Litvek - онлайн библиотека >> Максім Лужанін >> Детская проза >> Добры хлопец Дзік >> страница 2
ужалілася і ўзяла шчанюка да сябе. Сабачка патаптаўся ў нагах, дзе было раўней, не ўпадабаў — халаднавата! — і пакрысе падабраўся пад саменькі твар. Тут, каля цёплай шыі, скруціўся ў абаранак, разявіў пысу, падціснуўшы ружовы язычок, пазяхнуў і адразу заплюшчыў вочы. Праз сон павіскваў, уздрыгваючы ўсім цельцам, і спаў нядоўга.

Насценны гадзіннік пачаў адбіваць поўнач. Шчанюк сеў і ўважліва слухаў, нібы спакмячаў: а гэта што яшчэ за ліха? Сярод безлічы гукаў і мноства ўражанняў на новым месцы бой гадзінніка не ўстурбаваў яго ўдзень. Цяпер гэта было залішне гучна і задоўга на чуткія шчанюкоўскія вушы. Калі бой скончыўся, сабачку расхацелася спаць, ён заскуголіў і пачаў шукаць спосабу дастацца на падлогу: звешваў з канапы галаву, аж пакуль не страціў раўнавагі і не кульнуўся на падаконнік.

— Э, братачка,— сказала, падняўшыся, Гаспадыня,— ты, здаецца, маеш розум.— I вынесла малога на двор.

ВЫБАР ІМЕНІ

Неспакой першай ночы пад новым дахам паўтараўся, пакуль сабачка не асвойтаўся канчаткова. Прывык да свайго закутка і спаў там без лішніх турбацый, толькі падаваў голас, калі прасіўся на панадворак. Ласкавы, ахайны і кемлівы, ён прыпаў даспадобы ўсім, але ніхто з нас не мог адважыцца назваць малога. Паляпшаць і спрашчаць узаемаразуменне з ім можна было толькі выбраўшы гадаванцу імя, трапнае і лёгкае, каб ён запомніў, аглядаўся на вокліч, бег, выконваў даручэнне. Звароты накшталт цюлік, сабачка, цюцька, цю-цю-цю вычарпалі сябе і не прыдаваліся да ўжытку.

— Як жа яго ахрысціць? — разважалі мы штодня, найчасцей за снеданнем.

— Праўду казаў Марат,— сказала аднойчы Гаспадыня,— гэта будзе вялікі сабака. I разумны. Сёння ён бегаў са мною па ваду на калонку. Падышла суседка з вёдрамі, дык ён наставіў поўсць і, што вы думаеце,— забрахаў.

— Выходзіць, імя трэба даваць з разлікам, відаць жа, ён яшчэ паразумнее.

— Ад зямлі не відзён, а сваіх бароніць,— усцешылася Гаспадыніна сястра Наташа.

— Хай тады завецца Абаронца,— услед за маці падхапіла Іна, самая малодшая жыхарка кватэры.

На гэтым, аднак, не спыніліся, лепш пачакаць: імёны, як і мянушкі, звычайна знаходзяцца самі, адразу прыстаюць да сваіх будучых носьбітаў, выяўляючы якую-небудзь характэрную рысу іх выгляду ці характару. Сапраўды, імя знайшлося само. Спачатку адно, а пасля і другое, канчаткова.

ЯК БРЭХ СТАЎ ДЗІКАМ

Шчанюк змалку трымаўся вельмі салідна. Павольна хадзіў, бегаў трухам, не спяшаючы, таксама не хапаючыся еў. I галасу без толку не падымаў, ніколі не заходзіўся брэхам ад першага шолаху за акном ці на гародзе.

Злавіўшы вухам шум ці гукі, пакуль чутныя яму аднаму, падымаў з падсцілкі галаву і клаў яе на лапы, каб расслухацца: абвяшчаць трывогу ці драмаць сабе паціху далей. Калі ўчуты шум не ўпыняўся, сабака падымаў галаву вышэй і надаўжэй і коратка папярэджваў: «Бб-боў!» Так ён нібыта даваў знаць: я — напагатове, але не турбуйцеся, небяспекі блізка няма.

Другой ступенню зрыхтаванасці да абароны было нешта сярэдняе паміж «бб-боў», «бб-бух» і «бб-рэх!». Але сігнал падаваўся значна галасней і паўтараўся двойчы. Гэта азначала: парушэнне спакою набліжаецца, чуецца зусім выразна.

Сабака ўсхватваўся на лапы, боўкаў разы тры і ваяўніча станавіўся каля ўвахода. Калі нехта незнаёмы хадзіў пад вокнамі ці браўся за клямку, боўканне падвышалася на ўвесь голас, з перапынкамі, і сур'ёзна: лепш не патыкайся, маўляў.

Усе гэтыя звычкі сабака захаваў і надалей: заставаўся непаспешным на бягу і на ежу, легкаважных высноў наконт небяспекі не рабіў і лішняга галасу не ўчыняў.

У адным толькі быў скоры: збірацца гуляць. Зачуўшы ўлюбёнае слоўца і ўявіўшы, колькі прыемных нечаканак можа трапіцца падчас праходкі, ён ужо ўстояць на месцы не мог. Радасна цяўкаў і грудзьмі адчыняў дзверы ў калідорчык.

А тут — стоп! Далей сам не вырвешся — знадворныя дзверы на зашчэпцы.

Не шкадуючы лап, сабака кідаўся ў пакой да вешалкі, дзе апранаўся занадта павольна, як на яго нецярплівасць, а часам і знарок, каб падражніцца, ягоны праважаты. Радаснае павіскванне рабілася настойлівым і, здавалася, пераходзіла ў слоўную просьбу: «Ды не марудзь ты, калі ласка! Уздзявай хутчэй паліто, калі яно табе ўжо гэтак трэба, я ж і ў хаце і на дварэ ў адной адзежы бегаю!»

Пачуўшы паасобны сігнал «бб-боў!», звычайна гаварылі: «О, сабака зрабіў адзін брэх!» I далей: «Чуеце, падае трэці брэх. Трэба ісці паглядзець, што там».

Так пакрысе пачала ўсталёўвацца мянушка. Сямейная нарада памеркавала і ўхваліла:

— Брэх у яго прыемны, барытон мяккі, хоць у салісты аддавай. Значыць, быць яму Брэхам.

З гэтым імем сабачка пахадзіў не вельмі доўга. Ён прыбываў у росце літаральна штодня, уздоўж шэрага хіба сталі значны тры цямнейшыя палосы, акурат як у дзікіх парсюкоў.

Паляўнічы Валянцін нядбала выслухаў цьмяную легенду аб паходжанні нашага выхаванца.

— Нешта вельмі складана. А ці не свінячага ён заводу? Чысты дзік,— і тыцнуў пальцам на цёмныя палосы поўсці на спіне.

Усе дружна сталі пярэчыць: ні з характару, ні з выгляду наш мілы сабачка і блізка не стаяў да названай жывёліны, ні свойскай, ні дзікае.

А «Дзік» — была знаходка! Тое імя, што трэба. Асцярожны, але не баязлівы, кемлівы, хада — спорная, слых — пашукаць трэба, усё гэта прыдаецца і дома і ў лесе, дзе птушкі і звяры трымаюцца ў заўсёднай асцярозе, каб не дацца ў крыўду дужэйшаму.

Дык чаму ж бы не ахрысціць яго Дзік?

Ад гэтай часіны шчанюк займеў імя назаўсёды.

АЛІК, ЛЯВОН I РЫЧАРД ЛЬВІНАЕ СЭРЦА. ЦЁЦЯРУК ЦІ ДЗЯДЗЯРУК?

Каля нас па суседству жыў Лявон, пяцікласнік. Высакаваты пяцёрачнік у акулярах, апрануты ў чырвонае, заакіянскага паходжання пальцечка з амерыканскага барахла, як тады казалі. Ён упадабаў імя Дзік і выказаў пры гэтым не пазбаўлены арыгінальнасці погляд. Выпадак дапамог яму пацвердзіць сваю думку.

Лявон прыйшоў да нас па абедзе з малодшым братам Алікам, вельмі ўцешным і пацешным малым. ён быў гатовы дняваць і начаваць у нас, так цяжка было разлучацца з катком і сабачкам, каля якіх знаходзілася мноства магчымасцей пазабаўляцца.

Кот Хама скончыў полудзень, вымыў мызачку і без асаблівай цікавасці, адчэпнага, чапляў на кіпцюр паперчыну са шпагату, якую Алік вадзіў у яго па самых лапах,— відаць, ката хіліла ў сон. Мала падабалася ляная гульня і хлопцу, ён паглядаў у куханьку, клікаў Дзіка. А той і не думаў варушыцца, вартаваў свае міскі, пакуль астыне поліўка і будзе дадзены дазвол: «Еш!»

Што міска належыць толькі яму, Дзік ведаў добра,— яна заўсёды стаяла на пэўным месцы, каля пліты, і для іншых патрэб не ўжывалася. Сабака дапільноўваў чысціні посуду, сам акуратна вымываў бакі і