідзе… так, так… Гэта найпрыгажэйшая кабыла.

— Што ж, зараз яна спынілася, — сказаў Шаста.

— Так, — сказаў конь. — А чаму? Бо і мы спыніліся… Сябар мой, нехта высачыў нас.

— Што ж нам рабіць? — ціха спытаў Шаста. — Як ты думаеш, яны нас бачаць?

— Не, занадта цёмна, — сказаў конь. — Глядзі, вунь хмара! Калі яна закрые месяц, мы як мага цішэй рушым да мора. Калі што, выдмы нас схаваюць.

Яны пачакалі, і спачатку — крокам, потым лёгкай рыссю рушылі на бераг. Але хмара была вельмі цёмная, а мора ўсё не паказвалася. Шаста падумаў: «Напэўна, мы ўжо праехалі выдмы», як раптам сэрца ў яго звалілася: адтуль, спераду, пачулася доўгі, тужлівы, жудасны рык. У той жа момант конь павярнуў і панёсся стрымгалоў да лесу, ад берага.

— Што гэта? — ледзь вымавіў Шаста.

— Ільвы! — на скаку адказваў конь, не паварочваючыся. Пасля гэтага абодва маўчалі, пакуль перад імі не бліснула вада. Конь перайшоў уброд шырокую плыткую рэчку і спыніўся. Ён увесь спацеў і моцна дрыжаў.

— Цяпер не ўнюхаюць, — сказаў конь, крыху аддыхаўшыся. — Вада адбівае пах. Пройдземся крыху.

Пакуль яны ішлі, ён сказаў:

— Шаста, мне вельмі сорамна. Я перапалохаўся, як нямы тархістанскі конь. Так, я не варты называцца гаваркім канём. Я не баюся мячоў і дзід, і стрэл, але гэта… гэта… Ану, прабягуся я рыссю.

Але рыссю ён бег нядоўга; ужо праз хвіліну ён пусціўся галопам, што нядзіўна, бо зусім блізка пачуўся глухі роў, на гэты раз — злева, з лесу.

— Яшчэ адзін, — прамовіў ён на скаку.

— Гэй, слухай, — крыкнуў Шаста, — той конь таксама