Litvek - онлайн библиотека >> Алесь Савіцкі >> Детские стихи >> Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка >> страница 5
гарлачыка. Лісток, вядома, сагнуўся, бацька зваліўся з яго і тыцнуўся носам у тоўсты корань чараціны.

— Ты што, страціла розум ад радасці?! — закрычаў татка.— Зараз я прачышчу тваю неразумную мазгаўню!

Гнеўнае бацькава абяцанне, помніцца, матулю не дужа напалохала. Дакладней, яна паставілася да яго абыякава.

Матуля — ёй карцела, каб усе ў сажалцы ведалі пра мой розум і кемлівасць! — праплыла каля чаратоў, дзе ў гэты час было поўна карасёў. Бацька не кінуўся наўздагон толькі таму, што прыкмеціў тонкую блакітную страказу. Страказу скінула ў ваду тая ж самая хваля, што пакацілася па сажалцы, калі мая матуля пляснула хвастом па жоўтым сонечным гарлачыку.

Павінен сказаць, што бацька быў усхваляваны і таму не адразу здолеў ухапіць страказу, якая махала крыльцамі і спрабавала ўзляцець. Калі ж гэта яму ўдалося, ён з ходу торкнуў яе мне ў рот, нічога не гаворачы.

Каляныя вострыя вусікі страказы ледзь не прапаролі мне правае вока. Яно, мажліва, гэтак бы і адбылося, каб не мая матуля. За той кароткі час, што бацька лавіў страказу, маці паспела праплысці ўсю сажалку з канца ў канец і пратрубіць усім малым і вялікім яе жыхарам пра маё нараджэнне. Яна, вядома, не пашкадавала самых прыгожых слоў, і таму цяпер за ёю следам шнуравала плойма блізкіх і далёкіх сваякоў. Іх было шмат, і яны сталі сведкамі трагічных падзей, што потым абрынуліся не толькі на маіх бацькоў.

— Вы толькі зірніце на яго,— матуля выхапіла ў мяне блакітную страказу, праглынула яе і задаволена паварушыла плаўнікамі.— Совае ў рот дзіцёнку гэткае непрыдатнае ежыва! I замест таго каб парадавацца розуму дзіцёнка і маёй радасці, ён яшчэ гразіўся, добрыя мае сваякі, зусім непрыстойна: пачышчу, маўляў, тваю неразумную мазгаўню. Дык каму, добрыя мае карасі, трэба чысціць мазгаўню? Скажыце, калі ласка, і хай яму будзе сорамна!

Не ўсе, аднак, ухвалілі словы маёй матулі. Дванаццаць — добра гэта памятаю! — старых карасёў адразу згуртаваліся вакол бацькі. Яны гэтак імпэтна плямкалі губамі і варушылі плаўнікамі, што са дна ўзнялася хмара шэрага глею. Я адразу сцяміў, што малому няма аніякай патрэбы прысутнічаць там, дзе дарослыя вырашаюць свае праблемы. Таму я адплыў у засень тоўстай чараціны, спавітай жаўтлявымі водарасцямі, і адтуль назіраў за тым, як разгортваюцца падзеі.

Маці даводзіла сваё, татка ёй пахмура пярэчыў, і мне няёмка было назіраць за іхняй сваркай. Але гэта было цікава. Тым не менш я перасіліў сваю цікаўнасць і адплыў падалей. Зрабіў гэта свядома, што, як вы бачыце, ужо тады сведчыла пра мой розум і іншыя здольнасці, якія спрыяюць разумовай дзейнасці.

Гэта, між іншым, мяне і ўратавала. Занятыя нікчэмнай, на мой цяперашні розум, сваркаю, бацькі начыста страцілі пільнасць і не заўважылі ў час небяспеку. Нейкі хітры рыбак прыкмеціў, як віруе вада, і закінуў квадрат­ную сетачку. Мае бацькі і дванаццаць сваякоў апынуліся ў той сетачцы і зніклі назаўсёды.

Мяне выхоўваў мой родны дзядзька, стары карась з падрапанай шчупаком хрыбцінаю, які, дарэчы, з той сеткі выслізнуў. Падрапаная дзядзькава спіна мяне напачатку палохала. Але потым я яе і не заўважаў, быў у захапленні ад яго жыццёвай мудрасці. Ён развіў мой розум, навучыў спасцігаць высокае мастацтва, асабліва паэзію.

— Я люблю ў затоках гразь.
А імя маё — карась.
У гразі, на самым дне,
Шчупакі не страшны мне.
Ён часцяком чытаў мне гэты верш, у якім адлюстравана галоўная мудрасць карасёвага жыцця: трымайся дна, дзе гразь, бо ў ёй, у гразі, не прападзеш. Яшчэ дзядзька гаварыў: падалей трымайся ад дарослых, якія з-за нечага чубяцца. Нават калі тая сварка цікавая і вабіць — падалей станавіся!

Я спасціг гэтую мудрасць і разумную параду адразу, чаго, на вялікі жаль, нельга сказаць пра нашага Бубліка. Пяць разоў я чытаў яму той геніяльны верш і гэтулькі ж разоў казаў пра галоўную мудрасць карасёвага жыцця. Але цвёрдай лініі наконт гэтага ў Бублікавай галаве пакуль што не ўсталявалася, і паводзіны яго мяне палохаюць усё больш і больш.

«На сонейку лепей, чымся «ў гразі, на самым дне...»

Бублік гэта гаворыць зацята, калі чуе мае павучанні, I, як ні дзіўна, мая карасіха бярэ ягоны бок. «Супакойся, стары, супакойся,— гэтак заўсёды перапыняе яна мяне.— Неўзабаве Бублік у школу пойдзе, тамака і глыне мудрасці. Пакуль жа хай нацешыцца воляй»!

О воля, воля!

Ды чаго яна вартая, тая воля, калі розуму ў галаве няма? А ў нашага Бубліка ў галаве замест розуму пакуль што вадзіца светленькая бруіцца

— Мяне гэта дужа трывожыць. Але і я таксама ўскладаю вялікія надзеі на той час, калі Бублік трапіць пад уладу школьнай дысцыпліны і парадку. Да навукі, як я заўважаю, ён здатны. I настаўнікаў, з якімі ёй сустрэнецца ў верасні, ведаю: кожны з іх — узор сціпласці, прыстойных паводзін і асцярожлівасці. I мудрасці карасёвага жыцця не па кніжках ведаюць: большасць з іх і ў сетках пабылі, і на вострых рыбацкіх кручках пабоўталіся, і верш, які Бублік, па дурноце сваёй, не цэніць ані, лічаць, як і я, вяршыняю сапраўднай паэзіі.

Мая спадзяванка на іхнюю мудрасць, на веды, што ёсць у кніжках, вялікіх і малых.

НА ЛЕКЦЫІ

На пясчаным дне сажалкі ляжаў пляскаты, рудаваты ад глею граніт. Вакол яго ланцужком стаялі бутэлькі, розныя па форме, памерах і колеру. Карасікі са здзіўленнем і цікавасцю разглядалі іх, і лектар Гарбок, самы мудры карась Рудога блінца, быў задаволены: сабраліся слухачы дружна, безудзельных, здаецца, няма, усе пазіраюць на бутэлькі з жаданнем нешта ўведаць, пра нешта дазнацца. Калі Гарбок бачыў такіх слухачоў, дык у яго на сэрцы заўсёды рабілася светла: не ў руды глей трапяць ягоныя словы жыццёвай мудрасці і засцярогі, а ў цікаўныя маладыя душы.

Гарбок — яго ў Рудым блінцы ведалі ўсе! — да кожнай лекцыі рыхтаваўся старанна. Абраны летась старшынёю Таварыства барацьбы з кручкамі і іншымі рыбацкімі прыладамі, ён з павагаю і адказнасцю ставіўся да сваёй пасады і, мажліва, лепш за ўсіх разумеў, якую бяду тоіць у сабе непрадбачаная паваротка ў жыцці Рудога блінца.

Справа ў тым, што ў апошнія гады, асабліва ў летні час, болей за ўсё па суботах і нядзелях, да сажалкі пачалі падкатваць табуны дзіўных рыбакоў. У іх былі і вуды, і сеткі, і падхватнікі з тонкіх капронавых нітак. Але вялікай бяды тыя прылады карасям не чынілі: вуды закідваліся ў ваду неахайна, чарвякі чапляліся абыяк, і кручок можна было заўважыць здаля. Перакручаныя і блага распраўленыя сеткі таксама цягаліся неахайна, ратавацца ад іх было не так і складана.

Галоўная небяспека і бяда таілася ў бутэльках, якія рыбакі, папярэдне выжлукціўшы з іх пітво, кідалі ў сажалку. Рэштка атрутнага рэчыва з іх