Litvek - онлайн библиотека >> Раіса Баравікова >> Поэзия >> Каханне [Кніга лірыкі] >> страница 2
збудаванняў гмахі.
I будзе зачароўваць рамяство
майстроў, чые пагубяцца імёны,
і вершы нашы будуць, як пісьмёны,
што тояць дум высокіх хараство.
Стварэння прага ў будучыню кліча,
мой найхарошы, сэрцам не грашы,
хачу заўсёды бачыць за абліччам
мне любым — прыгажосць тваёй душы.

* * *


Бывала, ў ціхае начы
маю пяшчоту разгаворыць,
сам замыкаецца, маўчыць,
нібы канала сэрца ў горы.
Захутвалася ў лёгкі плашч,
а на сцяжынах іней слаўся,
і мне здавалася, што плач
з губ непакорлівых зрываўся.
Вярталіся ў халодны дом,
там сцены дыхалі спакоем,
але пякучай крыўды ком
пужаў прыгнечаным настроем.
Да тых начэй цяпер прыкута
дасюль нязнаным пачуццём,
ён быў тады маёй пакутай,
ён стаў шчаслівым забыццём.

* * *


А дзень на сад святлом пральецца,
сцяжынка згубіцца між траў...
Я ведаю: ён адгукнецца,
ён з'явіцца, калі кахаў...
Бо ці змагла б злятаць так лёгка
язміну квецень на зямлю
і я сярод прыроды вогкай,
як і раней, шаптаць: «Люблю...»

ДЗЕНЬ. ВЕЧАР. РАНІЦА


*
Застыў вясёлым роспісам алей.
Спалох закалыхала слоў калыска.
Стаў пэндзлік непатрэбным...
Як Вы блізка!
Тушуе густа дзень наша д а л е й...
(аддаю ў запісную кніжку юнай
паэтэсе, думаючы аб сваім...)

*
У вокнах вечар гаманлівы згас,
і паглыбела пад паглядам неба.
Папера, стол...
Душа пяе пра Вас,
ды Вам пра гэта
знаць зусім не трэба.

*
А раніца прарвала ліўнем лета
і на паляне ў рост пайшла трава.
За хмарай шызай неба сінява...
Я і такім пачаткам дня сагрэта.
Жыццё — тартак,
пілуе нервы час,
адчай, мана і здрада — пілавінне...
Я не зайздрошчу Вашай палавіне —
жанчыне, што пры Вас не знае Вас.
Затканы ліўнем сцежкі і дамы,
пераспяваць прыроду я не ў сіле,
хоць і ў слабога вырастае крылле
ад думак, што зліліся лёгка ў «Мы»...
Здалося, што па Вашаму загаду
зляцеліся да вокнаў галубы,
і, нібы кліч прызыўнае трубы,
азваўся спеўна гром з-за далягляду.
I ўпершыню баяцца вусны вуснаў.
«Мы...» — выдыхае трапятліва рот...
Жыццё — тартак,
і ўсё — паадварот,
ды мара не была б такой спакуснай.
Шырэе неба ў вокнах ад святла,
і гром, і дождж —
бы й не было! —
далёка..
Прачнуўся муж, пытае: «Дзе была?»,
адказваю: «Вярнулася з аблокаў».

* * *


Пра рознае, ды на паўгуках —
спакойна,
стала,
без прыкрас,
і сэрцам чуць, як стынуць рукі
ад непазбежнага між нас.
Я не баюся таямніцы,
якая звязвае ўдвая...
Не дай жа потым усумніцца,
што я каханая твая.
Невыпадковаю гадзінай,
калі сам д'ябал нам радня...
Узведзенай у ранг адзінай
хачу запальваць неба дня.

ДАЎНЯЯ МЕЛОДЫЯ


Жаліцца скрыпка зусім як калісьці,
навошта было называць дарагім?..
Шэпча арэшніку тонкае лісце
пра тайнае нешта... у леце другім.
Выблісне ўся ў незабудках лагчына,
і бераг агучыць усплескам рака,
гляджу на акно, там смяецца жанчына,
бы на карціне Селешчука.
У внесены к небу будынак па кручы,
жаласна-жаласна скрыпка гучыць...
Хай плача, бо, можа, жанчыну навучыць,
як тут небяспечна смяяцца ўначы.

* * *


Не адцвітала доўга бульба ў полі,
хоць на спякоту шчодрым жнівень быў
ты абяцаў не забываць ніколі
спатканняў нашых,
дык чаму ж забыў?
Парушу сон палянкі недалёкай,
і заварожыць пошапак ляшчын,
сябе я адчувала б адзінокай,
каб не было ні дрэў, ні аблачын...
Не хоча сэрца прымірыцца з жалем,
ды ўсё гусцей паўзмрок сырога дня,
нібыта ўчора на лясным прагале
згубіла казку лета ласяня...

* * *


На жаль, Амур мяне трывожыць зноў.
Ф. Петрарка
Пад шум ракі, над шолахі бярозы,
пад веснавую шчырасць жаўрука
ў маіх радках ты прачытаеш слёзы,
ад іх не ўздрыгне ўпартая рука.
Усюды ты...
і хай даруе творца
прыроды пышнай, сёння не яна
захопленасць мая, мой дол і сонца,
неперажыты дзень і даўніна.
Куды мне бегчы?
На тваім абліччы
былога жару цень лаўлю яшчэ,
ты не пярэч, мне зноў здаецца, клічаш
і позіркам сваім мяне пячэш.
Я потым знікну, як і ўсё жывое,
адлегласць без сустрэч — яна што смерць...
Але скажы мне слова дарагое,
жаданае,— як доўга мне гарэць?
I любавацца кожнай тваёй рыскай,
і невядома ўжо каго маліць...
Ты чуў? —
Амур смяяўся недзе блізка,
маўчы... маўчы...
Яго страла ляціць.

* * *