Litvek - онлайн библиотека >> Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч >> Водевиль, буффонада >> Пінская шляхта

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч Пінская шляхта

Асобы


Кручкоў – станавы прыстаў.

Пісулькін – яго пісарчук.

Ціхон Пратасавіцкі.

Куліна – яго жонка.

Марыся – іх дачка.

Іван Цюхай-Ліпскі.

Грышка – яго сын.

Цімох Альпенскі.

Базыль Статкевіч.

Харытон Куторга.

Дзесяць іншых асоб.

Дзесяцкі.


Дзея адбываецца ў ваколіцы О.... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі з боку сцэны − хата заможнага гаспадара; пры ёй − лаўка.


З’ява I


Марыся (седзячы на лаўцы, прадзе і прыпявае)

Цяжка жыці мне, дзяўчаці,
3 міленькім ў разлуцы, −
Лае бацька, лае маці,
Што сэрцайка ў скуцы.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!
Маці кажа: век малоды,
Ой, ты яшчэ мала!
А сама ўжо ў гэты годы
Бацьку пакахала.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!
Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона[1] на прасоку. У ім цэлае наша спасенне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай ты госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найяснейшаму ўказу! − то бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вяселле... Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дзерава, крадучыся да Марысі). Баюся, каб не паўставалі бацькі, − нельга было б пабачыцца з ім. (Устаўшы, пахаджваючы па сцэне, гаворыцъ.) Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо не ные па мне... Як прыйдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю і хоць будзе прасіць і маліць, каб пацалавала, дык не пацалую. Дальбог, што не пацалую!


З’ява II


Грышка і Марыся

Грышка. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую. (Цалуе яе.)

Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!..

Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш?

Марыся. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.

Грышка. Выбачай, мілая Марыся, − чуць золак, я з’ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.

Марыся. Трэба было завезці які гасцінчык.

Грышка. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усе прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты, − бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня!

Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!

Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім − уся наша надзея.


Дуэт

Паклаўшы надзеі на Бога,
Чаго ж гараваць?
Прысяглі любіці да гроба, −
Дык будзем жа ждаць.
Хоча няшчасная доля
Навек разлучыці, −
А Бог скажа: мая воля
Ім з сабою жыці!
Не памогуць злы языкі,
Hi бацькоў старожа, −
Ён жа такі пан вялікі,
Што хоча, то зможа!

З’ява ІІІ


Тыя самыя. Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна


Ціхон. Хрэн табе ў вочы, − жонка, а жонка! Хадзі да паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!

Куліна (за сцэнай). Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна ж яшчэ малая. (Уваходзіць.)

Ціхон. Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, − хадзі палюбуйся!

Марыся. Якая ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!

Куліна. Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!

Ціхон. Ах ты, чортаў сыну, − хрэн табе ў вочы! Не годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы не шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.

Грышка. Ды я ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца...

Ціхон. Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку! Жонка, а жонка! Дай мятлу, − хрэн табе ў вочы!

Грышка. Што хочаце, тое рабіце, а ўсё-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі.) Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгам і збівае таго з ног, Марыся ўцякае ў хату.)


З’ява IV


Тыя ж і Куторга

Куторга. Ах, ты, паганец! (Устаючы.) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі, − не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца.) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку.) Відна, відна, − дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў − дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж.

Ціхон. Хрэн яму ў вочы, − будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку!

Куторга. Вот дзіва, − на тое ён і асэсар! Заўваж толькі − у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае − белае ўсё перадзелае.

Гдзе унадзіцца юрыста,
Вымеце хату дачыста,
Такіх дзіваў нагаворыць,
Так многа кручкоў натворыць,
Што, пачасаўшы затылак,
Не рассупоніш памылак.
Не дасі, − цябе замучыць.
Добра стара казка вучыць:
Дзярэ каза ў лесе лозу,
Воўк дзярэ у лесе козу,
А ваўка − мужык Іван,
А Івана − ясны пан,
Пана ўжо дзярэ юрыста,
А юрысту − д’яблаў трыста!
Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты ж такі пісьменны чалавек, − можаш падаць разумную раду.

Куторга. А прымеце ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?

Куліна. Бойся Бога, пане Куторга, − яна ж яшчэ маладзенькая! Гэта ж дзіця горкае.

Ціхон. Які чорт дзіця, калі з