Litvek - онлайн библиотека >> Васіль Быкаў >> Советская проза и др. >> Знак бяды >> страница 78
каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.

Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!

Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.

Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.

Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно — увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля ўстала і ўзяла рыдлёўку.

Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.

Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго — усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.

Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.

Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, — і стала сцюдзёна.

Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну. Есці таксама хацелася вельмі, а ў яе не было нават скарынкі хлеба.

Сцепаніда марудна апусціла ногі і злезла з палка. На дварэ ўжо вечарэла, але яшчэ было відно, у завуголлі гуў вецер, і голле ліп на падворку апантана матлялася, гнучыся пад няспынным ветраным напорам. У грубцы ляжалі накладзеныя пазаўчора дровы, трэба было толькі падпаліць іх. Сцепаніда ўзяла з загнеткі лучынку і сунула руку паміж печчу і сцяной — там яна хавала ад Петрака запалкі. Толькі яна дастала адтуль карабок, як на падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца, і з карабком у руках яна падскочыла да акна.

Рудзька скакаў па двары і апантана брахаў, аж захліпаўся, а па дарожцы з гасцінца да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. Здалёку яна нібы пазнала кожнага з іх і сказала сабе: «Ну, усё!»

Як ні дзіўна было для яе самой, яна не дужа спалохалася і не пабегла нікуды, нібы чакала таго і разумела непазбежнасць менавіта такога канца. Напружаннем збянтэжанай памяці яна толькі прыкінула цяпер, што трэба зрабіць напаследак, і не ўспомніла нічога. А можа, яна ўсё ўжо зрабіла? Яна сунулася ад акна ў запечча, потым выбегла ў сенцы, мусіць, каб быць далей ад акон. Рудзька ўсё захлынаўся ў варотцах, і тады на дарожцы зводдаль бабахнуў першы іх стрэл. Рудзька прарэзліва заскавытаў і сціх — ці не назаўжды? Яна зразумела: цяпер чарга будзе за ёю.

Штосьці сцяміўшы, аднак, яна кінулася з сянец у істопку і накінула крук на прабой. Не, так проста яна ім не дасца. Яна ўсё ж не Рудзька. І не Пятрок. І нават не Карніла. Яшчэ яна з імі пабораецца. Хай б'юць! Заб'юць, тады што ж… Тады іх перамога. Але яшчэ не забілі, і па сваёй волі яна ім не паддасца.

Тры ўдары абцасам у дзверы гулка аддаліся ў сенцах.

— Адкрой!

Яна сядзела на кукішках за тоўстым дубовым шулам у істопцы і маўчала.

— Сцепаніда, адкрой! А то ўзламаем!

«Ламайце!» — пакорна падумала яна. Але не так лёгка паламаць старасвецкія дзверы, на якіх у тры пальцы дошкі, скаваны з цэлага прэнта крук, прабіты цераз усё шула і загнуты канцамі знутры прабой. Ламайце!

Яны там перагаворваліся за дзвярыма — прыслухаўшыся, яна пазнала рыклівы голас Гужа, пісклявы падгалосак Каландзёнка, іншыя былі ёй незнаёмы.

— Гэй, акцявістка! — раўнуў Гуж. — Па-добраму адкрой! А то горш будзе! Ты мяне знаеш!

— А скулля вам! — крыкнула яна, не стрымаўшыся, і зараз жа пашкадавала: нашто было з імі вязацца? Хай бы не ведалі, дзе яна, стукалі сабе ў дзверы, біліся галавой аб сцены.

Яна думала, што яны будуць выломваць дзверы, а яны ўдарылі чымсь па акне, у хаце зазвінела, пасыпалася шкло, пасля з трэскам разляцелася рама. Гэта ўжо было горш, гэтак яны хутка будуць у сенцах. Добра, што ў істопцы маленькае акенца, у такое не ўлезеш. Але ж нешта яны надумаюць…

— Багацька, выхадзіце самі, мы біць не будзем, — пачуўся памяркоўны, амаль спакойны голас Свянткоўскага. «І гэты тут! — зласліва падумала