Litvek - онлайн библиотека >> Уладзімір Шыцік >> Научная Фантастика >> Апошняя арбіта >> страница 3
Гіпотэзы гэтыя былі смелыя да неверагоднасці і грунтаваліся больш на здагадках, чым на навуковых аксіёмах. Канешне, крытыкаваць іх было лёгка, бо яны проста не вытрымлівалі крытыкі. Гэта і дало магчымасць хутка іх пахаваць. А мне яны нечым спадабаліся. Вось паслухайце і скажыце, як вы разумееце?

У гарах Антылівана знаходзіцца цудоўная Баальбекская веранда. Хутчэй, гэта не веранда, а пляцоўка ў некалькі квадратных кіламетраў. Яна забрукавана вялізнымі каменнымі гладка апрацаванымі плітамі. Само па сабе гэта не дзіўна. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Але Баальбек здзіўляе. Ён будаваўся многа раней, і калі ў пірамідах пліты важаць па дзве-тры тоны, то там — да дзвюх тысяч тон кожная.

Ніводзін гісторык не сказаў пакуль што, калі іменна пабудавана Баальбекская веранда і з якой мэтай. Людзі ведаюць яе з таго часу, як помняць сябе. I тут напрошваюцца пытанні: ці маглі будаваць нашы старажытныя продкі такое тэхнічна дасканалае цуда, ды і навошта? Нашы продкі, якія, як вядома, былі людзі практычныя, самі наўрад ці будавалі б такую махіну, бо патрэбы ў ёй не было. Дык падумайце, ці нельга зрабіць іншы вывад? А што, калі гэта была стартавая пляцоўка для касмічнага карабля, які прыляцеў на нашу Зямлю?

I ў Балівіі былі знойдзены не менш цікавыя старажытныя помнікі. Ля вытокаў Амазонкі блізка ад Ціагунака выяўлены рэшткі вялікага недабудаванага горада. Дамы, храмы, умацаванні складзены з буйных каменняў і блокаў, якія важаць дзесяткі тон. I вось адна істотная акалічнасць. Горад будаваўся ў гарах на вышыні чатыры тысячы метраў. Якім чынам дастаўляліся сюды будаўнічыя матэрыялы знізу! Легенда інкаў расказвае, што будавалі яго белыя барадатыя людзі, якія ўцяклі потым у час паводкі на лодках, пакінуўшы будаўніцтва незакончаным, і больш ужо не вярталіся сюды. Вучоныя лічаць, што гэтаму гораду каля пятнаццаці тысяч год.

— Здорава! — Віця не зводзіў вачэй з Паўла. А Валя сядзела на лаўцы і задумліва вадзіла наском туфля па пяску.

— Але і гэта яшчэ не ўсё. У храме Каласавех на «Варотах Сонца» вучоным пазней удалося расшыфраваць самы старажытны каляндар. Год яго, аднак, не падобны да зямнога: мае ўсяго 290 дзён, дзесяць месяцаў па 24 дні і два па 25. Мы ведаем, колькі варыянтаў календара перабралі нашы продкі, пакуль не спыніліся на сучасным. Год у іх таксама адзін час быў меншы, чым наш цяперашні. Аднак продкі ў той час не валодалі дасканалай навукай і тэхнікай, не ўмелі ствараць такія збудаванні. Значыць тыя, каму належаў каляндар, не маглі памыляцца. Хто яны? Прышэльцы з планеты, дзе год мае 290 дзён? А можа гэта не гадавы, а месячны каляндар. Яшчэ ў шасцідзесятыя гады, даследуючы з дапамогай радыётэлескопаў Венеру, нашы вучоныя ўстанавілі, што гэта планета абарочваецца вакол сваёй восі крыху менш чым за дзесяць зямных сутак. А венерыянскі месяц, такім чынам, мае прыкладна (або дакладна) 290 нашых дзён. Дык можа гэта былі госці з Венеры?

Павел змоўк, падсеў да Валі. Яна павесялела, засмяялася:

— Раптам адтуль хто-небудзь цяпер на мяне пазірае… — і перасмыкнула плячамі.

— Няма яму больш чаго рабіць! — абурыўся Віця і звярнуўся да Паўла: — А чым тады растлумачыць, што пазней ніхто да цас не прылятаў?

— Растлумачыць проста, калі паверыць у сам факт. Уяві, што гэта былі прышэльцы з далёкага свету, адкуль святло зорак даходзіць на Зямлю праз многія тысячы год. Нават, калі яны будуць ляцець з хуткасцю святла, то падлічы, колькі часу на гэта спатрэбіцца, і колькі часу пройдзе ў нас на працягу іх падарожжа. Ты ж ведаеш тэорыю адноснасці.

Валя зірнула на гадзіннік.

— Зойдзем, Паўлік, у дом. Пабудзь крыху ў нас перад расстаннем.

Ва ўтульнай гасцінай Павел агледзеўся, быццам быў тут упершыню.

Кожная рэч у гэтым пакоі выклікала смутак. Каб трохі забыцца, Павел сеў да піяніна. Прабег пальцамі па клавішах, бадай, не заўважаючы, што грае.

— «Лунная саната», — сказала Валя. — Бетховен. Сёння ты паланёны космасам, Паўлік.

Павел зірнуў на Валю, не адразу ўлоўліваючы сэнс яе слоў. А Віця сярдзіта зашыкаў на сястру:

— Цішэй ты, без цябе ведаем.

Потым, пачакаўшы, спытаў:

— Павел Канстанцінавіч, дык, на вашу думку, былі яны ў нас?

Павел перастаў іграць, павярнуўся да Віці і сказаў:

— Не думаю. Але як хочацца, каб гэта была праўда!

— А я ўпэўнены — былі, — горача загаварыў Віця. — Проста людзі дрэнна ведаюць пакуль гісторыю Зямлі. А я хоць на Марс, хоць далей куды паляцеў бы, каб знайсці тых касманаўтаў.

— Падрасці яшчэ, — засмяялася Валя. — Чалавек пакуль далей за Месяц ляцець не збіраецца.

Павел зноў нахіліўся да піяніна і, беручы акорд, закончыў думку:

— Упэўнены, што хутка людзі пабудуць і на Марсе, і нават далей.

— Чуеш? — Віця радасна зірнуў на сястру.

— Блазнота, — адмахнулася Валя, і няясная трывога зноў ахапіла яе.— А скажы, Павел, навошта табе спатрэбілася капацца ў старых падшыўках? Гэта табе даручылі, так?

Павел кіўнуў галавой.


III

Важная перамена, калі яна мае адбыцца ў жыцці, пэўным чынам адбіваецца на кожным чалавеку. Часам яна выводзіць з раўнавагі нават флегматычных людзей. Навіна ж, якую атрымаў Павел, яго проста ашаломіла. Наўрад ці знайшоўся б такі моцны чалавек, які ўспрыняў бы яе спакойна. Палёты ў космас хоць і прынеслі вялікія поспехі, засталіся ўсё яшчэ надзвычай складаныя і часта небяспечныя. Чалавек дасягнуў Месяца, ступіў на яго паверхню. Але не заўсёды гэта праходзіла без ахвяр. Павел добра помніў імёны касманаўтаў, якія не вярнуліся на Зямлю. Таму можна было дараваць, што ён праз усю ноч перад ад’ездам у Маскву ні на хвіліну не прылёг. Аж пакуль не развіднела, ён стаяў ля акна і думаў, думаў.

Сярод вучоных хадзілі чуткі, што новая экопедыцыя накіруецца ўжо да іншых планет.

Шчыра кажучы, Павел не верыў гэтаму. Ён ведаў тэхнічныя магчымасці касмічных караблёў і разумеў, што адпраўляць іх на мільёны кіламетраў у бездань космасу па меншай меры рызыкоўна. Але ж некаму трэба быць першаму з людзей, якія паспрабуюць пабываць на Марсе або на Венеры, нават пры ўсёй небяспечнасці такога падарожжа.

Не, Павел не баяўся. Страх — не тое слова, якім можна было вызначыць ягоны душэўны стан. Пабываць на іншай планеце! Гэта не так палохала, як вабіла. Думка, што можна загінуць, не прыходзіла яму нават у галаву, як не прыходзіла, напэўна, і тым, хто калісьці адкрываў невядомыя мацерыкі, шукаў