Litvek - онлайн библиотека >> Ніл Гілевіч >> Современная проза >> Выбар

Ніл Гілевіч ВЫБАР


Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Выбар, — Мінск: Беларусь, 1993. — 248 с. (Плошча Свабоды).


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

І.

АДРАДЖЭННЕ БЕЗ ВЫПРАБАВАННЯЎ? НАІЎНАСЦЬ!..


«Літаратура і мастацтва» за 18 лістапада 1988г.

Праходзяць дні і тыдні — не праходзіць пачуццё сораму. Сораму за тое, што папярэднічала 30-му дню кастрычніка і што тады адбылося.

Напачатку было сорамна за арганізаваную ў друку атаку супраць творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі — атаку неразумную, вульгарную, злобную і асабліва небяспечную тым, што яна бласлаўлялася іменем рабочага класа. Супраць інтэлігенцыі, якая ў нас — плоць ад плоці і косць ад косці народа, у якой не было і няма іншых жаданняў, апрача аднаго: паспрыяць таму, каб жыццё ў краіне стала ва ўсіх адносінах лепшым і, канешне ж, каб забяспечыць сапраўды дэмакратычныя варункі для развіцця беларускай нацыянальнай культуры і нашай роднай мовы. Апошняе асабліва важна, таму што без сваёй культуры і без уласнай мовы нацыя перастае быць сабою, а мы ўсё-такі хочам на гэтай зямлі, на гэтай рознагалосай і рознакаляровай планеце заставацца нацыяй. Зробленыя супроць беларускай інтэлігенцыі публічныя выпады ў друку і на розных форумах (канферэнцыях, нарадах, сходах), арганізаваны паход супроць яе разумных грамадскіх ініцыятыў — сёння, на чацвёртым годзе перабудовы, — гэта самае горшае, што магло быць прыдумана ў кіраўнічых вярхах. І, канешне ж, сведчанне цяжкіх шляхоў перабудовы.

Працягам і вынікам гэтых вялікіх высілкаў афіцыйных улад сталі падзеі, якія мелі месца напярэдадні 30 кастрычніка і ў самы дзень 30-га, у нядзелю. Здарылася непапраўнае: на нашай святой, паленай-перапаленай пажарамі, мытай-перамытай крывёю народа зямлі забаранілі правядзенне старажытнага народнага абраду «дзяды» — з жалобным мітынгам, прысвечаным ушанаванню памяці ахвяр сталінізму і ўсіх, хто аддаў жыццё за светлую долю Бацькаўшчыны. Матывы забароны былі такія смехатворныя, што выглядалі проста здзекам і над здаровай логікай і, перш за ўсё, над пачуццямі людзей. І многія мінчане, у тым ліку навукоўцы, мастакі, літаратары, пайшлі ў нядзелю на Усходнія могілкі, каб хоць ускласці кветкі на магілы «дзядоў» (раз мітынг забаронены) ды пастаяць каля іх моўчкі. Зрэшты, можна вельмі шмат сказаць і маўчаннем. Але пастаяць так і памаўчаць ім не давялося: зборнымі сіламі міліцыі горада яны былі разагнаны; асобных вядомых дзеячаў мастацтва і літаратуры, як злачынцаў, заштурхалі, закручваючы рукі, у міліцэйскія машыны, адвезлі ў аддзяленні і пратрымалі там па некалькі гадзін.

Так прайшлі сёлета «дзяды» ў сталіцы Беларусі — старажытным Мінску.

Чаму ж не будзе на душы і цяжка, і сорамна, і сумна!.. Самае сумнае, што гэта здарылася на зямлі, дзе на кожным кроку магілы. І дзе тысячы магіл не проста недагледжаны, а ў дзікім запусценні. І дзе абуджэнне ў людзей пачуцця пашаны да памяці продкаў, а гэта значыць — выхаванне ў моладзі гістарычнай (чытай — патрыятычнай) самасвядомасці, — адна з архіактуальных ідэалагічных задач партыі і ўсяго грамадства. Маладыя людзі няйначай адчулі покліч і загад-патрабаванне самога часу — і пацягнуліся душой да гісторыі свайго народа, да яго памяці, іначай сказаць — да сапраўднай вялікай культуры — паколькі культуры «бяспамятнай» не бывае. Тыя, што ішлі 30 кастрычніка да Усходніх могілак, — гэта, агулам узята, лепшыя, палітычна свядомыя сілы нашай сучаснай моладзі (пра выключэнні, пра балбесаў ці правакатараў, што прымазваюцца да добрых людзей, — гаварыць не будзем). Гэта якраз на іх можна і трэба абаперціся ў выхаваўчай рабоце, у тым ліку — у намаганні грамадства затрымаць развіццё такіх небяспечных негатыўных з'яў, як наркаманія, прастытуцыя, жорсткасць і хуліганства, балдзенне ад рокавай «чумы» і інш. Але, як бачым, для некаторых чыноўнікаў усё гэта менш небяспечнае, менш страшнае, чым рост гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці маладых людзей. Калі б не так — яны б горача падтрымалі ідэю штогадовага правядзення калектыўных грамадскіх «дзядоў» з абавязковым мітынгам-рэквіемам, дзе можна сказаць шчырыя словы пра свае чалавечыя і грамадзянскія абавязкі перад памяццю продкаў.

Гэтага, аднак, не адбылося. Адбылося штосьці іншае — прыкрае, непрыгожае, ганебнае... І вельмі ж неразумнае! Уяўляю маладога міліцыянера, нядаўняга школьніка, які цягне ў машыну таленавітага пісьменніка Уладзіміра Арлова і таленавітага мастака Аляксея Марачкіна... Ды яму б разжыцца на кнігу гэтага пісьменніка, уважліва прачытаць яе ды задумацца над прачытаным, ды яшчэ і аўтограф папрасіць на памяць!.. Ды яму б схадзіць і паглядзець цудоўныя карціны гэтага мастака, набрацца ад іх святла, дабрыні і радасці, узвысіцца пачуццём і думкай, акрыліцца душою!.. На жаль, на жаль!.. Кніг Арлова ён яшчэ не чытаў, карцін Марачкіна яшчэ не бачыў, а ў машыну гэтых таленавітых творцаў ужо цягнуў... Як злачынцаў. А пасля будзем здзіўляцца: чаму ў нас столькі хамства і дзікунства, адкуль яно ўзнікае?

У тым, што адбылося з сёлетнімі «дзядамі» (летась яны прайшлі спакойна), вінаваты і мы, працаўнікі мастацтва, літаратуры, навукі. Калі два гады назад гэтак жа гвалтоўна былі разагнаны дзеці, школьнікі, вучні рэспубліканскай мастацкай школы, якія рашылі правесці свята «гукання вясны», прыйшлі паказаць людзям беларускія народныя танцы, чароўныя вясновыя карагоды, — мы тады, на вялікі жаль, не выказалі адкрыта і голасна свайго пратэсту, публічна не асудзілі тое свядома арганізаванае бясчынства. І вось, калі ласка, — першы трывожны сімптом на нашых вачах перарастае ў пачварнае з'явішча.

Калі абагульніць сэнс усіх гэтых падзей — выснову можна зрабіць адну: дэмакратыя сутыкаецца з закасцянелай бюракратычнай сістэмай, культура — з бескультур'ем. У апошні час адусюль паступаюць шматлікія сігналы аб тым, што ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі і перш за ўсё — да беларускіх пісьменнікаў распальваецца падазронасць і непрыязнасць як да ворагаў перабудовы і нацыяналістаў, мабілізуюцца і ўздымаюцца яўна сталінісцкія або проста цёмныя мяшчанска-абывацельскія сілы. Удумацца толькі: пісьменнікі — ворагі перабудовы! Але калі гэта абвінавачванне анекдатычна смешнае, то другое — агідна гнюснае. 60 гадоў назад павалі кляйміць гэтым кляймом нашу літаратуру — і бачыце: курылка ўсё яшчэ жывы! Ужо ўвесь свет ведае, што няма ў беларускай савецкай літаратуры нацыяналізму, што паэтызацыя любові да роднай зямлі і роднай мовы не ачмурае нацыяналістычным чадам нашчадкаў Купалы, Коласа, Багдановіча, а тут, на месцы, усё яшчэ шукаюць, усё яшчэ нюхаюць і выстуджваюць. А ў якасці доказаў
Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Думай как математик [Барбара Оакли] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Кафе на краю земли. Как перестать плыть по течению и вспомнить, зачем ты живешь [Джон Стрелеки] - читаем полностью в LitvekТоп книга - НИ СЫ. Восточная мудрость, которая гласит: будь уверен в своих силах и не позволяй сомнениям мешать тебе двигаться вперед [Джен Синсеро] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Кроссфит мозга. Как подготовить себя к решению нестандартных задач [Игорь Михайлович Намаконов] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Кто не спрятался. История одной компании [Яна Вагнер] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Метро 2033 [Дмитрий Алексеевич Глуховский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - История династии Романовых [Эдвард Станиславович Радзинский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Красная таблетка [Андрей Владимирович Курпатов] - читаем полностью в Litvek