Litvek - онлайн библиотека >> Янка Брыль и др. >> Роман и др. >> Я з вогненнай вёскі... >> страница 3
было!.. У вядры нясу, нясу, нясу з Красніцы. Гэта — як яе спалілі. Я ўжо сабе туды прайдуся. Можа, заб'юць. Як не дабівацімуць, то не дабівацімуць. А ўжэ по тры дні кончылася дабіванне. Ужэ я мэду нанасіла і ўжэ сабе кватэру шукаю. Мы ўжэ тыждзень сядзелі там, ужэ яна, дзядзіна, кажа:

— Шукай кватэру. З-за цябе, недабійку, і каб нас не пабіл і немцы…

У Лабановіча кватэру найшла, у Аляксеевай маткі, у беднае жанчыны вынайшла.

Сабе думаю: «Пайду я картошкі, хвасолі прынясу».

Пайшла я сабе за тымі прадуктамі, сабе ў Красніцу. А дзеці тама, у Выганішчах.

Нясу я, да гары даходжу — у-ю-юй! — ужэ Выганішчы гараць! Ужэ гараць Выганішчы, з палімёта строчаць!.. Выганішчы га-а-араць!.. Сільны такі вецер, што чалавека з ног валяе. Яны зайшлі ад Бабровіч, з таго канца, о, ад моста. Ужэ вецер і ко-оціць! Цераз дзесяць хат кідала агонь. Я плачу:

— Ужэ мае дзеці рукі мне апрасталі. Дзе мае дзеці?..

Ужэ пабегла я ў Бярэзіну, куды ўсе людзі пабеглі. Нашла адну жанчыну, кажу:

— Мо мае дзеці відалі?


Гаворыць:

— Відалі. Пабеглі. Гэта Насця на плечы Васіля пасадзіла, панесла ў Бярэзіну. Далёка!..

I я туды. Шукала, шукала, мо ад дванаццаці часоў, знайшла — ужо сонца заходзіла. Знайшла я. I сваіх, і Бартановых дзяцей знайшла, пяць штук. Ужэ знайшла, сарай згарэў — картошкі напякла, накарміла іх, тыя чужыя і свае…

I вот я думаю: «Куды мне дзеціся?..»

Пайшла ў балота. Сяджу. Ужо знайшла спічкі, надрала палосся, лапці плесці. I сяджу я там, у Надлеві, ад Выганішч кіламетраў тры, ад Бабровіч — чатыры. Я ўжэ знайшла, дзе з мужам касіла, дзе нашы пакосы. Ужэ не магу, так мне абідно… Ужэ, думаю, пайду пад чужыя стажкі, бо вельмі мне жаль… Дзе касілі, дзе граблі з мужам сена…

Пайшла пад чужыя стажкі. Сяджу.

Ужэ давай картошку чысціць… А тут — зара немцы бягуць!.. Людзі гукаюць, гукаюць на балоце.

Думаю: «Чаго-то яны гукаюць? Гэта так, можа. Можа, маці дзеці пагубіла, можа, дзеці маці загубілі ды шукаюць?..»

У-ух!.. Ажно вылятаюць да мяне два паліцыянты. Выскачылі з-за куста, за мяне — цап! Ужэ мяне ўзялі. Да ўжэ майго хлопца, восем гадоў:

— Сынок, дзе твой бацька?

— Няма, забілі бацька майго. Ужэ забілі немцы Рамана майго.


— Паночак, я сама з голаду, з холаду загіну, адно вы мяне не беце. Я не хачу, каб вы мяне білі. Хай я сама прападу з дзецьмі…

Ён кажа:

— Дзе больш людзі?

— Пабеглі на лес.


— Ідзі на воз! А самі пайшлі.

Каб я пайшла на той воз, да таго бабровіцкага паліцая, што ўсіх дабіваў, што паказваў, дзе хто захаваўся, — ён застрэліў бы мяне, убіў бы. Сільно бабровіцкіх людзей ён выбіваў. Я-то не папала да яго. Яны пайшлі за кусты, а я тожа за кусты. Вы мяне не бачыце, а я вас! I я ў такі цё-ёмны пабегла луг — такі луг, што чарот там, папаратнік, усяго там. Я туды пабегла і ляжу там. Ляжу ўжэ. Яны ўсіх людзей вызбіралі, ужо ціха стала…

Толькі партызаны беглі. Беглі партызаны, маім дзецям мяса варанага далі. Наеліся мае дзеці — вады!.. Ужэ гэты, што два гады:

— Вады, вады, вады, вады!..

А вада павысыхала, мо на метар, нідзе няма напіцца. Цямнее. Ужэ гэты мальчык, што восем лет.

— Вазьмі, — кажу, — мачы свае ў чыгунчык.

Напаілі.

— Не, — кажа, — мамо, не ўкусная вада. Ідзі, шукай смачнае вады! Ідзі!..

Няма нідзе вады. Плакаў той, плакаў… Лягла я. I спічкі е, агню наклаў бы. Ой!.. Ды вады плача. Я вот чэсна гавару вам. Выкапала такую ямачку, выкапала во. «Як на сырой зямлі чалавек паляжыць, — думаю, — то ўмрэ». Выдрала мох, выдрала. Бо малыя. «Як жа я вас накармлю, як адзену?..» От, я ямачку выкапала ў балоце, да самай тарфы, усе мы на яе і паклаліся. Вот ужэ забалеюць, васпаленіе возьме, ужэ яго і не будзе на свеце, хоч адно мне рукі асвабодзіць…

I от жыве! Дажэ ні чуць-чуць не забалеў!

I выйшла я апяць з таго балота.

— Хадзем, — кажу, — дзеці, у Целяханы, хай нас дабіваюць.

Дзеці не схацелі.

— Куды хочаш, мамо, нас у свет вядзі, адно не хадзем да тых немцаў і да паліцаяў!..

У Вялікай Гаці кватэру нашла. Сталі паліці Гаць… Гэто ўжэ я тады ў парцізанах была. Сядзела, сядзела, сядзела, траву сушыла, дзетак травой ахутвала. Здароўе пацярала, раўматызм дастала. От як!..

Дзеці пагадавала, пагадавала. Пайшлі па гасударскай рабоце ўсюды. Дзеці па свеце, а я сабе… Вот, спасіба, пенсію даюць ужэ. Оўцы даглядала, тысячы авэчок нагадавала, дзесяць лет на ферме стаяла. Дзеці работалі.

От, усё сваё страданіе пераказала. Можа, я і залішне што сказала? Я няграматная. Ізвініця».


Маці i сын. Сын i маці


Капыльшчына. Рулёва — нават і вёскай няёмка назваць: тры хаты на ўзлеску, пасёлачак, аднак і ён адзначаны помнікам ахвярам яшчэ адной экспедыцыі 194З года.

Лізавеце Іосіфаўне Кубрак шэсцьдзесят шэсць гадоў. Жанчына нямоглая, з кульбай. Расказвае нібы спакойна. Папярэдзіла толькі: «Не бойцеся, калі я буду ўскрыкваць ад болі: у мяне адлажэнне солей…»

«…Кажуць, што едзе карацельны атрад. З Пясочнага многа людзей сюды прыехала, на сахраненне. А яны, немцы, ехалі не па дарозе, а балатамі: хацелі захваціць усіх. Прыехалі, знайшлі, значыцца, многа чужых людзей. А гэтыя людзі рашылі, што калі едзе карацельны атрад, дык мы будзем з гэтай дзярэўні. Было вялікае гумно калхознае, а зямля тады ўжо была падзелена, дык яны вырашылі, што мы гэта ўсе малоцім тут. Пайшлі нашы мужчыны малаціць туды, і гэтыя пайшлі, з Пясочнага.

А немцы як прыехалі, дык у кожным доме спрашываюць сям'ю, жыцялей дома. Мы памяшчаліся ў цёткі, у нас свайго дома не было. Муж, сын і я. А ў цёткі было дзве дачкі.

Мой муж з сынам таксама пайшоў туды малаціць. У гумне людзі хацелі хавацца па норах, але не паспелі. Немцы адчынілі дзверы. Хто ўспеў цэп хапіць, той нібы малоціць, а хто і не…

А ў дамах яны, немцы, пыталіся: «Дзе мужчыны?» А мая цётка кажа, што малаціць пайшлі. А дзве з Пясочнага, настаўніцы яны былі, сядзяць на печы. Я ўжо ім казала: «Хоць бы вы што вязалі…» Немцы пытаюцца:

— Дзе хазяйка?

А цётка кажа:

— Гэта ў мяне дзве дочкі, і яшчэ пляменнік з жонкай жыве, а ў іх сын.

— А гэтыя хто дзве?

Яна кажа, што гэта людзі з Пясочнага.

— А чаго яны тут у вас?

Яна кажа:

— Тут мае дзяўчаты, і яны прыехалі, скудзельніцамі. Што ж іначай гаварыць?

Яны ка мне:

— Дзе муж?

Ім мужчыны трэба былі.

Я кажу:

— Малоцяць там у гумне.

— Пайдзі пазаві.

Я пайшла пазвала.

— Партызан? — пытаецца. Аёнкажа:

— Пан, які ж я партызан? Вось спытайцеся ў хазяйкі, мы сумесна жывём.

А былі і немцы, і былі паліцаі.

— А гэта хто? Ён кажа:

— Гэта з Пясочнага. Вот у цёткі дочкі, яны падругі, дык яны прышлі да яе.

I немцы ў мужа спрашываюць:

— А калі яны прышлі?

Ён кажа:

— Сёння.

А тыя кажуць:

— А мы тут цэлую нядзелю