Litvek - онлайн библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современная проза >> Вандроўка >> страница 5
горад у кіно, на новую камедыю з Рышарам і Дэпардзьё, звінім у кішэнях капейкамі, спрачаемся, каму чарга купляць білеты, і кожны хоча паказаць, што менавіта ён сёння багаты…

Не, нічога не атрымлівалася. Толькі-толькі яны пачыналі збірацца разам, як усё рассыпалася. Ён напярод ужо быў вінаваты перад імі. Баяўся гля­дзець ім у вочы. І зразумела, чаму: ён ведаў іхні фінал, а яны – не. Увесь час недзе за кадрам гэтых успамінаў – рэфрэнам да іх – гучала: “Што са мной будзе?”, а ён адводзіў вочы і ніяк не мог вымавіць: “Загінеш ад лапаты”… Тут, канечне, не да рамантыкі і не да лірыкі.

Раптам ён зразумеў (а можа, памаглі некалькі глыткоў “Апфеля”) – так, не атрымліваецца, рассыпаецца, не выходзяць тут і цяпер памінкі па сябрах – бо ўжо яму не трэба гэта. Ён ломіцца ў адчыненыя дзверы, а яно ўжо робіцца само, паміма яго волі, і пачалося яно адразу ж тады, на вясковых могілках, калі, не пытаючы ў яго дазволу, пачаў пісацца ў галаве новы твор. І за гэты час ужо намахана – ён паглядзеў на растапыраныя пальцы – ого, пяць раздзелаў, кожны па 10 старонак… І ў гэтым новым творы, вядома ж, знойдзецца месца і маім бедным сябрам таксама. А цяпер трэба іх адпускаць і вяртацца ў наша апавяданне, тым больш, што малады чалавек, якога я палічыў за гультая-тунеядца, які быў знік, а цяпер зноў з’явіўся – з поліпрапіленавым, вясёлкавых колераў венікам і з сагнутым шуфлікам на доўгай ручцы, і ўжо старанна падмятае і без таго чысты пляц, усё бліжэй да мяне падступаючыся. Можна паспрабаваць угадаць, што будзе далей. Зараз наблізіцца, скажа “хай”, ці старамоднае “гутэнтаг”? Папросіць “раўхэн”? Зробіць выгляд, што яго не цікавіць зялёная, да палавіны адпітая пляшка ў маёй руцэ? Вось ён ужо, спадцішка на мяне пазіраючы, перакладае ў левую руку венік і, выціраючы аб штаны правую, з сарамлівай, вінаватай, як у Танінага Валодзі, усмешкаю падыходзіць да мяне.


2017 г.