рэзка і моцна шмаргануў вуду, што кручок слізгануў па хвасце Кропелькі і ледзь не нарабіў вялікай бяды.
Вясёлы настрой, аднак, не знікаў.
— Пакінь сабе гэтыя калготкі, Кропелька. На памяць пра тое, што кручок хвост табе не падрапаў.
— Давайце аддадзім іх Гарбку. У музей бутэлек,— весела адгукнулася на Бублікаў жарт Кропелька.— Няхай пачэпіць іх на блакітную бутэльку!
— Ці не зарана мы развесяліліся? — занепакоілася Саша.— Каб жа разам з гэтымі калготкамі і некаму з нас на бераг не шуснуць. Зірні, Бублік, што там, наверсе!
У кутку Хлебнай затокі, за сцяной чароту, горбіўся нейкі рыбак. Калі сябры пераплылі затоку і наблізіліся дазялёнай сцяны, рыбак паклаў вуду на сагнутыя чараціны, закурыў.
— Тое, што нам і трэба,— ажывіўся Бублік.— О! У яго ж тут ажно два кручочкі!
Левы калготак пачапілі на левы кручок, на правы прымайстравалі правы, яшчэ і патузалі, каб пераканацца, што зроблена надзейна.
— Прыгожыя калготы,— зазначыла Кропелька.— Пакуль мы іх цягалі па вадзе, дык яны добра памыліся і яшчэ больш блакітныя зрабіліся.
— Блакітны будзе салют,— засмяяўся Бублік.— Цяпер можна, Саша, і пасмяяцца ад душы. Пачапілі як мае быць. А я яшчэ і патузаю іх...
Ён злёгку патузаў правую калготку, лёска напялася. Гэты рух лёскі і паплаўка не застаўся па-за ўвагаю рыбака. Ён ціхенька пацягнуў вуду, і калготкі, быццам блакітны самалёцік, павольна паплылі ўгору. Калі яны павіслі ў паветры, з іх цурком бегла вада, і над чаратамі зазіхацела маленькая, але дзівосная вясёлка.
— Сто добрых спраў і блакітныя калготкі,— закрычаў Бублік.
— Сто добрых спраў і вясёлка,— засмяялася Кропелька.
— Сто добрых спраў зроблена,— сказала Саша ўзнёсла.— Ажно і не верыцца. Быццам у нейкай дзівоснай і цудоўнай казцы!..
I ў той жа міг яна адчула, што вада расступаецца, што чараты імкліва набліжаюцца да яе і што яна некуды ляціць праз шырокую вясёлку. Вачам ажно балюча было глядзець на гэтыя дзівосныя пералівы чырвонага, аранжавага, жоўтага, зялёнага, сіняга і фіялетавага святла, і яна міжнольна заплюшчыла вочы.
Калі Саша адплюшчыла вочы, яна доўга са здзіўленнем азіралася наўкола, не разумеючы напачаку, што ж адбылося. Дзе Бублік? Дзе Кропелька? I адкуль тут гэты затравелы пагорачак на беразе сажалкі?.. Дужа ж знаёмы пагорачак! I дужа знаёмы, нібы сагнуты і разадраны напалам лісток трыпутніку! I дужа знаёмы вялікі чорны жук з маленькай малінавай пацеркаю над чорнымі стрэлкамі доўгіх вусоў!..
— О-ой, каго бачу я! — войкнула Саша і зарадавалася.— Вадзянік Малінавая пацерка! Няўжо гэта вы?
— Так, гэта я і ёсць,— важна адказаў вадзянік Малінавая пацерка.— Ты тады не пачула, што я казаў табе. Ты так захапілася малінавай пацеркаю, што не звярнула ўвагі на мае словы. А я сказаў табе, што калі зробіш сто добрых спраў, чары маёй пацеркі скончацца і ты апынешся на ранейшым месцы!
— Дык я ж зрабіла сто добрых спраў,— выгукнула Саша.— Мы з Бублікам і Кропелькаю іх зрабілі.
— Я гэта ведаю,— сказаў вадзянік Малінавая пацерка.— I таму ты зноў дзяўчынка Саша, а не маленькі залацісты карасік. I таму ў мяне, як бачыш, ёсць новая малінавая пацерка. Праўда, з кожным разам яна робіцца меншая і меншая...
— Ой, дарагі вадзянік! Дай мне хутчэй малінавую пацерку,— папрасіла Саша.— У мяне поўна новых жаданняў!
Вадзянік расправіў крылцы, узляцеў на доўгую зялёную шаблю аеру. Аер гайдаўся, і малінавая пацерка зіхацела ўсімі колерамі вясёлкі.
— Не магу я табе аддаць яе, хоць ты і ўратавала мне жыццё. Каб ты не зрабіла сёлета сто добрых спраў, дык я з'явіўся б тут толькі праз сто гадоў. Разумееш, Сашачка, якую ты вялікаю справу зрабіла, хоць ты зусім маленькая дзяўчынка?
— Я разумею,— сказала сумна Саша.— Але мне патрэбна малінавая пацерка. Я не паспела развітацца з сябрамі. I Бублік яшчэ не праспяваў мне сваю песню. Кропелька казала, што песня дужа прыгожая...
Вадзянік Малінавая пацерка паглядзеў на Хлебную затоку, спытаў неяк крыху здзіўлена:
— Няўжо ты не бачыш і не чуеш? Твае сябры развітваюцца з табой. I Кропелька, і Бублік, і ўсе маленькія карасікі Рудога блінца. Развітваюцца і гавораць табе шчырае дзякуй. I спяваюць табе песню, якую ты не паспела пачуць, калі плавала ў Хлебнай затоцы. Прыслухайся, гэта ж іхнія галасы гучаць!..
У пошуме асакі, што трымцела ад павеваў цёплага ветру, Саша і сапраўды нечакана пачула галасы Кропелькі і Бубліка. Ей зрабілася дужа сумна і маркотна, і вадзянік Малінавая пацерка гэта заўважыў. Усё гэтак жа гайдаючыся на зялёнай шаблі аеру, ён прамовіў ціха і павучальна, і голас ягоны быў чамусьці падобны на матчын:
— Новыя свае жаданні ты цяпер ажыццявіш і без дапамогі малінавай пацеркі. Ты цяпер ужо зусім іншая дзяўчынка, не тая, якая была. Сто добрых спраў змянілі тваю душу, сэрца і розум. Ты цяпер будзеш рабіць толькі добрыя справы. А каб рабіць добрыя справы, на зямлі аніякія чары не патрэбны. Адно толькі неабходна: ахвота рабіць іх павінна заўсёды жыць у душы!
— Значыцца, ты не дасі мне малінавую пацерку, дарагі і шаноўны вадзянік?
— Каб і хацеў, дык тое ўжо не ў маіх сілах,— адказаў Сашы вадзянік Малінавая пацерка.— Я паабяцаў яе аднаму першакласніку. Слова дадзена — трэба яго выконваць. Даць слова, а потым яго не стрымаць — гэта чорная здрада. Праўда ж?
— Так, вядома,— сказала Саша.
— А хлопчык, пра якога я кажу, трапіў у бяду. I ён чакае мяне. Малінавая пацерка, спадзяюся, дапаможа, ўратуе і яго. Дык што яшчэ сказаць на развітанне? Бывай, слаўная і працавітая дзяўчынка Саша! I хай шчасціць тваім працавітым сябрам — Бубліку і Кропельцы. А Рудому блінцу, лічы, пашчасціла ўжо!
Вадзянік Малінавая пацерка расправіў крылцы, і яны зіхотка бліснулі ў блакітнай высі. Саша глядзела, як растаюць у дрыготкім мроіве абрысы чорных крылцаў, як гусцее малінавы бляск над жаўтлявай ад кветак лугавінай за сажалкай, як над раскалыханымі ветрам бярозамі трымціць вялізнае кола сляпучага сонца, і слухала дзівосную мелодыю, што невядома адкуль выплывала і поўніла ўсё наваколле.
У Хлебнай затоцы, ахопленай зялёнай падковаю аеру, асакі і чароту, выскоквалі і плюхаліся пад трыснёг, у зіхоткае рабацінне карасікі, і вада па ўсім Рудым блінцы зіхацела, нібыта была ўся залачоная ад паверхні да самага дна.