Litvek - онлайн библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современная проза >> Вандроўка >> страница 2
аранжава-апельсінавае святло перанесла на тыдзень назад, зноў пішчыць пад нагамі малады снег, падаюць, кружацца рэдкія вялікія сняжыны… Свеціць сонца. Снег чысты, зіхоткі, аж балюча на яго пазіраць. Збоку па снезе марудна рухаюцца два цені – дзявоча-падлеткавы Танін (а ёй шэсцьдзесят пяць!), і мой – няўклюдны, гарбаты, бо за спінай рукзак, дзе выпіўка і закуска. Іншая справа, чаго туды ісці такой парою, такім снегам – тым больш я толькі прыехаў, нават за сталом не пасядзелі, – але гэта ўжо мясцовая традыцыя: колькі сябе помню, яшчэ калі матка была жывая, як толькі прыязджаў, перш чым сесці за стол, выпраўляліся на могілкі. Больш за тое – гэты паход яшчэ трэба заслужыць, не кожнага возьмуць; напрыклад, Танін кавалер – Валодзя (жыве ў мястэчку Каменка за 4 км, хоча да Тані ў прымы, цяпер яны пасвараныя, і ён прыйшоў мірыцца), пакараны, як малое дзіця за шкоду, і пакінуты дома.

Таня ў джынсах і ў валёнках, на ёй аранжавая горналыжная куртка-анарак з капюшонам, з-пад якога выбіваюцца махры хусткі-канаплянкі, невядома з якога куфра выцягнутай, бо даўно такіх не выпускаюць. Перад тым, як ступіць, яна мацае палкаю снег.

“Ты пабач, ну! – сама сабе здзіўляецца яна; голас задыханы, але вясёлы, звонкі ў вясковай цішы. – Якая я стала старая шкарбонка, як каракаціца! Хіба я такой была? Я ж не хадзіла, а лётала!..”

Таня ў нашым родзе – блудная дачка, саромная пляма на гонары сям’і. Мне было 5, ёй 15; памятаю нешта імклівае, як агонь, рыжае, як вавёрка, з задзёртым носікам, вострымі зубкамі, над вушамі куцыя коскі з банцікамі; хуліганістая, трохі, а мо і не трохі, без цара ў галаве; як усе такія “адорвы”, сябравала з хлопцамі, прычым большымі за сябе, гуляла ў футбол, хакей, у разведчыкаў, у ножыкі, у чыку і ў карты на грошы. Неяк на летнія канікулы паехала ў пасёлак Цыгламень Архангельскай вобласці ў госці да нашага дзядзькі, які працаваў там у порце, ды так дамоў і не вярнулася – імгненна ўляцела ў нейкую гісторыю, нешта звязанае з ранняй, школьнай цяжарнасцю, а ў тыя часы гэта было страшней за вядзьмарства ў Сярэднявеччы. Яе бацькі, а мае дзядзька з цёткаю, Сцяпан і Каця, хадзілі апранутыя ў чорнае, на фальшыва-спачувальныя роспыты адказвалі: “Горэ, чалавеча! Горэ!” І хоць Таня неўзабаве выйшла там замуж – ці за таго самага мясцовага рускага, які яе акруціў і спакусіў, ці за другога – не ведаю, памятаю толькі, што з таго часу ў нашай радні само імя яе пачало вымаўляцца як непрыстойнае слова, і доўга яшчэ потым, калі згадвалі яе пры дзецях, чырванелі, паніжалі голас, прыкладалі палец да вуснаў.

Зрэдку Таня прыязджала ў вёску да бацькі з маткаю, спачатку з дзецьмі– двума белабрысымі хлопчыкамі-пагодкамі, потым з чалавекам, Валодзем, рахманым паморам-русацяпам з белымі вусамі. Пітушчы. Частаваў нас, малых, цыгарэтамі з фільтрам і расказваў, як выпіваў з Высоцкім. Не ведаю, дзе ён пасля падзеўся, казалі, што нібыта раздавіла бярвеннямі на сплаве, ці то яны проста развяліся; як бы там ні было, Тацяна без мужа, з двума велікаватымі ўжо хлопцамі вярнулася на радзіму, у апусцелую хату – да таго часу неяк раптоўна, у адзін год, не стала дзядзькі Сцяпана з цёткай Кацяю, пачала працаваць у парніках у Каменцы (памятаю сярод зімы памідоры, гурочкі, салатавага колеру маленькія качанчыкі капусты). Сыны выраслі, пажаніліся, абодва ўзялі ў жонкі мясцовых беларусак, гарадскіх, з кватэрамі, – а Таня так і жыве ў бацькоўскай хаце адна, ці, як апошні час, з кавалерам.

Цікава, што ў гэтага яе кавалера з Каменкі мала таго, што аднолькавае з першым мужам імя, дык яны яшчэ і знешне падобныя: светлыя валасы, белыя вусы, нават адзін і той жа світэр пад горла, з аленямі на грудзях і з арнаментам на рукавах; толькі што той архангельскі Валодзя быў роўны характарам, а гэты, каменскі, – пераменлівы. Я бачыў яго ўсяго тры разы, і кожны раз у новай фазе. Першая – звычайны мужчына, працуе ў кацельні, трымаецца годна, гаворыць па тэме, не перабівае, але і сябе не дае перабіць, цікавіцца палітыкай, нават вядзе блог у сацсетках. Другая – калі сарваўся на паўгода на заробкі ў Расію, адкуль прыехаў ганарысты, непрыступны, выцягваў з кішэні жмуткі рускіх рублёў і яшчэ больш іх камечыў, піў чамусьці з рыльца, хоць сядзелі за сталом і былі чаркі, падпіўшы, геройнічаў: “да я! да мне!”, паплёўваў пад ногі, біў сябе ў грудзі, ледзь не рваў на сабе сарочку… І нарэшце фаза трэцяя – прыніжаны, прысаромлены, пакорлівы.

“…Тыя дзеці, тыя ўнукі, – філасофствуе Таня. – Не едуць, не хочуць, а прыедуць, то ўставяцца ў планшэты, ні лесу не знаюць, ні рэчкі… От пакуль здаровая, ды нічога не баліць, а там каму я буду трэба? Цяпер дзеці не гля­дзяць бацькоў. Шчаслівы той, хто іх не мае! – і адразу ж выцягвае з кішэні смартфон, каб у соты раз пахваліцца: – Паглядзі, якія ў цябе пляменнікі!”

На матавым экранчыку пры ўсім жаданні нічога не разгледзець, але я і так на памяць ведаю: два амбалы з кароткімі прычоскамі, як у фільмах пра 90-я, два сінявокія, белабрысыя нашчадкі Ламаносава, стаяць – адзін каля “бмв”, другі каля “Мерсэдэса”; ведаю таксама, якія яны зухі, спрытныя, удачлівыя, абодва працуюць у Расіі – паўгода там, паўгода дома: цяпер гэта лічыцца (куды мне з маім пісьменніцтвам) неблагой кар’ерай. Няньчачы ўнукаў, Таня прыгаворвае: “Расці, дзіцятко, вялікае, вырасцеш – будзеш, як бацька, у Расію ездзіць…”

Квадратныя могілкі абгароджаны высокім штыкетнікам. Каля плота на пухнатым снезе зусім свежыя заечыя сляды: дзве лапкі-кропкі побач і дзве – адна за адной. Са снегу тырчаць дубцы акацый, побач – такой самай таўшчыні і вышыні высахлыя сцябліны палыну з дробнымі, бы верасовыя, пачарнелымі кветачкамі на канцах.

Памагаю Тані адсунуць варотцы. Тут снегу яшчэ больш, чым на полі, нанесена амаль да паловы штыкетніка, бо ёсць чаму затрымліваць. Магілы дабраліся да самых варот, даўно возяць сюды хаваць з горада, і такое адчуванне, што ўсе гэтыя новыя помнікі, крыжы, агароджы ставяцца і лепяцца абы-як, дзе папала, адно на адно, крыва і коса, не пакідаючы ні сцежачкі, ні праходу.

“Ты пабач, – дзівіцца Таня. – Як я не падумала? Сюды ж не ўлезеш”.

Мы стаім у нерашучасці. Ні ёй, ні мне не хочацца ісці. Тым больш усе Таніны пахаваны ў дальнім ад варот усходнім кутку, мае – у дальнім заходнім.

“Столькі снегу… Яны яшчэ абрыднуць, гэтыя могілкі… Хадзем, мабыць, назад…”

Недалёка, метраў за дзесяць, магіла майго сябра і аднакласніка Сержыка. Вырашаю, раз я ўжо тут, адведаць хоць яго. Ступаю – і адразу правальваюся ў рыхлы снег вышэй каленяў.

“Яны тут не забытыя, – усё нібы апраўдваецца Таня. – Я сюды часта хаджу. І палю, і шышкі вырываю, і

Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Азбука висцеральной терапии [Александр Тимофеевич Огулов] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Соловей [Кристин Ханна] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Маленькая жизнь [Ханья Янагихара] - читаем полностью в Litvek