Litvek - онлайн библиотека >> Наталля Арсеннева >> Поэзия и др. >> Пад сінім небам >> страница 3
пануе вясна.
Там, дзе з блакітам зьліваюцца далі,
Горы палоскаю сіняю ўсталі,
Места там недзе, між гор залягло,
Ў дымцы хавае сваё хараство.
Звоняць у Вільні ледзь чутна і гукі
Сэрца чапаюць знаёмаю мукай.
Ціха… а тут, паміж соснаў старых,
Ўецца дарога да елак густых,
Ўецца, зьнікае, ізноў выбягае,
Поле і сьнег у кустох агібае,
Ўецца лагчынкай, дзе цені ляжаць,
Сосны дзе ў сіняе неба глядзяць.
Ціха, ўсё ціха… Заплюшчыўшы вочы,
Тут-бы, на сонцы, сядзела да ночы,
Твар прылажыла-б да цёплай зямліцы,
Слухала-б грукат вясеньні крыніцы,
Слухала-б тое, што ветрык пяе,
Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне…
Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе й ласкае вясеньняе сонца!

Красавік

Максіму Гарэцкаму


Неба сіняе, сіняе, сіняе…
Ані межаў у ім, ані дна.
На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю
пазірае мне ў вочы вясна.
Лазьнякі срэбным пухам акрыліся,
вецер пыл па-над імі мяце,
тут — пралескі ў раўку затаіліся,
сірацінай фіялка цьвіце,
там — жаўцеюць вяночкі вясновыя
красак нейкіх нязнаных яшчэ,
там — ізноў — залатыя, ліловыя…
Зь іх вясна дываны свае тчэ.
Як тут ціха, ні гулу, ні гоману,
пачынае нат сум засынаць,
ды душою жывою, нястомнаю
чую ўсё ж я, што ўсюды вясна.
I нічога мне ўжо не жадаецца,
ні каханьня, ні сьветлых мінут,
у душы маёй штосьці зрываецца,
што няўзнак адцьвітае, а тут —
тут фіялкі цьвітуць цёмна-сінія,
сеюць водар салодкі вясны,
што брыдзе прыгажуняй-княгіняю,
рассыпае вясновыя сны.

Май


Абляцелі вішні… Пагусьцелі клёны,
зашумеў, бы ўлетку, сьвежы, новы гай,
праляцеў нячутна красавік зялёны,
на зямлі пануе сьветла-пышны май.
Пасінела й неба… Ласкай залатою
залівае сонца поле і мяне.
Пасмаю сівою проста прада мною
таюць плямы-горы недзе ў тумане.
Сонца шчыра грэе. Хораша у полі,
зацьвітаюць краскі між травы густой.
Чую ўсёй душою, што я зноў на волі,
што узноў у сэрцы — веснавы настрой!
Сьцень наклаўся сіні ад бярозаў тонкіх
на дыван, заліты залатым сьвятлом.
У красе калінаў, у лісткох рамонкаў
сьвецяцца расінкі, з маладым лісьцём
ветрычак жартуе, а ўгары, ў нябёсах
белыя хмарыны заплятаюць сець.
Пад гарой палоскі маладых калосьсяў
зырка зелянеюць… Хочацца глядзець,
заглядаць бясконца у блакіт празрысты,
аб нічым ня думаць, толькі сьніць а сьніць,
сьніць аб сінім небе, гэткім чыстым-чыстым,
і аб сонцы й шчасьці, што мне значаць дні.

Ноч


Загасьлі апошнія косы
кароткай маёвай зары.
I чыстыя зоры, як росы,
як сьлёзы, зазьзялі ўгары.
Растаялі лёгкія хмары,
і сталася неба — бяз дна.
Спавіўшы імглою абшары,
там ноч панавала адна.
Акрыўшыся хусткай туманаў,
ступіла яна на зямлю,
над сьветам, паснулым да рана,
раскінула ўладу сваю:
спляла сіняватыя сьцені
між цёмных кляновых камлёў,
і месяца косы-праменьні
сыпнула у цемру палёў.
Збудзіла зноў ночныя змовы,
шэпт-шэлех густое травы,
ўзьняла з жабім хорам размовы,
заплакала ў плачы савы.
Да сэрца людскога паволі
вужакай сьлізкой падпаўзла,
старыя, забытыя болі
з прадоньня узноў узьняла.
Збудзіла ў адных, не іначай,
як важкай крануўшы рукой,
найгоршае пекла распачы,
а ў іншых — дзіўны супакой.

На сенажаці


Косы зьвіняць… Сьпеўна ўзносяцца зыкі,
поўняць жыцьцём жаўтацьвет-сенажаць
майстры дзіўныя зь нязнаных музыкаў,
                     косы зьвіняць…
Кмена пах цягне па мокрых пракосах,
водарыць сенам у пухкіх капах!
Дыхае поле у сонцавых косах,
                     кмену йдзе пах…
Песьню жанкі запяялі нясьмела,
і — звоніць уся сенажаць,
з гукамі — ўдалеч, здаецца б, ляцела…
                     Косы зьвіняць…

Улетку


Жамчужнай мглою хмаркі абвязалі
        Нябёсы, сонца пуць.
Па залатых жытох сярэбраныя хвалі
        Плывуць, плывуць, плывуць…
Які прастор кругом! Бязь берагу, бяз краю
        Калышуцца жыта!
Ў ружовым полымі вятраны дзень згарае, —
        Як цёпла, любата…
Шматфарбным дываном, красой-вясной сатканым
        Лажыцца сенажаць.
I ў дзень, і на зары, і ўвечары, і зрана
        Там жаўранкі зьвіняць.
I звонкі іх прызыў, і лёгкія ўздыханьні
        Красуючых палей, —
Нясуцца да нябёс малітвай дзякаваньня
        Вышэй, вышэй, вышэй…

У лесе

Ф. К.


Лес вітаў нас нячутнымі словамі,
нам сьмяялася неба празрыстае,
а над намі, ўгары над дуброваю,
хмаркі таялі, лёгкія, чыстыя.
Па узгорках, па травах уквечаных
косы сонца нізкога туляліся,
у аўсох запыняліся нечага,
адплывалі, ізь ценем зьліваліся…
Штось шасьцеў лес… Дубровай зялёнаю
слаў ізь ветрам нам шэлехі зводныя,
і здавалася дзіўна знаёмаю
мова іх, і чужая, і родная…

Вячорны абразок


Зьмярканьне…
Зь яснага блакіту
зьнікаюць фарбы, бліскі дня,
і чыстым золатам заліта
ціхіх палёў далечыня.
Істужкай сьцежка ўецца ў жыце,