Litvek - онлайн библиотека >> Іван Якаўлевіч Лепешаў >> Языкознание >> Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў >> страница 3
пры вытлумачэнні паходжання фразеалагізма ўзнікае неабходнасць падаваць у слоўнікавых артыкулах і яго сучасны сэнс, для якога адноўленая ўнутраная форма — зыходны пункт.

Фразеалагізм тлумачыцца шляхам разгорнутага апісання яго сэнсу. Пры гэтым формула тлумачэння залежыць ад катэгарыяльнага (найбольш абагульненага, часцінамоўнага) значэння фразеалагічнайадзінкі, ад яе прыналежнасці да пэўнага семантыка-граматычнага разраду — дзеяслоўнага, назоўнікавага, прыслоўнага і г. д. Так, дзеяслоўныя фразеалагізмы тлумачацца пры дапамозе дзеяслоўных словазлучэнняў, назоўнікавыя — пры дапамозе назоўнікавых словазлучэнняў і г. д. Калі дзеяслоўны фразеалагізм прыводзіцца ў загалоўку ў дзвюх трывальных формах граматычна галоўнага кампанента, то тлумачэнне даецца па першай форме (незакончанага трывання). Напрыклад, вынесены ў загаловак выраз браць (узяць) на буксір (каго) растлумачаны так: дапамагаць таму, хто адстае.

Ілюстрацыйны матэрыял.
Следам за тлумачальнай часткай слоўнікавага артыкула ідзе прыкладцытата з твораў беларускіх пісьменнікаў ці з перыёдыкі. Ілюстрацыйны матэрыял выступае дадатковым сродкам семантычнай інфармацыі аб фразеалагізме, садзейнічае асэнсаванню фразеалагічнага значэння, пацвярджае існаванне фразеалагізма ў літаратурнай мове. Калі фразеалагізм мае не адно, а два і больш значэнняў, то адпаведна павялічваецца колькасць ілюстрацый.

Этымалагічная даведка.
У ёй раскрываецца паходжанне фразеалагізма або выказваецца пэўнае меркаванне. Іншы раз супастаўляюцца розныя думкі пра паходжанне фразеалагізма.

Шляхі ўзнікнення фразеалагізмаў самыя разнастайныя. Можна вылучыць некалькі спосабаў фразеалагічнай дэрывацыі.

Асноўны з іх — фразеалагічна-сінтаксічны, г. зн. утварэнне фразеалагізмаў на базе сінтаксічных адзінак (свабодных словазлучэнняў і састаўных тэрмінаў) у выніку іх пераасэнсавання. Такім спосабам утварылася пераважная большасць фразеалагізмаў: абразаць крылы каму, у каго, асінае гняздо, браць быка за рогі, гуляць у маўчанку, закасаўшы рукавы і інш. Нямала фразеалагізмаў узнікла ў выніку метафарызацыі свабодных словазлучэнняў, звязаных з рознымі звычаямі, павер’ямі, легендамі, міфамі і г.д.: адводзіць вочы каму, ад дошкі да дошкі, адстаўной казы барабаншчык, атрымліваць гарбуз, дарункі данайцаў, залаты дождж, калумбава яйцо, устаць з левай нагі і інш. Метафарычнае пераасэнсаванне атрымалі шматлікія тэрміналагічныя словазлучэнні: абсалютны нуль, выдаваць нагара, выходзіць на арбіту, заключны акорд, ставіць знак роўнасці, удзельная вага і г.д. Фразеалагізмамі сталі многія крылатыя выразы: выдраць лысаму валасы, кветкі з чужых палёў, свінтус грандыёзус, хварэць на пана і інш. У выніку метафарызацыі склаліся многія фразеалагізмы, у аснове якіх нерэальны вобраз, напрыклад: вароты пірагамі падпёрты ў каго, грушы на вярбе, з жабіны прыгаршчы, кату па пяту.

Сустракаюцца выразы, якія з’явіліся вынікам метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці з’яў (гл., напрыклад, паходжанне фразеалагізмаў вынесці ўперад нагамі каго, закрываць вочы каму). Сюды ж адносіцца параўнальна немалая група фразеалагізмаў жэставага паходжання (унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану): і брывом не вядзе, круціць носам, ламаць <сабе, свае> рукі, махнуць рукой на каго, на што, паціскаць плячамі, рабіць вялікія вочы, рваць на сабе валасы і інш. Некаторыя фразеалагізмы ўзніклі шляхам сінекдахічнага пераносу (калі назва часткі ўжываецца ў значэнні цэлага): да сівых валасоў, дах над галавой, з вуснаў у вусны, з руку рукі і п д.

Другім, значна менш прадуктыўным з’яўляецца эліптычны спосаб, г. зн. утварэнне фразеалагізмаў у выніку скарачэння прыказак пераважна алегарычнага характару — устойлівых моўных адзінак са структурай сказа. У беларускай мове ёсць каля сотні фразеалагізмаў, якія паходзяць з прыказак, прычым узніклі неаднатыпна. Рознымі шляхамі ўтварыліся, напрыклад, выразы адальюцца слёзы каму чые, гром грымнуў, крывое кола, кусаць сабе локці, як нітка за іголкай адпаведна з прыказак Адальюцца воўку авечыя слёзы; Пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца; Крывое кола на сябе гразь кідае; Блізка локаць, ды не ўкусіш; Куды іголка, туды і нітка. Значэнне фразеалагізма, утворанага на аснове прыказкі, знаходзіцца ў семантычнай сувязі з агульным сэнсам прыказкі.

Трэці спосаб, таксама малапрадуктыўны, — фразеалагічна-лексічны. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што фразеалагізм утвараецца на базе асобнага слова, у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Так склаліся, напрыклад, такія выразы генетычна каламбурнага характару: гад печаны, гарадзіць плот, дулю з макам, заводзіцца з паўабароту, малоць не падсяваючы, плесці лапці, цягнуць рызіну. Гэтыя фразеалагізмы пры супастаўленні іх з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі не ўспрымаюцца як метафарычныя ўтварэнні. Яны ўзніклі ў выніку адначасовай рэалізацыі двух значэнняў аднаго са слоў-кампанентаў і яго каламбурнага дапаўнення другім словам (гл. пра гэта больш падрабязна, напрыклад, у слоўнікавым артыкуле варона загуменная).

Сэнсаўтваральны кампанент маюць і такія фразеалагізмы, як адзін канец, быць, трымацца, стаяць і пад. на роўнай назе з кім, чортава гібель каго, чаго, чорт лысы.

Сярод выразаў, утвораных фразеалагічна-лексічным спосабам, можна асобна вылучыць невялікую групу фразеалагізмаў, у якіх «кожны кампанент паасобку семантычна суадносіцца (але не супадае!) з перыферыйнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання»[7]. Гэта фразеалагізмы з аналітычным значэннем: благім матам, браць верх, знаходзіць агульную мову з кім, падаць духам, падымаць голас, стаяць на сваім і інш.

Агульнае, што аб’ядноўвае фразеалагізмы, утвораныя любым з трох названых спосабаў,—гэта іх узнікненне на аснове адзінак іншых моўных узроўняў — словазлучэння, сказа, слова. Разам з тым у мове ёсць нямала выразаў, якія ўзніклі на базе ўнутраных фразеалагічных рэсурсаў, склаліся на аснове ўжо існуючых фразеалагічных адзінак. У такім разе можна і трэба асобна гаварыць пра ўнутрыфразеалагічную дэрывацьно і яе шматлікія разнастайныя працэсы ўтварэння новых фразеалагізмаў.

1. Мадэліраванне фразеалагізмаў, г. зн. стварэнне новых выразаў па гатовай мадэлі — на ўзор тых, якія ўжо ёсць у мове. Звычайна пры мадэліраванні выкарыстоўваецца структура фразеалагізма-папярэдніка і адзін яго кампанент, другі ж замяняецца іншым словам. Гл., напрыклад, пра ўзнікненне такім чынам наступных фразеалагізмаў: ад а да я, біць у званы, звязваць канцы з канцамі, з другіх вуснаў, капціць свет, на
Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Время всегда хорошее [Андрей Валентинович Жвалевский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - В канун Рождества [Розамунда Пилчер] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Подстрочник: Жизнь Лилианны Лунгиной, рассказанная ею в фильме Олега Дормана [Олег Вениаминович Дорман] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Исповедь экономического убийцы [Джон Перкинс] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Казус Кукоцкого [Людмила Евгеньевна Улицкая] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Манюня [Наринэ Юрьевна Абгарян] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Вафельное сердце [Мария Парр] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Хранитель древностей [Юрий Осипович Домбровский] - читаем полностью в Litvek