Litvek - онлайн библиотека >> Мікола Ваданосаў >> Детские приключения >> Скарб Загорскай камяніцы >> страница 3
дагледзець, на дзень дам, абгонім бульбу.

— Хіба што… Канём яно куды спарней.

— Дык, значыць, дамовіліся! Чакаю…

Тупік цмокнуў губамі, і Сняжок з месца ўзяў трухам. Ён і бег неяк асабліва ёмка, плаўна, бы слаўся па зямлі, выцягнуўшы прыгожую грывастую шыю. А Мікола глядзеў услед і зайздросціў: вось бы яму ды гэтак праехаць у сядле на такім хвацкім кані!

Гэлька пайшла на двор, з гэтага толькі боку абгароджаны высокім абчасаным коллем, а Мікола заўважыў, як ад рэчкі сюды ішла Анюта. Яе ён бачыў колькі разоў толькі здаля і таму наўмысна не спяшаўся, нават прысеў і пачаў назіраць за вялізным пухнатым чмялём, які лётаў з кветкі на кветку белага дзяцельніку і аднастайна гудзеў, замаўкаючы толькі тады, калі ўсоўваў свой хобат у суквецце і прагна, аж раздзімаўся, смактаў салодкі нектар.

— Глядзі, які вялізны! Большы за шаршня, — сказаў ён, калі дзяўчынка наблізілася да яго. — А прыгожы — як вясёлка!

— Некалі мне на чмялёў глядзець… Во — бачыш? — Яна паказала тоўстую торбу, што несла ад рэчкі.— Вы рыбу ды ракаў цягаеце, а я хоць шчаўя насашчыквала.

— І я па шчаўе хаджу…

— А чаго сюды?

— Сняжка цукрам частаваў,— пахваліўся Мікола. — Ён мне галавою ківаў — дзякаваў.

— Каню — цукар? — аж акругліліся яе вялікія сінія вочы. — Ды ты што — з глузду з'ехаў?

— Гэта каб прывучыць да сябе.

— Пэўна ж — дурны. Знайшоў каго прывучаць. Ты вось спярша глянь на сябе…

— А што? — не зразумеў яе Мікола.

— Ды тое — паглядзі на сябе харашэнька…

— Аню-ю-юта! — пачуўся з двара хрыплы голас айчыма. — Табе другой работы няма, як языком мянціць? Што ў цябе там за кавалер? — У фортцы паказалася калматая галава з густымі чорнымі бровамі і калючымі вочкамі.— А-а, пан Гурэцкі? Гэлька з тым бобікам шуры-муры, а гэта — кату па пяту — і ўжо таксама хлопцы наўме… А ну — марш дамоў!

Анюта ўвабрала голаў у плечы і пакорліва пайшла за веснічкі. А Мікола яшчэ доўга стаяў і глядзеў на высокія, завостраныя ўгары колікі, на дубовыя вароты і аблезлую зялёную фарбу на брамцы. У яго жыцці тут сёння адбыліся дзве важныя падзеі: ён пазнаёміўся з Тупікам, з яго прыгожым Сняжком і з Анютай, неяк адразу ўсхвалявала яго, уразіла. Яму прыемна было глядзець у яе адкрыты прыгожы твар, у вялікія сінія вочы. А які лагодны, пявучы яе голас!

Не, ён ніколечкі не крыўдзіцца на Анюту за яе абразлівыя словы…

«Чаму яна сказала — паглядзі на сябе?» — падыходзячы да рэчкі, думаў ён.

А выгляд у яго быў сапраўды несамавіты: выцвілая сіняя кашуля на локцях парваная, каравыя штаны караткаватыя, босыя ногі парэпаліся ад вады і гразі, а даўно нястрыжаныя чарнявыя валасы звісалі аж на вушы касмылямі. Ды і рукі не дужа што чыстыя. Каб іх адмыць, да белага, трэба змыліць цэлы кавалак мыла, якога ў хаце анізвання…

Ён упершыню, мабыць, падумаў, што яму і сапраўды трэба неяк апранацца лепш, папрасіць Мірона, каб ён абстрыг яго, як свайго Алеся, «пад баранчыка». Няхай. Валасы падрастуць — зраўняюцца «барозны» на галаве…

Рэчку перайшоў бродам, дзе камяніста-пясчанае дно густа парасло лапушыстай капустай, у якой, ведаў, любілі хавацца ракі, малыя мянёчкі і сліжы. Вось і цяпер пад нагою адчулася нешта жывое, пругкае. Хоць ведаў, што гэта рыбіна, але ногі самі імкліва вынеслі яго на бераг — вусцішна. Мог быць то сліж, а магла напаткацца і «каза», рыбка, вельмі падобная на сліжа, толькі танейшая, з нейкім вострым зубам на губе, якім, бывае, пратне аж да крыві…

Падыходзячы да свайго хутара, пачуў сварку. Ізноў Міроніха сварылася са сваім Міронам. І што гэта яны кожны дзень «грызуцца», як казаў іх старэйшы сын Алесь? Няўжо нельга жыць спакойна, ціха, як, скажам, «паны» Ваўчкі? На хутары Красоўскага заўсёды ціха, быццам там ніхто і не жыве.

Тут Мікола вельмі памыляўся, бо яшчэ не ведаў усяго, што рабілася на тым спакойным хутары.

Нечаканая знаходка

— А божухна-а, а навошта ж я з такім лайдаком звязалася, а навошта ж я загубіла сваю жытачку-у! — даволі прыемным грудным голасам, быццам спявала, на ўвесь двор галасіла Міроніха. Перад ёй, схіліўшы малую калматую галаву, стаяў дробненькі, лядашчы, згорблены, як пабіты сабака, Мірон, камячыў у руках шапку і толькі лыпаў сваімі блакітнымі вочкамі.

— Дык я от іду ўжо, дапраўдачкі — іду, — апраўдваўся ён, баючыся павярнуцца і ісці, каб не атрымаць у плечы добрага кухталя.

— Каб ты ўжо не вярнуўся, лайдак, паўдня на дварэ, а ён і лясёнкі травы не адкасіў,— ужо цішэй гаварыла яна Мар'і, якая выйшла іх прымірыць. — Хлеба акраец, скварку дала, пляшку малака наліла, а ён умалоў усё і спіць сабе пад кустам. Дзе твая каса, злыдзень? Чым ты цяпер касіць будзеш?

Касу яна, як заўсёды, цішком адкрала ў яго і прыхавала ў садзе, у кустоўе бэзу.

— Ну то ўжо не муч, дапраўдачкі, аддай касу, бо пайду ўжо. Да вечара скашу лагчынку ў Мокрым Лозе. Там табе дзесяць лясёнак будзе, дапраўдачкі…

Высокая, чорнавалосая, са смуглявым, як у цыганкі, тварам, з праніклівымі чорнымі вачамі, даволі статная, Міроніха была адходлівая і дабрадушная. Было ў яе паглядзе нешта прыемнае, прыцягальнае. Сапраўды, здавалася дзіўным, як гэта «прыгажуня Клаўдзя» — так называлі яе ў вёсцы, — першая дзяўчына ў Калінаўцы, пад вокнамі якой вечарамі ўздыхаў ці адзін калінаўскі кавалер, раптам узяла ды «выскачыла», як казалі людзі, за недарэку Мірона з Пабярэжжа. Злыя языкі мянцілі, што старая Марфа, Міронава маці, нейкім зеллем напаіла Клаўдзю, прывабіла, і прыкіпела дзяўчына да яе нягеглага, малога Міронкі.

Як бы там ні было, а сыны ў іх пайшлі ў маці — смуглявыя, рослыя, прыгожыя. Асабліва — Алесь. У свае пятнаццаць год ён быў амаль роўны з бацькам, і ўся хатняя работа — дровы, смалякі на зіму (гэта ж галоўнае асвятленне, бо газай на хутарах і не пахла), вада — ляжала на ім.

Сама Міроніха была пры зямлі, пры печы, гатавала і на сям'ю, і ставіла чыгун то шалупіння, а то і проста лебяды малому пражорліваму падсвінку, якога трымалі ў закутку пры хаце. Гэта яна ўспарола рыдлёўкай і пасадзіла сотак дзевяць бульбы, насеяла буракоў, морквы, цыбулі… Адным словам, працавала яна за дваіх. Мірону ж трэба было за лета накасіць па кустах ды лясных прагалах сена карове на зіму. Былі яны як бы аднаасобнікі, жылі бедна. Асабліва кепска было з пасцеллю і адзежай: пасля пажару засталіся ў чым былі. Займалі яны пакой з вялізнай печчу, на якой узімку спалі ўсе ўпокат на нейкім рыззі…

Калі ж на хутар пераехалі Мікола з маці, у якіх тое-сёе было з хатняга нажытку, цэлы сувой суровага палатна, то хлопцам пашылі з таго палатна штаны, пафарбаваўшы іх настоем на кары альхі і крушыны. Палатно было носкае, толькі, калі намакала, рабілася калянае, лубела, як брызент.