Litvek - онлайн библиотека >> Уладзімір Шыцік >> Научная Фантастика >> Апошняя арбіта >> страница 2
class="book">Электрабус спыніўся на плошчы, у канцы якой за высокай ажурнай аркай пачынаўся Цэнтральны стадыён. Павел саекочыў першы, памог выйсці Валі. Аўтавадзіцель, падпарадкоўваючыся сігналу механічнага кандуктара, павёў электрабус далей.

— Паглядзі на ўваход. Мне заўсёды здавалася, што арка трохі нізкаватая. I ведаеш, чаму? Плошча насупраць прасторная. А цяпер бачу, што памыляўся. Вунь тыя пікі над сярэднімі калонамі… — паказаў Павел. — Яны імкнуцца ўвышыню і нібы цягнуць за сабой усю канструкцыю.

— Фантазёр, — засмяялася Валя. — Не можаш ты без неба.

— Мы народжаны адзін для аднаго!..— пачаў Павел, думаючы пажартаваць, але не вытрымаў тону і, збянтэжыўшыся, растлумачыў: — Гэта значыць, я і неба.

— Я так і зразумела. То, можа, гэтыя пікі памогуць табе здабыць новыя таямнічыя сігналы з Сірыуса?

— Здзекуешся? — Павел пасур’ёзнеў. — Вось зараз утаплю!

Апошняя арбіта. Иллюстрация № 3

Падхапіўшы дзяўчыну на рукі, ён падбег да басейна з фантанам, што ўскідваў высока над плошчай каскад сваіх пырскаў, і, апускаючы Валю да самай вады, сказаў:

— Прасі прабачэння!

Валя адбівалася, спрабуючы вырвацца, і ўрэшце здалася.

— Добра. Твая ўзяла.

А калі ён паставіў яе на зямлю, крыху адбеглася і сказала:

— Я памылілася, не з Сірыуса, а з Лебедзя...

Павел махнуў рукой, маўляў, што з такой зробіш.

Яны зайшлі на стадыён. Там разыгрываўся Вялікі кубак рэспублікі сярод юнакоў па мнагаборству. Але перш чым паглядзець спаборніцтвы, яны звярнулі да тэніснай пляцоўкі. Абое любілі тэніс, аддаючы яму многа вольнага часу.

3 раздзявалкі Павел выйшаў раней і, не чакаючы Валі, пачаў размінку. Яго рухі былі пластычныя, прыгожыя, нібы ў гімнаста-фігурыста, і Валя, выпадкова зірнуўшы ў акно, залюбавалася. Высокі, стройны, мускулісты, Павел быў сапраўдны спартсмен, і ў свой час не адзін трэнер спрабаваў спакусіць яго кар’ерай чэмпіёна. Павел любіў спорт. Але яшчэ больш любіў фізіку, а чэмпіёнам не зрабіўся толькі таму, што не хапіла часу для трэніровак. Затое стаў моцны. Таварышы нават жартавалі, што не ведаеш, чаго ў Гушчы больш — спартсмена ці вучонага. То была праўда, якая, бадай, адыграла не апошнюю ролю ў тым, што Усесаюзны касмічны цэнтр выбраў Паўла ў састаў экспедыцыі. Валя пра гэта яшчэ не ведала. Яна проста, як заўсёды, захаплялася сваім сябрам, хоць сёння чамусьці на яе находзіў смутак: не такі, як заўсёды, быў Павел — ён нейкі ўзрушаны, таямнічы.

Ракетка спрытна лётала ў Паўлавых руках, а Валя зноў і зноў з трывогай заўважала, што Павел робіць больш, чым раней, памылак, што ягоныя ўдары страцілі звычайную дакладнасць. Яна лёгка разгадвала Паўлавы камбінацыі і выігравала адно ачко за другім. Прайграўшы тры сеты ўзапар, Павел схіліўся ў паклоне перад Валяй:

— Прызнаю, о, непераможная, сваю адсталасць…

— Калі думкі тэнісіста лунаюць па-за кортам, яму цяжка разлічваць на поспех, — у тон яму адказала Валя, чакаючы, што Павел зразумее намёк і раскажа пра свае клопаты.

Павел прамаўчаў.

Трыбуны гіганцкай чашы Цэнтральнага стадыёна, поўныя гледачоў, у захапленні гудзелі. Гадоў трыццаць таму назад мнагаборства лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Потым мнагаборства зрабілася і спортам юных.

У фінальных спаборніцтвах удзельнічала дваццаць хлопчыкаў ва ўзросце да пятнаццаці год. Моцныя, рослыя, яны паказвалі выдатныя вынікі. Гэта і выклікала такое бурнае захапленне на трыбунах.

Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы чэмпіёна. Ён лёгка прабег паўтары тысячы метраў, заняўшы першае месца, а праз чвэрць гадзіны пераскочыў планку на вышыні два метры і дваццаць сантыметраў. Не паспелі сціхнуць апладысменты, як фотаэлектронны суддзя зычным голасам абвясціў, што ўзята новая вышыня. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў рэкорд рэспублікі.

Паводле звычаю, пераможца ўзняўся на п’едэстал пашаны і пакланіўся ўсім чатыром трыбунам. Спецыяльныя праекцыйныя ліхтары павялічылі адлюстраванне яго фігуры ў некалькі разоў, і Павел пазнаў чэміпіёна. Гэта быў Валін брат, васьмікласнік Віця Асадчы. Павел ведаў, што Віця таленавіты матэматык. Але што ён цудоўны спартсмен — гэта было прыемнае адкрыццё.

Пасля спаборніцтваў Віця сустрэў Паўла і Валю. Дамоў вярталіся ўтраіх.

Ад ранішняга дажджу не засталося і следу. Вечар быў цёплы, ціхі, напоўнены духмяным пахам ранніх кветак, якія ўжо цвілі на клумбах. Узбуджаны Віця весела ўсіпамінаў пра розныя выпадкі, што здарыліся ў час спаборніцтва. Павел і Валя, занятыя сваімі думкамі, зрэдку падтаквалі.

Нарэшце Валя спытала:

— Паўлік, раскажы, навошта спатрэбілася табе сёння чытаць старыя газеты?


II

Яны спыніліся ля Валінага дома. Павел прыхіліўся да дрэва, зірнуў угару. Скрозь густую крону таполі амаль не было відаць неба. Нарэшце скрозь галінкі прабіўся дрыготкі блакітны праменьчык — вестка нейкага далёкага свету. Зорка… Падумалася, — а можа гэта адтуль прыляталі тыя, хто пакінуў неразгаданыя сляды на нашай зямлі?

— Ну! — Валя дакранулася да Паўлавай рукі. — Ты чуў, пра што я пыталася?

Дзівачка! Хіба ён можа не чуць, калі яна гаворыць? Чуў. Але цяжка расказваць, калі табе самому яшчэ многае няясна і гэтая няяснасць хвалюе цябе.

— Проста не ведаю, з чаго пачаць, гэта вельмі доўга.

— А нам няма куды спяшацца, — Віця сеў на лаўку.

— Дзецям спаць пара! — незадаволена прабурчэла Валя.

— Во яшчэ, — Віця ямчэй умасціўся на лаўцы.

Павел падміргнуў Валі, маўляў, блазнюк, не разумее. Але яму Віця цяпер не перашкаджаў. Няхай паслухае.

Павел быў чалавекам з той фантазіяй, якая памагае абагульняць з’явы, бачыць факты больш поўна і глыбока і, урэшце, прыводзіць да навуковых адкрыццяў. Таму яго нават у звычайных умовах не маглі не зацікавіць гіпотэзы аб касмічных гасцях Зямлі. А цяпер у яго паявілася яшчэ і зацікаўленасць касманаўта.

Валіна пытанне нават прынесла Паўлу палёгку. Нарэшце ён зможа падзяліцца сваімі хай яшчэ неакрэсленымі думкамі.

— Можа, гэта гучыць недарэчна ў наш час, але мы, людзі, якія навучыліся будаваць найскладанейшыя машыны, пазналі шматлікія таямніцы прыроды, не можам растлумачыць зусім простых з’яў… Гэтыя з’явы здаваліся яшчэ больш незразумелымі людзям пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Вось і прыдумалі амаль фантастычныя гіпотэзы пра гасцей з космасу.