Litvek - онлайн библиотека >> Андрэй Федарэнка >> Современная проза и др. >> Шчарбаты талер >> страница 2
2. КАЦЯ

А дзевятай гадзіне раніцы, наказаўшы суседцы наглядаць за кватэраю, яны выйшлі з дому.

Невялікі, ціхі, абступлены пяціпавярховымі будынкамі, зарослы каштанамі і плакучымі вербамі дворык жыў блізкім летам. У пясочніцы пад наглядам бабулек корпалася малеча. З боку праспекта даносіліся гукі жыцця вялікага горада. Дворык быў яшчэ ў цені, сонца толькі­толькі дабіралася да верхніх вокнаў суседняга дома, але было цёпла, нават парна.

— Пастаіш у вестыбюлі, каля сумак,— вучыў бацька,— я пастараюся хутка. Ніяк ты не можаш без прыгодаў... Цяпер думай, каб не спазніцца на вакзал.

— А колькі мы будзем у бабулі?

— Пераначуем і заўтра вернемся.

У школе было ціха, нядаўна пачаўся ўрок. У пустым, гулкім, бы ў час канікулаў вестыбюлі бацька паставіў каля століка вахцеркі сумкі, папрасіў вахцёрку, што сядзела за столікам і чытала газету.

— Паглядзіце, калі ласка, сумкі і яе заадно,— кіўнуў ён на дачку.

Ён пайшоў у самы канец калідора, дзе знаходзіўся кабінет завуча.

Дзяўчынка патулялася па вестыбюлі, пастаяла каля стэнда з раскладам урокаў, падышла да вузкага доўгага люстра, што было ўмацавана на калоне насупраць пустых гардэробных вешалак. Уважліва, прыдзірліва пачала аглядаць сябе з ног да галавы. Агляд не падбавіў настрою. Самае крыўднае, што знізу, да твару — усё выдатна: роўныя, моцныя, з драпінамі на каленях ногі, белыя з зялёнымі паскамі красоўкі, зялёныя шкарпэткі, зялёныя шорты да каленяў; на правай калашыне знізу надпіс «San­Francisco», такі ж надпіс, толькі большымі літарамі, на зялёнай майцы... А вось вышэй... Кірпаты нос, круглыя вясковыя шчокі ў рабацінні — сляды травеньскага сонца... Саламянага колеру валасы, якія зверху, на макаўцы, па­хлапечаму тапырацца віхрамі і якія нельга прывесці да ладу — прычасаць так, як хочацца — толькі калі яны мокрыя... Нічога ад бацькі, уся ў маці і ў бабулю! Не, хіба вочы, сінія, жывыя, з кашачымі рыскамі­зрэнкамі — бацькавыя. Вось каб можна было вочы пакінуць свае, а нос «пазычыць» у Каці... Ненадоўга, толькі каб з'ездзіць у вёску, а тады аддаць назад. Шчокі таксама можна было б пазычыць у Каці, а валасы... валасы тым больш у Каці, у яе самыя прыгожыя ў класе...

Усё ж дзяўчынка звыклася да гэтых шчок і носа і цяпер нават пашкадавала іх. Хай, не бойцеся, не будзе яна вас мяняць на лепшыя, так і быць. Свае як­ніяк.

Прыгадаўшы сяброўку, Аксане раптам захацелася ўбачыць яе.

— Маргарыта Янаўна,— падышла яна да вахцёркі, — папільнуйце сумкі.— І дадала, сарамліва прыцішыўшы голас: — Мне ў прыбіральню трэба.

— Ідзі, ідзі, донечка,— ласкава адказала вахцёрка, цешачыся яе непасрэднасцю.

Аксана хуценька ўзбегла на другі паверх, спынілася каля дзвярэй свайго пятага «А». Трэба было б выдумаць якую прычыну, каб Кацю адпусцілі з урока... Дармо, язык сам штосьці выдумвае, не ўпершыню. Яна рашуча пастукала ў дзверы, тады прасунула галаву, каб упэўніцца, ці не другі якісьці клас займаецца тут сёння. Убачыўшы сваіх і настаўніка гісторыі Барыса Рыгоравіча з указкаю ў руцэ каля вялікай рознакаляровай карты, што была падвешана на дошку і закрывала яе амаль усю, дзяўчынка праціснулася ў дзверы і стала ў парозе.

Вучні засмяяліся, як і звычайра ў такіх выпадках, радыя любой неспадзяванцы, якая ўрываецца ў шэрую звыкласць урока.

— Сядайце, Аксана, і не спазняйцеся больш,— сказаў добры Барыс Рыгоравіч. Ён да ўсіх, нават да іх, пяцікласнікаў, звяртаўся толькі на «вы».

—Я... не на ўрок, Барыс Рыгоравіч,— пачала Аксана,— я... прыйшла развітацца. Мы з татам едзем у вёску. І, відаць, там застанемся назаўсёды...

Клас прыціх. Указка ў руцэ настаўніка таксама застыла, паказваючы на Паўночную Амерыку.

— Вось як? Але ўсяго ж тыдзень застаўся да летніх канікулаў. Вам трэба было б хоць бы давучыыца год...

Аксана ўздыхнула, развяла рукі і апусціла вочы — маўляў, такія сур'ёзныя рэчы не ад яе залежаць.

— Што ж, шкада, шкада,— прамовіў настаўнік. Аксана ведала гісторыю як ніхто ў класе і была яго любімай вучаніцаю. Да таго ж ён, гісторык, добра ведаў Аксанінага бацьку, археолага, і сябраваў з ім.

— Можна, Барыс Рыгоравіч, адпусціць Кацю на колькі хвілін? Мне трэба сказаць ёй штосьці.

— Вядома, ідзіце, Каця! — і калі Каця пачала выбірацца з­за парты, паўтарыў сам сабе: — Шкада, шкада...

Клас так і маўчаў, бы анямелі ўсе. На які міг Аксана забылася, што гэта ўсё яна сама выдумала. Ёй таксама стала так шкада пакідаць гэтыя сцены назаўсёды... А як яе любяць, аказваецца! Яна і не здагадвалася. Варта было пайсці на такі бязвінны падман, каб упэўніцца ў гэтым...

На калідоры яна схапіла Кацю за руку, дзяўчынкі збеглі ўніз па лесвіцы, спыніліся на пляцоўцы паміж першым і другім паверхамі, дзе было вялікае, на ўсю сцяну акно і шырокі нізенькі падаконнік. Адсюль праглядаецца ўвесь вестыбюль, таму адразу можна будзе спусціцца ўніз, калі бацька выйдзе ад завуча. Аксана прысела на падаконнік, сяброўка таксама.

— Ты, праўда, едзеш? — Каця глядзела на яе шырока расплюшчанымі, бы ў лялькі, вачыма. Яна добра і даўно, яшчэ з дзіцячага садка, ведала Аксану, але звычайна кожны раз пападалася на сяброўчыныя выдумкі. І чым больш неверагодныя, непраўдападобныя гэтыя выдумкі былі, тым ахвотней чамусьці Каця ў іх верыла.

— Пакуль мы едзем толькі на разведку,— Аксана цяжка ўздыхнула — ніяк нельга было ўтаймаваць пракляты язык.— Паглядзім, як нас бабуля прыме... Можа, нават давядзецца жыць па чужых людзях.

— А што будзе з вашай менскай кватэраю?

— Давядзецца прадаць.

— А чаму ты раней мне нічога не казала?

— Не магла. Тата забараняў.

Да гэтага дня паміж імі не было ніякіх сакрэтаў. Яны дня не маглі пражыць паасобку, сядзелі за адной партай, рабілі разам урокі, хадзілі адна да аднае ў госці... і вось табе маеш!

— Ты будзеш пісаць мне? — спытала Аксана.

— Буду... Кожны дзень! А ты мне?

Даверлівая, наіўная Каця­лялька глядзела на сяброўку такімі вачыма, што Аксане зрабілася сорамна. Але язык не ўнімаўся; акрамя таго Аксане прыйшло ў галаву, што цяпер вельмі спрыяльны момант, каб праверыць, ці сапраўды Каця так любіць яе.

— А я... нават не ведаю, ці змагу пісаць табе,— прызналася Аксана.— Я, вядома, пастараюся, але часу можа не хапіць. Можа, увогуле давядзецца кінуць школу і пайсці працаваць.

— А ты хіба ўмееш?

— Навучуся. Гледзячы якая праца. Калі не будзе кавалка хлеба на стале, усяму навучышся.

Абедзве памаўчалі, уражаныя безлітаснасцю, жорсткасцю дарослага жыцця, з якім яны ўпершыню сутыкнуліся твар у твар.

— Пачакай! — Каця раптам хуценька запусціла руку ў бакавы кішэнь школьнага фартушка, дастала якуюсьці круглую плоскую рэч, падобную на стары металічны рубель, толькі крыху большую