Litvek - онлайн библиотека >> Раіса Баравікова >> Поэзия >> Каханне [Кніга лірыкі] >> страница 18
лядок...
Парыў астуджвае прызнанне —
«Твая!» — ты сэрца на замок!

РОЗНЫЯ ДУМКІ Ў РОЗНЫ ЧАС


*
Надрыў, адчай — усё глыбей...
Заместа літасці — папрокі...
Старэю. Пачаліся ўцёкі,
куды найдалей... ад сябе.
*
Ты сваю радасць не ўпасеш,
але ў адчаі ці на ўздыме
заўсёды лепшае нясеш
нябозе,
дзецям
i радзіме.
*
Ёсць месца ўдачы i бядзе,
а шлях зямны, ён не бясконцы,
i покуль жывы ўсе ідзем
з начы насустрач свайму сонцу.
*
Ізноў Турэччына... Мяжа...
Камечу ў одуме пальчатку.
Дзе пачала хварэць душа,
пачну адтуль усё спачатку...

САЛАМЕЯ ЗАПІСВАЕ Ў ДЗЁННІК


Быццё — прастора тлуму,—
не графа,
дзе ні адзнакі добрай, ні памаркі,
гарэм твой — неба ночы, Мустафа,
дзе заміж зорак — цьмяныя агаркі...
Ды ёсць адна, бы вечар без цямна,
яна — твае шалёнае гарэнне,
i боль, i асалода, i натхненне,
жыццё тваё i смерць твая яна.
Я — лекарка, сляпым нясу святло,
была пры ім i богам, i ахвярай,
твой пацалунак для яе, як кара,
абдымак твой, як ластаўцы сіло.
Пад сонцам грэшным можна жыць з ілжы,
пад сонцам ясным — толькі з думак
чыстых,
i я сказала: «Родная, бяжы —
няможна ў свет,— да хваляў
серабрыстых...»
А чым яшчэ магла я памагчы?
Хоць знаю, ятаган няўмольна гостры,
з вачэй яе зняла радно начы,
цяпер, султан, чакаю тваёй пометы...

СОН САЛАМЕІ


С а л а м е я
Як дзіўна, я — ў былым забытым доме.
Вунь столік мой, вунь крэсла...
ў сэрцы — мір.
(Замірае.)
Падман?! Ды не!.. Стаіць нехта ў праёме
дзвярэй... I ўжо ідзе...
(Вельмі спалохана.)
Сюды ідзе Гальпір!
Паўза.
Схавацца? Збегчы? Па мяне, няйначай,
ідзе... Не падыходзь, Якуб, ты — страх!
Г а л ь п і р
Няпраўда, я даўно цябе не бачыў
i вось прыйшоў пад наш старэнькі дах.
Я знаў — ты тут, я не з благім намерам,
не бойся... Лепш прысядзем да стала...
Зноў пахнуць валасы твае аерам,
ракою... Ты такая ж, як была.
С а л а м е я
( здзіўляецца )
Была?.. Я — ёсць...
Г а л ь п i р
(з сумам)
Ты — ёсць i доўга будзеш...
У гэтым доме госць часовы — я!
Прачнешся i начное ўсё забудзеш,
спакойнай стане зноў душа твая.
С а л а м е я
Спакойнай?.. Ты гаворыш з дзён былых,
ім аніколі ўжо не паўтарыцца,
ці знаеш ты, як можна на крутых
шляхах на камянях душой разбіцца?
Г а л ь п i р
( пранікліва )
Я знаю ўсё... Таму я сёння тут...
Сам чалавек — віна сваіх пакут,
табе патрэбна сэрцам адагрэцца.
Спынілася б... Адкрыла б лазарэт...
С а л а м е я
Якуб, я лазарэтам бачу свет,—
хто хворы на сумленне, хто на сэрца...
Г а л ь п i p
Няпраўда, ты не думает пра час...
Свет — міг жыцця, i гэты міг салодкі,
я колісь многа горычы адпас,
яе не помню, знаю — век кароткі...
Задумайся.
С а л а м е я
Хвалюешся дарма.
Жыву былым, цяперашнім i дальнім,
i анідзе няяснасці няма,
мо толькі над каханнем ёсць пытальнік.
Г а л ь п i р
Каханне... На яго яшчэ ляціш
i кожны раз ратуешся ва ўсхліпе!
Якой жа думкай зараз ты гарыш?
С а л а м е я
Я думаю паехаць у Егіпет,
пасля... дамоў, дзе паляваў на звера
калісьці ты, a выгледзеў мяне,
ты помніш, ля ракі на валуне...
Г а л ь п і р
I пахлі валасы твае аерам...

АПОШНІ ЗАПІС У ДЗЁННІКУ


Душу сваю не выкупаўшы ў зле,
жыццё мае чытайце, як паданне,
дзе ўсё ў адным звязалася вузле —
любоў...
Айчына...