Litvek - онлайн библиотека >> Васіль Быкаў >> Советская проза и др. >> Знак бяды >> страница 76
найперш спецыяліста-вайскоўца, каб нешта там справіць.

Трэба заўтра ж збегаць у Выселкі, падумала яна, да Александрыны, Віктар жа камандзір, павінен нешта ўмець. Калі што, дык у хляўку яшчэ засталося пяць курыц, заплоціць. Ён хворы, кантужаны, мусіць, яму патрэбна кураціна, булёнчык. Яна яго ўпросіць…

27

Як толькі пачало днець, Сцепаніда выйшла з запечча, паправіла хустку на галаве, захінула ватоўку.

Нарэшце канчалася ноч з начнымі прывідамі, думкамі і самотай, — пачынаўся дзень, у які яе чакала шмат спраў і незвычайнага, трохі страхавітага клопату. Яна была цалкам ва ўладзе гэтага клопату і нават ноччу, у сне, бачыла і перажывала нешта, звязанае з бомбай. Снілася ёй, быццам яна караскаецца на нейкую гару і валачэ за сабой цяжкі груз, які цягне яе ўніз, а пад нагамі слізка, як на гразкай дарозе, рукам няма за што зачапіцца, але яна ўсё роўна лезе і лезе ўгору. Тым больш што ўжо блізенька верх, беражок нейкага ўзроўка, ёй патрэбна сілы хоць бы на некалькі намаганняў, хоць бы яшчэ на два крокі. Тут, аднак, штосьці затуманьваецца ў яе свядомасці, малюнак сну перайначваецца, і яна ачынаецца. Яна расплюшчвае вочы і разумее, што зачынаецца ранак.

Але Сцепаніда не дужа ўнікала ў заблытаны сэнс сну, ява яе не намнога ўступала прывідам начы. Клопат падганяў яе, і яна выйшла ў сенцы, узяла з куфра старую, трохі прадраную на рагу кашолку, у істопцы насыпала ў кішэню са дзве жмені зярнят з начовачак, якія так і не дамалоў Пятрок, выйшла на падворак. Стыў мокры восеньскі ранак, вецер гнаў касмылявыя хмары над ліпамі, але дажджу не было, і лясная далячынь за Галгофай выразна вылучалася на небакраі — як заўжды перад халадамі ці зімой — на мароз. Сцепаніда зайшла на дрывотню і расчыніла няшчыльна прычыненыя дзверы хляўка, курачкі радком сядзелі на жардзіне: дзве галовамі да дзвярэй, а тры — да сцяны. У кутку на саломе ля жоўтага старога поклада ляжалі два свежыя яечкі, і гаспадыня са спагадай падумала: бедныя курачкі, яны яшчэ несліся!

Яны даўно ўжо жылі тым, што знаходзілі на падворку, гаспадыня іх не карміла і цяпер, адчуўшы сваю віну перад імі, шчодра пасыпала з кішэні ля парога. Куры захлопалі крыллем, закудахталі і са згаладнелым імпэтам кінуліся з шастка да парога.

Яна яшчэ ім пасыпала і, пакуль яны, штурхаючы адна адну, навыперадкі клявалі, думала: каторую ўзяць? Яна ведала кожную з іх ад пісклячай пары, кожную адрознівала ад іншых па яе аздабе і ўбранству, ведала, якая і калі кожная з іх нясе яйкі. Найлепшыя яечкі несла стракатая, з чорнай галоўкай невялічкая курачка, якую, канешне, яна браць не будзе. Горай за іншых неслася цыбаценькая маладая курачка, чорная, з касматымі ножкамі, самая худзенькая і баязлівая, яе нават і цяпер дзяўблі ўсе іншыя, і яна падбірала ззаду за ўсімі. Але ж які з яе будзе наедак, з худой? І Сцепаніда выбрала жоўценькую спакойную курачку, не горшую за астатніх, але і не самую лепшую. Яна спакойна ашчаперыла яе зверху за крыльцы, і курачка не супраціўлялася, з даверам і добрасцю аддаючы сябе ў гаспадыніны рукі.

Сцепаніда звязала матузком яе ногі і паклала ў кашолку. Затым вярнулася ў сенцы, зняла з вешала над куфарам старую паркалёвую хусцінку і ёю абвязала зверху кашолку.

Перад тым як выйсці, яна азірнула ўбогія сцены сянец, куткі, куфар. Але болей нічога прыдатнага для гасцінца яна не магла нагадаць у сваёй абрабаванай вайной гаспадарцы. Калі не пагодзіцца на адну, яна не пашкадуе ўсіх, хай есць, толькі б удалося тое адзінае, што цяпер адбірала яе ўвагу, клопат і сілы, а можа, і яе жыццё. Іншага яна не магла, а тут у яе руках апынулася такая магчымасць, якая выпадае не кожнаму. Гэта была вялікая яе мэта, і яна пастараецца яе здзейсніць. Шкада, што яна не можа зрабіць усё сама, але, можа, памогуць людзі? Пэўне ж, памогуць. Трэба толькі знайсці здатных людзей — не злыдняў і не баязліўцаў, і тады, можа, Пятрок дачуецца яшчэ, што здарылася на гасцінцы. Абы толькі ўдалося.

Канешне, адчувала яна, з людзьмі будзе самае труднае. Найлепш, калі б яна мела каго з мужыкоў, калі б дома быў Федзька ці хоць бы Пятрок. Яна зноў пабедавала ў думках, калі ўспомніла, як не пусціла ў тую ноч незразумелых захожых, можа, якраз яны і памаглі б? Але ж хто можа напэўна ўгадаць тое, чаго няма і толькі яшчэ мае адбыцца? Ці яна ведала, хто яны? Яна і цяпер нічога пэўна не ведае, толькі здагадваецца і мяркуе. Але меркаваць пра іх можна рознае, ды на справе мала што праўдзіцца.

Настылая за ноч гразь на дарозе студзіла яе босыя ногі, і яна выбірала, дзе трохі сушэй і каб без травы. Трава спрэс была мокрая, як бы ў золкай расе, і ў ёй болей, чым у гразі, стылі ногі. Неба патроху праяснілася, быў позні ранак — хмарны, без сонца, ветраны і сцюдзёны, але яна не заўважала ні ранку, ні сцюжы — яна думала, як лепш падысці да Віктара, каб пагадзіўся. Але ж павінен. Некалі ён быў ладны, паслухмяны і разумны хлапчына, усё бегаў у маленстве да іх на хутар, цягаўся з Федзькам. Аднойчы яна адчытала абодвух за небяспечнае свавольства з запалкамі, карабкоў восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.

Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць.

Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці… Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта… Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя — пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш — знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён.

Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а