Litvek - онлайн библиотека >> Григорий Бенционович Остер >> Детские стихи >> Бязглуздыя парады >> страница 2
пужаць,
Каб ясна зразумелі ўсе -
Ня трэба вам яны.
Сустрэў дзяўчынку, дык хутчэй
Паказвай ёй язык,
Каб не падумала яна,
Што закахаўся ты.

* * *

Калі раптам ты з бацькамі
Вырашыў пачаць вайну,
Пастарайся здацца маме, -
Тата не бярэ ў палон.
І, дарэчы, не забудзься
Ты мамулі нагадаць,
Біць палонных па азадку
Не дае Чырвоны Крыж.

* * *

Калі вырасьцеш вялікім,
Станавіся прэзідэнтам.
Бо файнейшае работы
Ў цэлым сьвеце не знайсьці:
Ў абавязкі прэзідэнта
Уваходзіць бег на лыжах,
Тэніс, на каньках катаньне
І гульня ў футбол-хакей.

* * *

Не пагаджайся ні за што
Ніколі і ні зь кім,
А хто пагодзіцца з табой -
Таго баякам кліч.
За гэта ўсе цябе пачнуць
Любіць і паважаць.
І будзе у цябе паўсюль
Сяброў сапраўдных шмат.

* * *

Калі ў кухні тараканы
Маршыруюць па стале,
Ну а мышы на падлозе
Зладзілі вучэбны бой,
Значыць, трэба на часінку
Кінуць барацьбу за мір
І распачынаць заўзята
Барацьбу за чысьціню.

* * *

Калі вырашыў ты зь сябрам
Па душах пагаварыць,
Сябра не хапай за гузік -
Вырвецца яшчэ, зьбяжыць,
І на памяць застанецца
Толькі гузік у цябе.
Сябру трэба даць падножку,
На падлогу заваліць,
Зьверху сесьці і тады ўжо
Па душах пагаварыць.

* * *

Калі ты прыйшоў у госьці,
Не здароўкайся ні зь кім,
Словаў «дзякуй», «калі ласка»
Анікому не кажы,
На пытаньні не адказвай,
Адвярніся ад усіх,
І тады цябе ня будуць
Называць балбатуном.

* * *

Калі здарылася нешта
Й вінаватых не знайшлі,
Не хадзі туды, іначай
Вінаватым будзеш ты.
Лепш схавайся у куточку,
А пасьля ідзі дамоў
І пра тое, што убачыў,
Ты нікому не кажы.

* * *

Не купілі вам бацькі марозіва?
Не ўзялі ў кіно з сабою ўвечары?
Трэба на бацькоў тады пакрыўдзіцца
І сыйсьці бяз шапкі ў ноч халодную.
Ды ня проста так блукаць па вуліцах,
А ў дрымучы, цёмны лес адправіцца.
Стрэць ваўка там шэрага, галоднага,
Ў пашчу да яго патрапіць, ведама ж.
А бацькі, калі пра тое ўведаюць,
Закрычаць, заплачуць ды забегаюць,
Кінуцца адразу па марозіва,
Возьмуць у кіно з сабою ўвечары.

* * *

Паглядзі, што ў кожным доме
Адбываецца ўначы:
Павярнуўшыся да сьценкі,
Тата з мамаю ляжаць.
Вуснамі яны варушаць
У цямнюткай цемнаце,
І, заплюшчваючы вочы,
Пяткай торгаюць у сьне.
Ўвечары ісьці у ложак
Не згаджайся ні за што.
І не дазваляй нікому
Нават коўдру падтыкаць.
Ну няўжо табе ахвота
Лепшыя свае гады
Змарнаваць пад цёплай коўдрай,
На падушцы, без штаноў?

* * *

Калі хочаш ты спадабацца дарослым,
Дык зранку пачні хітраваць і дурэць,
Брыкацца, кусацца, туды-сюды гойсаць
І кленчыць сабе падарункі ва ўсіх.
Гарлай, бі талеркі і сьмецьце раськідвай,
А потым гадзінку вазьмі адпачні, -
Адразу расчулена мама і тата
Зь усьмешкай ласкавай пагладзяць цябе
І скажуць, што ты - залатое дзіцятка,
З табою гуляцца адна любата.

* * *

Калі ты прыйшоў на Елку,
Патрабуй свой падарунак.
Падлічы усе цукеркі,
Ці ня зьеў іх Дзед Мароз.
І яшчэ - ні ў якім разе
Не нясі дамоў прысмакаў.
Як наскочуць мама з татам -
Дык палову адбяруць.

* * *

Калі хочуць пакараць вас,
Бо паводзіліся кепска,
Ну, да прыкладу, у ваньне
Спрабавалі вымыць котку,
Не спытаўшыся дазволу
Ні у коткі, ні у мамы,
Прапаную дзейсны спосаб,
Як пазьбегнуць пакараньня.
Біцеся ілбом у сьцены,
Біце ў грудзі кулакамі,
Плачце, голасна крычыце:
«Ах, нашто ж я мучыў котку?!
Варты я сьмяротнай кары!
Ганьба! Ганьба мне і сорам!»
Роўненька праз паўхвіліны
Ўсе заплачуць разам з вамі,
Вас прабачаць і у краму
Пабягуць па шакалядку.
Вось тады спакойна котку
Вы за хвост цягніце ў ванну,
Бо нікому і ніколі
Не пажаліцца яна.

* * *

Скажам, у цябе ў кішэні -
Жменя смачных ледзяшоў,
А насустрач па дарозе
Верныя ідуць сябры.
Не пужайся, не хавайся
І ня кідайся ўцякаць,
Не запіхвай ўсе цукеркі,
Не разгортваючы, ў рот.
Падыйдзі да іх спакойна
І бязь лішняй балбатні
Хуценька дастань зь кішэні...
І падай сябрам руку.
Паздароўкайся зь сябрамі,
Трошачкі паразмаўляй.
Разьвітайся і пасьля ўжо
Як хутчэй бяжы дамоў
Каб цукеркі ўдома зьесьці,
Пад канапу, брат, залазь.
Пад канапаю дакладна
Не сустрэнецца ніхто.

* * *

Вазьмі густы вішнёвы сок
І белы мамін плашч.
Лі асьцярожна сок на плашч -
І будзе пляма там.
Цяпер, каб плямы не было
На маміным плашчы,
Плашч трэба цалкам абмакнуць
Ў густы вішнёвы сок.
Вазьмі вішнёвы мамін плашч
І кубак малака.
Лі асьцярожна малако,
І будзе пляма там.
Цяпер, каб плямы не было
На маміным плашчы,
Плашч трэба цалкам абмакнуць
У рондаль з малаком.
Вазьмі густы вішнёвы сок
І белы мамін плашч,
Лі асьцярожна...