Litvek - онлайн библиотека >> Раіса Баравікова >> Детская проза >> Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў >> страница 38
адняў, тут жа назад рынуўся... І цябе своечасова на трап уцягнулі.

— А калі б не ўцягнулі? — запытаўся я.

Антон уздыхнуў, а наш астрафізік сумна пасміхнуўся.

— Твая вячэра ў брата зацягнулася б, — сказаў ён. — І ў нейкі момант ты ўспомніў бы пра наш карабель. І тут жа апынуўся б на ім, але гэта быў бы карабель уяўны. І мы ўсе, члены экіпажа, таксама былі б на ім уяўнымі.

— Акрамя цябе, вядома, — дадаў Антон.

Пасля гэтых яго слоў мы пачалі паднімацца па сходнях трапа на карабель, дзе нас ужо нецярпліва чакалі астатнія астранаўты. У той момант я злавіў сябе на думцы, што ўпершыню ў мяне ў чужым свеце не ўзнікла жадання азірнуцца...

На караблі мы амаль адразу разышліся па сваіх адсеках. Антон нават не стаў адказваць на пытанні, што ж там з намі адбылося? На хаду сказаў усім: «Рыхтуйцеся да адлёту!» І гэтая яго фраза прагучала як сігнал небяспекі. Астрафізік таксама не ўдаваўся ў падрабязнасці, абмежаваўся словамі: «Для доўгага расповеду няма часу, а коратка пра ўсё не раскажаш». Я ж увогуле маўчаў. Толькі, калі да мяне падышоў доктар Савіч і запытаўся, калі зайсці ў мой адсек, я прамовіў: «Ды хоць зараз!»

Доктару, напэўна, хацелася як мага хутчэй пачуць, што нас стрымала, з-за чаго мы вярнуліся назад на карабель? А я нечакана пацікавіўся:

— Фіксатар думак у цябе ці ў камандзіра?

Гэтае маё пытанне яго насцярожыла. Ён затрымаў доўгі позірк на маім твары, быццам хацеў прачытаць на ім, што ж такое магло са мной здарыцца: пачынаецца касмічная дэпрэсія ці проста я перажываю моцны стрэс? Потым сказаў:

— Фіксатар у мяне. Я здымаў дэпрэсію ў лабаранта. Навошта ён табе?

І адказаў на гэтае пытанне доктара я ўжо ў сваім адсеку. Але спачатку расказаў яму пра ўсё тое, што адбылося са мной і Антонам там, унізе, калі мы сышлі на паверхню спадарожніка Цэнтаўры. Доктар слухаў мяне ўважліва, але не надта паверыў у мой расповед, бо, як толькі я сказаў яму пра матэрыялізацыю думак, ён адразу запярэчыў:

— Не-не, тут штосьці іншае! Хм-м... Адрэта на подыуме! Ты ж, спадзяюся, не думаў пра гэта? Ды і як мог падумаць пра такое!

— Вядома, не думаў! Але пра подыум магла думаць бульбінка. Яе думкі матэрыялізаваліся і ўклініліся ў маю «карцінку». У яе, напэўна, і цяпер ёсць нейкія думкі. Іх можна зафіксаваць на фіксатары. Ты гэта зробіш, доктар? Ну, а потым прапусціш іх праз камп'ютэр і выведзеш тэкст: думкі бульбінкі Адрэты. Затым зафіксуеш і выведзеш думкі Скарба...

Доктар Савіч глядзеў на мяне, як на вар'ята.

— Ну ты і сказаў!.. Ха-ха... Бульбінка ўявіла сябе мадэллю! Гэтую казачку раскажаш сваёй пляменніцы па вяртанні на Зямлю.

Пасля гэтых сваіх слоў доктар доўга смяяўся, але, калі я прапанаваў яму ўзяць у мяне гэтыя дзве бульбіны, каб правесці сапраўды амаль казачны дослед, ён не адмовіўся і, пакідаючы мой адсек, сказаў вельмі нават сур'ёзна:

— Мне не цяжка прапусціць бульбіны праз фіксатар. Калі штосьці такое запішацца, я прыйду да цябе з тым тэкстам.

І доктар Савіч праз нейкі час на самой справе прыйшоў з ім да мяне, але гэта ўжо было пасля таго, як мы пакінулі спадарожнік Цэнтаўры, і ўжо ляцелі да гэтай планеты.

4

Я вельмі добра помню той момант, калі доктар Савіч аддаваў мне белы аркуш паперы, на якім былі запісаны думкі бульбінак Адрэты і Скарба. Ён нават працытаваў радок нейкага невядомага мне філосафа: «Усё, што мае прагу да жыцця, — дыхае і мысліць»! І я адразу ж увесь затрапятаў: дослед удаўся! Тут жа хутка пачаў чытаць тое, што было напісана на аркушы.


Адрэта
Як цяжка, як цяжка мне падумаць, што ўжо ніколі не вярнуся ў свой кош... І ўжо ніколі, ніколі не стану Князёўнай бульбянога палетка! А як мне хацелася выйсці на подыум у найлепшай з найлепшых сукенак, у туфліках на тонкіх абцасах! Мой мілы Скарб! Мілы Скарб! Я ўжо ўяўляла цябе ў строгім чорным гарнітуры ў агромністай зале і гукала да сябе, на подыум. Але гэта ўсё засталося толькі ў маіх думках, як і тое, што сказала сваёй бабулі бульбіна Санта, калі пачула, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Ты, вядома ж, гэтага не чуў, а я пачула. Яна сказала: «Бабулечка, фу-у, якая несправядлівасць! Гэтую задаваку Адрэту бяруць на конкурс! А ў тваім жа дупле, якое пратачыў чарвяк Драцянік, затаіўся Каларадскі жук. Выгані яго з дупла, бабулечка! Хай ён накінецца на Адрэту, хай сапсуе ёй твар! І тады... Тады, хто ж возьме на конкурс пагрызеную бульбіну?!»

О-о, мой дарагі Скарб, як жа я ўся затрапятала пасля гэтых слоў зайздросніцы Санты! Але тут... Тут дзяўчынка вырашыла аддаць нас свайму дзядзьку, каб ён пасадзіў нас на нейкім палетку на Цэнтаўры, куды мы цяпер ляцім. Мне страшна, Скарб, вельмі страшна. Мы, напэўна, — першыя бульбінкі, якіх людзі вывезлі за межы Зямлі, і што з намі будзе на той невядомай планеце? Нас ужо ледзь не пакінулі ў нейкім жудасным месцы, дзе астранаўты не схацелі доўга затрымлівацца.

Скарб, мілы Скарб, я так часта ўяўляю сваю баразну, дзе ўпершыню пабачыла сонца і ўвесь навакольны зямны свет. А яшчэ я пабачыла там цябе... Ты ляжаў у суседняй баразне і, напэўна, мяне не заўважаў, ад чаго мне рабілася вельмі сумна. І як жа я ўзрадавалася, калі мы трапілі ў адзін мех, а потым і ў адзін кош! А яшчэ мы маглі быць побач на подыуме, дзе я была б самай прыгожай з усіх бульбінак! У мяне зараз пацякуць слёзы, і я не хачу, каб ты іх бачыў. Навошта, навошта нас узялі ў гэтае доўгае трывожнае падарожжа?! Але гэта ўсё толькі мае думкі, таму што, калі мы зноў апынёмся ў чорнай шкляной скрынцы ў сваім адсеку, на тваё такое частае пытанне: «Ну, як табе, Адрэтачка, падабаюцца гэтыя прыгоды?» я, вядома ж, адкажу: «Усё надзвычай цікава, мой цудоўны Скарб! Вельмі цікава. Асабліва, калі дзядзька Сымон з доктарам Савічам пачынаюць весці свае доўгія размовы пра Сусвет. Мы ўжо столькі часу ляцім у ім! Напэўна, Цэнтаўра зусім блізка, і вялікая боязь ахоплівае мяне. Скажы, мілы Скарб, што ты заўсёды будзеш са мною побач. Я хачу, каб ты гэта паабяцаў мне, каб пакляўся нашым бульбяным палеткам».


Скарб
Напэўна, я не знаходжу патрэбных слоў, каб супакоіць Адрэту. Яна аказалася такой палахліўкай і так часта згадвае пра наш кош! А мне ў тым кашы было цесна, няўтульна і змрочна. З якой цікавасцю я пазіраў на Поўню, якая з'яўлялася ноччу ў акне, і пачынаў ненавідзець свой кош! Я нават не ўзрадаваўся таму, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Гэта такая дробязь для сапраўднай бульбінкі! Іншая справа, Адрэта... Ёй хацелася пабачыць сябе ў бліскучай сукенцы, і хіба можна за гэта дакараць такую мілую бульбінку! Ды я і не дакараю... Я... Я... Захапляюся Адрэтай і баюся ёй у гэтым прызнацца. І зусім не ўмею яе суцешыць. А як мне хочацца ёй сказаць: «Мая чароўная Адрэта, ты нічога, нічога не бойся. Дзяўчынка