Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Мир разделился на светлый и темный [Наталия Ивановна Курсевич] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Отдаленные последствия. Том 2 [Александра Борисовна Маринина] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Математика с дурацкими рисунками. Идеи, которые формируют нашу реальность [Бен Орлин] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты >> страница 16
школу.


Пачаўшыся з гэтай раніцы, дзівосы працягваліся самым неверагодным чынам. Хлопчыкі заўважылі незвычайную акалічнасць. Варта было ступіць у вітальню ў брудных чаравіках, як можна было загрымець носам аб парог. Гэта кароль налаўчыўся ставіць падножкі і не шкадаваў хлопцаў, калі яны збіраліся натаптаць... У змове з каралём цяпер былі ўсе рэчы з вітальні. Шафа і камода сачылі за тым, каб хлопчыкі клалі на месца сваё адзенне. Калі яны самі прыбіралі на месцы рэчы, то знаходзілі іх без цяжкасцей. Калі за імі прыбірала мама — раніцай было не знайсці нічагуткі.

Асабліва ж стараліся чаравікі. Яны адчувалі, што становяцца цеснымі хлопцам і вось-вось іх зменяць на большыя. Так хацелася, каб у новага абутку не было прычыны папікаць папярэднікаў у неахайнасці. І чаравікі, начышчаныя хлопчыкамі ўласнаручна, абыходзілі гразь. А калі былі наваксаваныя чужымі рукамі — так і падбівалі ногі ні адной лужыны не мінаць.

Хочаш не хочаш, давялося брацікам пакрысе мяняць свае звычкі.

Абціраць бруд з абутку на вуліцы. Вешаць паліто на плечыкі. Класці сушыцца мокрыя сподкі. Шалікі і шапкі складаць на паліцы.

Каб заахвоціць брацікаў, кароль з кіліма падаваў каманды, якія чулі толькі рэчы:

— Шалікі — напра-ва! Шапкі — нале-ва! — І яны акуратненька клаліся на паліцы. А хутка і неабходнасць камандаваць знікла, так добра стала ўсё атрымлівацца ў саміх хлопчыкаў. Да таго ж, яны сталі менш сварыцца і біцца, бо на гэта паменела часу.

Рэчы ў доме з палёгкай уздыхнулі. Падушкі звольніліся з авіяцыі, сцены праветрылі ўсе закуткі і ўжо не баяліся хуткага расстання з любімымі шпалерамі, а люстэрка са здзіўленнем зазначыла, што за апошні час хлопчыкі значна падраслі.

Пабольшала вольнага часу ў веніка, таму ў дадатак да абавязкаў пакаёўкі ён добраахвотна ўзяўся служыць у прэс-службе пры двары Яго Вялікасці. А навіны пра здароўе і настрой караля цікавілі ўвесь дом. Іх і разносіў венік па самых далёкіх куточках дома, калі прыбіраўся.

А што да самога караля, то Яго Вялікасць найбольш радавала, што павесялела мама. У яе пакоі з’явіліся на стале фарбы і пэндзлі — мама малявала.

Прыйшлі ў пакой хлопчыкі, загледзеліся на маміну работу.

— А можна нам паспрабаваць? — нясмела запыталіся яны.

— Канешне, вы ж у мяне ўжо вялікія,— згадзілася мама і дала кожнаму пэндзлі. Пасля расказала, як змешваць фарбы і наносіць іх на паперу.

— Засталося толькі прыдумаць, што будзем маляваць,— сказала яна.

— Намалюйце караля з кіліма! — зашапталі пэндзлі.

— Так-так, Яго Вялікасць! — згадзіліся фарбы. Яны, як і ўсе ў доме, былі проста закаханыя ў свайго правіцеля.

Хлопчыкі, канешне, не пачулі гэтых слоў. Але рукі іх адгукнуліся на жаданне пэндзляў і фарбаў. Пакрысе на паперы з’явілася аксамітна-сіняе поле, гарнастаевая з пурпурам мантыя і залатая карона...

Вось з гэтай пары дом і праўда ператварыўся ў казачнае каралеўства. Хлопчыкі так захапіліся маляваннем, што забыліся на бойкі і сваркі. Вярнуўшыся дадому са школы, яны хуценька дапамагалі маме па гаспадарцы, каб пасля разам сесці маляваць.

Гатовыя малюнкі вывешвалі на сцены ў вітальні, і хутка ў сям’і з’явілася свая карцінная галерэя. Калі пасля доўгага ад’езду вярнуўся тата, ён не пазнаў дом.

— Прыгожа! — пахваліў ён мастакоў.— Асабліва кароль удаўся — як сапраўдны!

— Яго Вялікасць і ёсць сапраўдны! — загаманілі рэчы.

Кароль вышэй падняў галаву і крапчэй сціснуў посах у руках. Так ён абяцаў сваім падданым і найдалей быць добрым правіцелем.

Пасля Яго Вялікасць заснуў, упершыню за ўвесь час спакойна. І так крэпка, што не чуў, як па кіліме тупаў тата і бегалі дзеці, як прыйшоў прыбрацца і справіцца пра здароўе венік.

Ён далікатна, каб не разбудзіць караля, пачысціў мантыю, а пасля запытаўся ў кіліма:

— Скажыце, чаму Вы, як самая блізкая да караля асоба, навучыліся ў Яго Вялікасці?

Кілімчык урачыста расправіў усе свае варсінкі:

— Служачы Яго Вялікасці, я кожны дзень пераконваўся ў тым, што сапраўднага караля не прыніжаюць абставіны! Што за гонар кароны трэба змагацца, закасаўшы рукавы! Што адпачываць можна толькі тады, калі ў каралеўстве ўсім добра!

Адказ кіліма вывучылі назубок усе падданыя каралеўства, бо праўдзівей цяжка сказаць пра Сапраўднага Правіцеля.

Таямніца закінутай хаты

Любіць Змітрок за суніцамі хадзіць. У былым кар’еры, парослым сасоннікам, іх столькі, што зямля чырванню свеціцца. А ласунка, смачнейшага за суніцы з малаком і лустай чорнага хлеба, не прыдумаць! Дачакаўшыся ягаднай пары, штодзень бегае хлопчык на ўлюбёныя палянкі.

Пры дарозе, недалёка ад кар’ера, стаіць закінутая хатка. Змітрок заўсёды подбегам мінае яе. Выдае хлопчыку, нібы хтосьці таямнічы тужліва глядзіць праз заплеценыя павуціннем вокны на вуліцу, уздыхае і тупае па зарослым быльнягом двары.

Каму тут быць? Дзеда Міколу, гаспадара хаты, забралі да сябе ў горад дзеці. Перш ён толькі зімаваў у гарадской кватэры, а на лета на сваю сядзібу вяртаўся. Цяпер, кажуць, занядужаў — другі год сумуе без гаспадара хатка.

Змітрок ведае гэта і дакарае сябе за беспадстаўны страх. Ён дае слова калі-небудзь зайсці на пусты панадворак. Проста так, свой страх перамагчы: ён жа мужчына!

А скора і прычына надараецца. Ідучы па суніцы, забыўся Змітрок дома біклагу з вадой. А дзень спякотны, ад смагі вусны сушыць. Піць хочацца нясцерпна! У двары ж закінутай хаткі — калодзеж. Вада ў ім такая смачная, што спецыяльна па яе прыязджаюць людзі з ваколіцы, набіраюць у слоікі ці бідоны. Дзед Мікола нікому гэтага не забараняў. І цяпер — ён у горадзе, а людзі да калодзежа едуць. Таму вада ў ім і не застойваецца, празрыстая і чыстая, як і раней.

Змітрок асцярожна адчыняе веснічкі і на дыбачках ідзе да калодзежа. Хатка пільна сочыць за кожным крокам хлопчыка. Але ён не падымае вачэй на яе пустыя вокны, з упартай рашучасцю пасоўваючыся да вады.

— А ты, як я бачу, не баязлівец,— чуе хлопчык у сябе за спінай і абарочваецца на голас.

На лаўцы пад хатай сядзіць дзядок. Спёка, а на ім ватоўка, валёнкі, цёплая шапка. Так летам і дзед Мікола хадзіў. Ведама, стары чалавек — яму і ў гарачы дзень бывае холадна.

— Дзень добры! — Ад неспадзяванкі Змітрок нібы прырос да зямлі.— Прабачце, дзядуля, я не ведаў, што вы дома, таму не спытаў дазволу зайсці... Я толькі вады папіць,— апраўдваецца хлопчык і дадае: — Бабуля казала, што вы не прыедзеце на лета...

Пільна ўглядаючыся Змітраку ў твар, дзядок усміхаецца і кажа:

— Праўду казала твая бабуля. Дзед Мікола зусім ужо на гараджаніна пабраўся, і на мяне, і на хату забыўся...

— Кажуць, што ён хварэе,— заступіўся перад незнаёмым за