Litvek - онлайн библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты >> страница 18
дык што ж вы рабіць будзеце? — захваляваўся Змітрок. — У горад вам не хочацца, з новымі гаспадарамі жыць не збіраецеся... А калі размовы пра продаж хаты не пустыя, што тады рабіць?

— Я ўжо надумаў. На балота пайду, да вадзяніка. Іх людзі таксама крыўдзяць, меліярацыяй нішчаць. Але пакуль трываць можна. Здыму кут пад якім карчом, дзе сушэй. Неяк будзе... Можа, дачакаюся той пары, як ты вырасцеш, хату тут новую справіш. А можа, гэту адкупіш, да ладу давядзеш. Вось тады і перайду з балота зноў у падпечак. Толькі не забудзься — печ абавязкова стаў добрую. Хата без печы — што ежа без солі. Маладыя такой выгоды не разумеюць, на электрычнасць спадзяюцца, на цэнтральнае ацяпленне... А ты мяне слухай — з печчу ў хаце незалежным гаспадаром будзеш. Толькі не лянуйся дровамі запасціся — і не трэба баяцца, што газ не дадуць ці ток не пусцяць...

Суніцы ў слоіку закончыліся. Адправіўшы ў рот апошнюю жменю духмяных ягад, дзядок задаволена крэкнуў:

— Дзякуй, Змітрок! Пацешыў старога! Даўно я так смачна не еў. Усё аб калодзежнай вадзе ды сухіх скарынках. А пасля тваіх суніц жыць павесялела. Слухаў ты мяне ўважліва — малайчына, выхаваны. Маладзенькі ты яшчэ, усё жыццё наперадзе. Запомніш маю навуку — не будзеш бедаваць. Я буду чакаць твайго прыезду. Пажывеш — пабачыш: нідзе вы ад вёскі не дзенецеся, будзеце тут некалі ад гарадскіх стрэсаў ратавацца. Цяпер жа — бывай. Пра адно папрашу — маўчы пра нашу сустрэчу. Людзі цяпер хцівыя на розныя дзівосы. Даведаюцца пра мяне — назавуць анамальнай з’явай, пачнуць тут сноўдацца, пазбавяць спакою. Ці хатку пашкодзяць... А мне ні тое, ні другое не патрэбна. Можа, яшчэ і новых гаспадароў тут не будзе, дажыву свой век у родных сценах.

Уздыхнуў дзядок, шапку задам наперад перавярнуў — і знік, як і не было яго. Змітрок яшчэ ад неспадзяванай сустрэчы апомніцца не паспеў, як, на табе, маеш другую нечаканасць. Думай цяпер, прыснілася ўсё ці на самай справе з хатнікам размаўляў?

Падышоў хлопчык да акна, глянуў праз яго ў святліцу — і адхіснуўся. Нібы ў вочы тужлівай таямніцы зазірнуў, падгледзеў, як гуляе яна з пакінутымі цацкамі, гартае старонкі адсырэлых кніжак, адпачывае, гаротная, на мяккіх пярынах нікому не патрэбнага ложка...

Не стаў Змітрок больш у акно пазіраць. Узяў пусты слоік, паставіў на ўслончык ля калодзежа кубак. Асцярожна ступаючы, дайшоў па сцежцы да веснічак і шчыльна прычыніў іх за сабой. Памахаў рукой хатцы і паабяцаў да яе наведвацца, дзядку суніцы і малачко пакідаць. І падумаць пра таямніцу, давераную яму хатнікам,— важную, пра якую ні ў адной казцы не пачуеш.

Пакінутае дзіця

Як ілгуць маленькім дзецям, калі кажуць, што іх скінулі ў двор, кружачы над хатай, буслы. Або што іх знайшлі ў капусце.

Дзіця — не пустазелле, каб расці сярод качаноў на градках.

І не жабка, каб яго ў дзюбе насіў бусел.

Ведай, мой дарагі, што дзяцей на Зямлю адпраўляе сам Бог. У чароўна прыгожай краіне жывуць яны, пакуль не пакліча іх на Зямлю каханне мамы і таты.

Недзе высока-высока над аблокамі раскінулася гэта чароўная краіна. Мы з табой пакуль не можам яе ўбачыць, бо яна шчыльна захінутая ад людскіх вачэй. Ні адна птушка не можа даляцець да яе, ні адзін самы хуткі самалёт. Там бруяцца крыштальна чыстыя рэкі, квітнеюць нябачнай прыгажосці кветкі і растуць магутныя дрэвы. На смарагдавых лугах гуляюць разам ільвы і лані. Рыбы выходзяць пашпацыраваць на бераг, прыкрыўшыся парасонамі ад яркага сонца. І ні адна кошка нават не падумае схапіць на абед каторую, бо тут ніхто нікога не тое што не есць, а нават не крыўдзіць. Ніколі.

А якое там паветра! Дыхнеш — і смачней, чым самых салодкіх ласункаў паясі, такое яно чыстае і жыватворнае.

Вось там, у гэтай краіне, у сонечнай Даліне Шчасця, жывуць маленькія дзеткі, чакаючы сваёй сустрэчы з Зямлёй.

Не думай, што яны толькі тое і робяць, што забаўляюцца, ці, больш таго, лайдачаць. Не! Яны маюць вельмі-вельмі важны клопат.

Кожнага дзіцяці чакае сваё прызначэнне на Зямлі. Як вырастуць, адны з іх стануць музыкантамі, другія — пісьменнікамі ці паэтамі. Нехта будзе хадзіць за жывёлай і вырошчваць хлеб. Нехта вынайдзе разумныя машыны, будзе лячыць людзей — ды ці мала спраў, якія чакаюць дбайных гаспадароў.

І пакуль дзеткі ў Даліне Шчасця, Анёлы апякуюцца над імі, навучаючы розным рамёствам і дабру. А пасля, у прызначаны час, перадаюць на выхаванне мамам і татам.

Так было спрадвеку.


Дзяўчынку, пра каторую мы хочам расказаць, у Шчаслівай Даліне вучылі іграць на жалейцы. Ёй было наканавана сыграць музыку, якая дапаможа растапіць лёд самых жорсткіх людскіх сэрцаў, і тады на Зямлі запануе мір і паразуменне.

Якой прыгожай была гэта дзяўчынка! Вочы — як найчысцейшыя крыніцы Даліны Шчасця. Валасы — золата самага ласкавага сонца. А сэрца — такое пяшчотнае і добрае, што магла ў ім жыць толькі любоў і спагада.

— Бацькі гэтай дзяўчынкі будуць самымі шчаслівымі людзьмі на Зямлі! — нацешыцца не маглі са сваёй выхаванкі Анёлы.

Нават тут, у чароўнай краіне, дзе толькі чысціня і спакой жывуць у сэрцах, дзяўчынка была адметная сваёй незвычайнасцю.

І калі прыйшоў прызначаны час, Анёл узяў дзіця ў свае рукі і панёс на Зямлю.

Меншым за зернетка становіцца дзіця, пачаўшы свой шлях на Зямлю. Гэта малюсенькае зернетка Анёл аддае тату, а ён перадае яго маме. І ўжо ва ўлонні маці дзіцятка расце, убіраючыся ў плоць, і пачынае выглядаць як усе немаўляткі.

Так, утульненька ўладкаваўшыся ў цяпле і спакоі мамінага цела, пачала расці і дзяўчынка.

Канешне, у яе цяперашняй хатцы было цёмна. Але дзеці, толькі пакінуўшы Даліну Шчасця, маюць іншы, чым мы, дарослыя людзі, зрок. Мы бачым вачыма, а яны — душой. А што ўжо чуюць усё — дык пра гэта і спрачацца не варта.

Дзяўчынцы падабаліся яе мама і тата. Абодва яны былі маладыя, прыгожыя, моцныя. Тата часта браў на рукі маму і люляў яе, як люляюць дзіця, як люлялі іх у Шчаслівай Даліне Анёлы. Мама часта спявала, і дзяўчынка радасна думала, як хораша будзе некалі разам — спяваць і іграць на жалейцы. Яна адразу, як толькі змагла, пастукалася ў сценку свайго дома, і мама сказала тату:

— Слухай, слухай — дзіця кратаецца!

Яшчэ нямала трэба было адбыць у мамінай цёплай хатцы, перш чым з’явіцца на свет. І дзяўчынка дачакацца не магла дня, калі яна пакіне сваю схованку і скажа сваім бацькам: «Прывітанне! Нарэшце мы сустрэліся!»

Канешне, на мове немаўлятак гэта гучыць крыху па-іншаму. «Ку-га» — падасца вам. Але любячае сэрца ўсё зразумее, бо само чакала — дачакацца не магло гэтага імгнення...

Але з набліжэннем спаткання з мамай і татам здарылася нешта такое, чаго дзяўчынка не магла зразумець.

Тата ўсё радзей
Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Цель-2. Дело не в везении  [Элияху Моше Голдратт] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Эмоциональный интеллект [Дэниел Гоулман] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Разозленные [Джейн Энн Кренц] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Библиотекарь [Михаил Юрьевич Елизаров] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Прощание с иллюзиями [Владимир Владимирович Познер] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Воспоминания [Дмитрий Сергеевич Лихачев] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Аристономия [Борис Акунин] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Разумный инвестор  [Бенджамин Грэхем] - читаем полностью в Litvek