Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Бесцветный Цкуру Тадзаки и годы его странствий [Харуки Мураками] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Обретение смысла во второй половине жизни. Как наконец стать по-настоящему взрослым [Джеймс Холлис] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Как устроена экономика [Ха-Джун Чанг] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Метро 2035 [Дмитрий Алексеевич Глуховский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Венецианский контракт [Марина Фьорато] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Психология трейдинга. Инструменты и методы принятия решений [Бретт Стинбарджер] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Что делать, когда не знаешь, что делать [Джонатан Херринг] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Преодоление. Учитесь владеть собой, чтобы жить так, как вы хотите [Джилл Хэссон] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Мікола Ваданосаў >> Детские приключения >> Скарб Загорскай камяніцы

Мікола Ваданосаў Скарб Загорскай камяніцы

Скарб Загорскай камяніцы. Иллюстрация № 1
Скарб Загорскай камяніцы. Иллюстрация № 2

Ад аўтара

Кожны раз, калі я вяртаюся ў вёску Пабярэжжа, у той куточак, дзе прайшло дзяцінства, даўняе пачуццё шчымлівай радасці агортвае мяне.

Калі я зноў прыехаў туды на маршрутным аўтобусе апоўдні, вёска сустрэла мяне цішынёю. Аўтобус пайшоў далей, а я стаяў на шырокай вуліцы і — у які ўжо раз! — не пазнаваў вёскі. З маленькай, у два дзесяткі хат, якія шнурочкам цягнуліся да ракі, яна ператварылася ў ладны пасёлак, дзе ёсць магазін, пошта, дзе на ўскраі віднеецца цагляная школа-дзесяцігодка.

На вуліцы — ні душы. Час гарачы, самы сенакос, а паплавы каля ракі тут адменныя, цягнуцца на цэлыя кіламетры.

Я ўжо хацеў было пашыбаваць у кантору калгаса, як заўважыў, што насупраць адчыніліся веснічкі, і высокі стары дзед з кіёчкам паціху выйшаў на вуліцу і прысеў на лаўцы, што стаяла каля плота. «Хто ж гэта? — не пазнаў я старога. — Адкуль ён тут узяўся?» Я падышоў, аддаў «дзень добры» і спытаў:

— Ці не падкажаце, дзе мне знайсці Аляксандра Міронавіча, вашага брыгадзіра?

Стары слухаў мяне, прыклаўшы да вуха далонь.

— Ды не брыгадзір ужо ён, — адказаў дзед. — Міронавіч у нас за старшыню цяпера…

«Цяпера»! Ды гэта ж той чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да ўсяго, што звязана са скарбам Загорскай камяніцы!» — абрадаваўся я, хоць яшчэ не даваў веры пачутаму. Ён быў аднекуль здалёк, не тутэйшы.

— І дзе яго можна знайсці, вашага старшыню?

— На хутарышчы новы кароўнік будуюць, то ён, пэўна, там.

— Дзякую… А вы не пазнаяце мяне? — на ўсялякі выпадак спытаў я.

Стары прыжмурыўся на мяне, пахітаў галавою.

— Па праўдзе кажучы, не пазнаў. А вось голас нешта як бы знаёмы. Чый жа ты будзеш, чалавеча?

Я назваў сябе, і стары, як здалося, задаволена ўсміхнуўся.

— Не забываеш на сваю радзіну, Мікола. То добра. Сядай, вось, пагамонім. А тым часам і Міронавіч вернецца.

Я прысеў побач.

— Даўно вярнуліся ў Пабярэжжа, дзядзька Ігнат? Стары ці не пачуў маё пытанне, ці зрабіў выгляд, што не пачуў. Сам запытаўся:

— Навошта ж табе Міронавіч? Пра хутары будзеш пытаць? То лепш за мяне пра іх, тыя хутары, ніхто не раскажа. А я от хоць і стары, а ўсё да драбніц помню.

— І пра тых бандытаў, што ў Мокрым Лозе хаваліся?

— А чаму ж… Гэтае дзела вунь як мне вядома. Маё, можна сказаць, гэтае дзела, кроўнае.

Яго вочы засвяціліся непрыхаванай радасцю, і я адчуў, што натрапіў на жылу, што гэты гаманкі дзед раскажа мне штосьці такое, чаго многія тут ужо і не памятаюць.

— Ты ж сам, помніцца, ад бандыта ўцякаў, га? — прыжмурыўся на мяне стары. — Сам, пэўна, даўно дзед, і ўсё помніш…

— Далёка не ўсё! Паўстагоддзя ж мінула, многае забылася, многіх ужо і на свеце няма.

— А я дык от помню. То пойдзем да мяне, я ж сюды назусім пераехаў. Цяпера от усе ў вёскі цягнуцца. Ну і я…

У той раз стары і расказаў мне даўнюю гісторыю пра скарб Загорскай камяніцы.

«Паны»

Скарб Загорскай камяніцы. Иллюстрация № 3 Хутары стаялі на пагорках. Хутар Красоўскага і хутар Гурэцкага. А між імі, у лагчыне, працякала бурлівая, гаманкая рэчка з дзіўнай назваю Каза. У той пакручастай Казе былі такія віры, што коні хаваліся па шыю. А былі і пясчаныя брады, дзе рэчку можна пераехаць на калёсах, перайсці, падкасаўшы штаны.

Стаяў на той рэчцы і млын, і быў на ёй ставок, але цяпер вада спушчана, млын маўчыць.

Калі глядзець ад яго на хутар Гурэцкага, то можна ўбачыць там доўгую абору, за ёй віднеўся высокі паркан, якім была адгароджана сама будыніна — дабротны пяцісценак з чырвоным чарапічным дахам, са шматлікімі прыбудовамі, з верандай перад квяцістым палісаднікам. Турэцкі быў на шмат багацейшы за свайго суседа, пана Красоўскага. Праўда, да сапраўдных паноў ім было далёка, але вясковыя людзі так звалі. Іх уладанні цягнуліся на кіламетры — з палеткамі, лугамі і лясамі. У Турэцкага і палеткі лепшыя, на больш высокім месцы, і паша — травяністыя паплавы. Адных коней у яго было дзесяткі два, абора поўнілася сытымі каровамі. Там і цяпер у асобным памяшканні стаялі трыер, сячкарня, касілка і дзве жняяркі. І гэты млын з крупадзёркаю, ваўначоскай ды прасам, на якім ціснулі з ільнасемя алей, таксама належаў Гурэцкаму…

Калі ж глядзець ад ракі на хутар Красоўскага, які таксама быў за мурагом, метраў за трыста, то можна ўбачыць, што амаль за хутарам пачынаўся густы ельнік. Нешырокая паласа жыта амаль не бачна. Ды і сама будыніна больш падобна на звычайную сялянскую хату. Адно — крыта яна не саломай, а гонтай. І вокны ў ёй невялікія, з паўночнага боку, ад ельніку, глухая сцяна. Побач з хатай стаялі два хлявы і варыўня. Ельнік за агародамі і жытам паступова пераходзіў у багну з дробнымі бярозкамі ды сасонкамі, з імшыстымі купінамі, на якіх вясною, калі сыходзіў снег, буйнымі чырвонымі пацеркамі ляжалі спелыя — аж свіціліся наскрозь — журавіны…

Тых паноў даўно няма. За гэты час шмат якія будынкі разабралі ды расцягнулі жыхары бліжэйшых вёсак — Пабярэжжа, Замошша ды Калінаўкі. Млын таксама занядбалі: мелалёвыя — бронзавыя ды медныя — шасцерні хтосьці зусім нядаўна паздымаў, у адну ноч, а драўляныя, з дубу, пакрышыў, няйначай, молатам ці калуном. Ставок таксама быў знішчаны, азярына сплыла, спакваля зарастала кустоўем.

Але ўсё ж млын высіўся над рэчкай грозны, маўклівы. І было ў тым маўчанні штосьці пагрозлівае, страшнае.

Так думалася і Міколу, пятнаццацігадоваму хлапцу, які нядаўна разам з маткай пасяліўся на хутары Гурэцкага, бо іхняя хата згарэла. Тады ў Калінаўцы згарэла ледзь не палова вёскі, але жыць на хутары ніхто не хацеў — баяліся. А вось Мірон з Міроніхай і двума сынамі — Алесем і Петруком — не збаяліся, паехалі першыя. Тады перасяліліся туды і яны з маці, балазе пакояў у хаце было аж пяць — пяцісценак выглядаў палацам у параўнанні з сялянскай хатай. Адным словам, жыллё было шыкоўнае, з светлымі вокнамі, з прыгожым чыгунным камінам у зале, з грубкай звычайнай, толькі абкладзенай кафляй, печчу, з якой можна было, адкінуўшы вечка, вылезці на гарышча, закіданае розным хатнім ламаччам.

Хлопцы — Алесь і Мікола — былі аднагодкі, вучыліся ў адным класе. Пасябравалі яны адразу і моцна. Разам хадзілі ў лес па грыбы, разам на Казе лавілі рыбу. Яны, можна сказаць, цэлае лета моклі ў той Казе ад ранку да вечара. Вярталіся дадому кожны раз з ладным уловам: ракаў і мянькоў яны цягалі з нораў проста рукамі і кідалі іх у вялізную торбу, а потым усю сваю здабычу дзялілі