Litvek - онлайн библиотека >> Максім Лужанін >> Детская проза >> Добры хлопец Дзік >> страница 3
дно языком. Часамі міску перасоўвалі, адразу ж адшукваў, браў у зубы і стаўляў куды належала, як быццам нагадваючы, што яна не павінна доўга пуставаць.

Калі ж міску налівалі з берагамі і яна смачна паравала, пільнасці ў сабакі намнога прыбывала. У кутку кухні як бы стваралася ахоўная зона, рух спыняўся, нават не патыкайся! Пры кожным кроку, за якім мог хавацца замах на ягонае дабро, Дзікавы лапы сашчэпліваліся вакол міскі і ў вачах з'яўлялася папярэджанне: лепей не чапай!

Выключэнне рабілася для Гаспадара, а больш для Гаспадыні, і не з павагі, а з меркаванняў чыста практычных: абое яны маглі падкінуць костачку ці падсмачыць ежу, не ленаваліся і памяшаць, каб хутчэй астывала.

Алік ступіў у кухню з бясстрашнасцю пяцігадовага чалавека. Узапаветным кутку было ціха, сабака не рабіў ніякіх гукавых папярэджанняў. Аднак усе дарослыя ўстрывожана прыўзняліся з месцаў. А хлапчук нагнуўся, пагладзіў Дзіка на настаўленым хібе, узяў у яго з-пад носа міску і, трымаючы яе перад сабою, рушыў у пакой, дзе мы сядзелі.

Дзік ішоў услед і збянтэжана павільваў хвастом. Пазіраў на нас і нібыта апраўдваўся: «Ну што ты зробіш, малое — дурное!»

Знецярплівеўшы ад чакання, калі будзе канец свавольству, сабака забег наперад і заступіў Аліку дарогу. Морда яго набыла красамоўны выгляд: «Аддай, нарэшце, ты ж гэтага ўсё роўна есці не будзеш!»

Зразумеўшы, што падражнівацца досыць, Алік таксама павольна павярнуўся і занёс міску назад. Дзік па-дружбацку лізнуў яго ў шчаку і лёг чакаць — некалі ж сыдзе гэтая праклятая пара!

Трывожнае ўзрушэнне спала.

— Што ж гэта ты надумаўся, хлопчанька! А каб ён цябе хлэмнуў? Што б твая мама сказала, га?

Малы ззяў, як маладое сонейка, умыўшыся ў расе.

I было чаго! Надумаўся і зрабіў. Першы раз перамог страх і, мала таго, падпарадкаваў сваей волі другую, хай сабе і сабачую. Хлопчык сеў, перанятым ад мамы рухам пагладзіў сам сябе па галаве — гэта азначала: «Маладзец, Алік!»

— А што? Мне хацелася, каб ён сядзеў разам з намі,— у Алікавых вачах бліснуў праменьчык задавальнення: — А як было выклікаць? Але Дзік зразумеў, ён добры хлопец і ніякі не злоснік. Ён зусім не скнара: я мог бы і сербануць ягонага крупніку, каб не гарачы.

Мы дружна зарагаталі з блазнюкоўскага выхваляння: ягоны выхад на самадзейную дрэсіроўку мог скончыцца слязамі і плачам. Аднак азначэнне «добры хлопец» мела пад сабою падставы і ўсім спадабалася. Нашы ўзрадаваныя войканні перапыніў, парушыўшы сваё абвыклае маўчанне, Алікаў апякун, Лявон. Сярод дваровых хлапчукоў ён быў непахісны аўтарытэт: ведаў мноства народных выслоўяў і двойчы прачытаў навылёт усяго Вальтэра Скота.

— Нахабства Аліку лёгка абышлося, бо яны з Дзікам зараз у адным узросце.— Лявон крыху падумаў: — Па розуме. Таму і паразумеліся.

Алік, падціснуўшы верхнюю губку, не прапускаў ніводнага братавага слоўца.

— Праўда,— бязлітасна працягваў той,— Алік умее чытаць, чаго, на жаль, не ўдасца асіліць Дзіку. Затое ён больш высакародны: ніколі не дазволіў бы сабе зачапіць Алікаву талерку.

— А давай паклічам Дзіка на вячэру,— знайшоўся хлопчык.— I я пастаўлю перад ім на падлозе сваю манную кашу.

Лявон не звярнуў ніякай увагі на пярэчанне.

— Сабака названы зусім справядліва. Клічце яго поўным імем: Дзік Львінае Сэрца. Як у Вальтэра Скота.

— Чакай, дык там жа быў Рычард?

— Так. Англічане скарачаюць Рычард на Дзік.

— Нешта ты стаў красамоўны, Лявон,— пасміхнулася Наташа.— Сам жа нядаўна паўтараў прымаўку: «Скажаш — марна масла змажаш, змоўчыш — срэбра горшчык зважыш».

Лявон паблажліва зірнуў убок:

— З кожнага правіла бываюць выключэнні. Сёння выпадак выключны.

Спрачацца не выпадала, выпадак сапраўды быў з тых, што здараюцца не кожны дзень. Да таго ж нас слухаў Алік, для каго Лявон з'яўляўся першым і неаспрэчным суддзёю, тым больш што ён сапраўды навучыў малога чытаць.

З год назад, яшчэ будучы непісьменным, Алік прыцягнуў да нас «Лясную газету» Біянкі. Сеў каля мяне на канапе і выказаў нецярплівы намер падзяліцца найцікавейшымі весткамі з гэтай кніжкі. Хлопчык не зважаў нават на Дзіка, які стаяў поруч з ім і павільваў хвастом, паддобрываўся: ану і ўдасца выпрасіцца на вуліцу.

Напакаваны ад вушэй да пят здабытымі навінамі, Алік гартаў старонкі, упіраючы пальцам на малюнкі.

— А ведаеце, хто гэта? — ён называў звера або птушку і слова ў слова пераказваў змешчаны пад ілюстрацыямі тэкст. Справа растлумачвалася даволі проста: старэйшыя дзеці чыталі ўголас, а ён уважліва слухаў. Дзівіла толькі, як можна было запомніць усё ад вокладкі да вокладкі ў такім даволі таўставатым томіку.

Тым часам Алікаў палец уз'ехаў на новы малюнак.

— А гэта — цецярук!

Хлопец пачаў выкладаць, дзе жыве, чым жывіцца, як выглядае птушка,— слова ў слова па друкаваным.

— А па-мойму, гэта не цёцярук,— я знарок перайначыў слова,— а дзядзярук.

Малы ўстрывожыўся.

— Не, я добра ведаю: цецярук...

Выкарыстаўшы яго збянтэжанне, я пачаў выдумляць:

— Дзядзя, таму што вялікі, а рук, бо мае на кожнай лапе па пяць пальцаў і хапае імі ён усё, як мы рукамі...

Тварык у Аліка пасур'ёзнеў.

— Пайду. Спытаю ў Лявона... Распытванне відавочна зацягвалася, Алік прыйшоў пасля паўдня назаўтра і не адзін, а з братам, відаць, чакаў, калі той вернецца са школы.

Мне было катэгарычна абвешчана:

— Вы жартуеце, а Лявон тое самае кажа, што і я. О, глядзіце,— Алік разгарнуў кнігу на патрэбнай старонцы.— Чытайце, як тут напісана. Лепш я сам прачытаю, я ўжо амаль усе літары ведаю. Ніякіх «дзядзярукаў» няма і бьць не можа.

Пакуль Алік выкладаў свае неабвержаныя доказы, Дзік управіўся з поліўкай і ўсёй паставай паказваў, што зараз самы раз пайсці на праходку, у бок лесу, дзе можна паскакаць, пагаўкаць, а то і выпужаць дурную птушку з травы.

I мы пайшлі. Кожны з нас адчуваў сябе шчаслівым. Дзік праз тое, што бяжыць наперадзе трох прыемных яму асоб і ахоўвае іх, Алік і Лявон — таму, што іх суправаджае такі прыгожы сабака, і ўсе сустрэчныя, напэўна, зайздросцяць ім, мяркуючы, быццам яны — гаспадары гэтага вялікага пса-прыгажуна.

А я? Чаму я пачуваўся шчаслівым, забылася. Хутчэй за ўсё таму, што маім малым сябрам хораша і светла на белым свеце.

КОТ У ГРУБЦЫ. ДЗІК — САНІТАР

Наш сабака сябраваў з катом, насуперак казкам і байкам аб даўняй і трывалай варожасці паміж іхнімі дзядамі-прадзедамі. Як гаворыць народнае паданне, справа зайшла вось за што.

Калісьці ў злагадзе жылі
Сабака й кот з мышамі,
Сяброўства мелі і былі
Знаёмыя дамамі.
Рабілі справы талакой,
Бывала скварка ў кашы...
Кот