Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Темное прошлое человека будущего [Евгений Львович Чижов] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Хочу и буду: Принять себя, полюбить жизнь и стать счастливым [Михаил Лабковский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Игры, в которые играют люди. Люди, которые играют в игры [Эрик Берн] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Мужчины с Марса, женщины с Венеры. Новая версия для современного мира. Умения, навыки, приемы для счастливых отношений [Джон Грэй] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Книжный вор [Маркус Зузак] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Дюна. Первая трилогия [Фрэнк Патрик Герберт] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Sapiens. Краткая история человечества [Юваль Ной Харари] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Гении и аутсайдеры: Почему одним все, а другим ничего? [Малкольм Гладуэлл] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Якуб Колас >> Советская проза >> У палескай глушы >> страница 47
глядзіць у куток: там нешта заварушылася ціха, без шуму. Не, гэта там, на палічках, ляжаць яго кнігі. Яна ўстае, кладзе ў кнігу кавалак паперачкі, азірае цёмныя сцены - яны непрыветныя і маўклівыя. Яны мёртвыя, бо душа выйшла з гэтага дома. Ёй страшна і жудасна - і разам з гэтым прыемна і смутна.

Што думае аб гэтым бабка? Ну, усё роўна: сягоння яе апошні вечар тут.

Ядвіся яшчэ раз азіраецца. Яе забірае нейкі страх. Ёй хочацца заплакаць. Яна ціхенька ўваходзіць зноў у кухню.

- Ну, бабка, дабранач!

- Дабранач, паненачка! - адклікаецца бабка з печы.

Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Яна ўстае, накідае зашчапку, глядзіць проста па прывычцы ў акно, пазяхае ды зноў лезе на печ і чагось уздыхае, кладучыся ў цесны, цёмны куток, адведзены ёй жыццём. Але бабка любіць свой гэты куточак. Тут ціха, тут цёмна, і толькі прусакі шалпочуцца ў шчылінах, але бабка не чуе іх, хоць і ведае аб тым, што яны тут жывуць і жывяцца ад яе жыцця. Ну, што ж? Няхай.

Ядвіся зноў на двары. Яна падышла да дзікае грушкі. Пазірае на яе, штось разважаючы. Яна аглядаецца, бярэцца за дрэўца. Але грушка моцна бароніць сябе і коле Ядвісі руку.

«Гэта ж я такая калючая, - думае Ядвіся, - бо я - дзікая!»

Яна зноў падымае руку, асцярожненька бярэ за самы вяршок і ломіць яго. Нашто яна гэта зрабіла? Яна проста хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая. Няхай ён ведае гэта.

Яна ідзе на свой двор. Зноў пазірае на гэтыя цёмныя вокны. І месячык адышоўся ад іх, бо яны мёртвыя і іх не ажывіш. Не ажывіш, бо душа выйшла з гэтага дома. Ядвіся глядзіць на іх і не верыць, што была там. Гэта проста ёй прыснілася... Няхай бы ён ужо і не прыязджаў сюды і не даваў бы жыцця гэтым вокнам. А яны ажывуць. Яны зноў ажывуць! Але жыцця яна ўжо не ўбачыць, бо гэта апошні яе вечар тут: яна сама так захацела. Чаму? Яна проста спыніла сваё шчасце і сказала: «Даволі!» Але хто ж вырве з яе сэрца гэта шчасце цяпер? Ніхто. Яна будзе з ім жыць, будзе жыць і з тым, хто сядзеў унь там і праводзіў рукою па сваіх цёмных, маладых вусіках.

Але сэрца ёй кажа: «Я хачу яшчэ болей гэтага шчасця! Я хачу выпіць яго ўсё, усё, да самага дна!» «Не, няхай яно будзе лепш недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута. Так лепей!» - гаворыць Ядвіся да свайго сэрца, ды яно ніяк не згаджаецца з ёю. Яна хоча думаць аб іншым: аб дарозе, аб тым невядомым, што на гэтай дарозе яе напаткае. А ўдумныя, добрыя вочы пазіраюць на яе, як бы просяць, каб аб іх, толькі аб іх думала яна. І сэрца ёй зноў кажа: «Нашто ты лгала яму?..»

Малады месячык схіліўся над ветракамі. Яго ўжо не цікавіць гэта дзяўчына і гэтыя вокны, якія імкнуўся ён ажывіць. Ён яшчэ не акрэп. Яго цягне край зямлі, няясны і мілы. Ідзе ён туды адпачыць, каб набрацца новых сіл на заўтрашнюю ноч. І ён ажывіць гэтыя вокны.

Нявідная рука поўначы ціха праводзіць граніцы між ноччу і днём, і ў вечнасць адходзіць гэты вечар Ядвісі.


XXXVI


Ціхая ноч ляжала над Палессем.

Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі і цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых лазнякоў. І калі спынялася машына на станцыях і паўстанках і заціхаў шум поезда, з балот даносіліся хвалі незвычайна мяккіх зыкаў крахтання жаб. Нейкі невыразна маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі, як бы яны апавядалі гэтай ціхай ночцы і гэтым людзям, што не спалі, адвечную скаргу сваю і смутак свой...

Ізноў шуміць машына, ізноў заліваюцца салаўі.

Вось і станцыя. Дарога скончана. Далей у свет пабяжыць машына.

Лабановіч выйшаў з вагона, крыху пастаяў, падумаў і, не заходзячы на станцыю, пайшоў па палатне дарогі. У галаве яшчэ стаіць шум вагонных колаў, а экзамены, гэтыя новыя ўражанні ўсё блёкнуць і блёкнуць. Пачынае развіднівацца, разам з гэтым абуджаецца Палессе. Далёка ў лесе такуе цецярук, як бы нехта багамольны чытае там малітвы. Яшчэ больш гучна, яшчэ з большым натхненнем правяць салаўі раннія літанні. Як падзяку небу, як дым пахучай смалы, узносяць угару балоты свае туманы, і, здавалася, адпраўляюць набажэнства гэтыя лясы, ахінуўшыся тонкімі тканкамі пары. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра - шчаслівы ўсмех дня, - каб дыяментамі разбіцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы і запаліць іх бляскам найдарожшых каменняў.

Дзесь уперадзе пагруквае, як бы пасмейваецца і перамаўляецца з рэйкамі дрызіна, і гэты вясёлы смех адбіваюць сцены лесу, што стаіць побач чыгункі. Едуць рабочыя, палешукі-хлопцы. Яны вясёлыя, перакідаюцца жартамі і крэпка налягаюць на тоўстыя палкі, падганяючы дрызіну. Збоку дзесь голасна і музычна выводзіць трэлі пастухова труба; балоты падхватваюць голас трубы, нясуць яго далёка па краях лесу і кідаюць невядома дзе. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу.

Настаўнік падыходзіць да пераезда, паварочвае ўправа ў лес і выходзіць на дарогу, што ідзе на станцыю з яго вёскі. Колькі часу ідзе ён між маладых хвойнікаў, выходзіць на круглую палянку, дзе калісь спаткаўся з паннаю Людмілаю. Адгэтуль ужо блізка вёска. Але раніца такая слаўная, у лесе так добра, што ён садзіцца на пень і слухае, як спяваюць дразды, як дзесь на ўзлессі кукуе зязюлька. Ён думае, чым зоймецца цяпер, калі так многа вольнага часу, колькі пабудзе яшчэ ў школе. Напэўна, яшчэ досыць доўга і, ва ўсякім разе, не будзе спяшацца, пакуль тут яшчэ застаецца і панна Ядвіся. Чым бліжэй ён да яе, тым з большаю сілаю ажываюць у ім пачуцці, тым жывей устае прад ім гэта слаўная дзяўчына. Ён падымаецца, ідзе далей.

Дарога выходзіць з лесу на грэблю. За грэбляю відаць Сяльцо, карчма старога Абрама, капліца, высокія дзікія грушы, а за сялом, нерухома падняўшы крыллі, стаяць два ветракі, захоўваючы ўсё той жа выраз здзіўлення. Ён праходзіць грэблю, мінае карчму і хвілін праз пяць адчыняе дзверы і ўваходзіць у кухню.

Каля печы стаіць з вілкамі ў руках старожка, прыстаўляе гаршчочак.

- Дзень добры, бабка!

- Дзень добры, панічок! - прыветна адказвае бабка. - Хіба ж, панічыку, вы пяхотам прыйшлі?

- Так, бабка, на пары сваіх прыехаў.

- Любіце вы хадзіць, панічыку. Няхай бы таварнага пачакалі ды да раз'езда ехалі б.

Бабка чымся заклапочана і як бы нават засмучана.

- А як жа вам, панічок, там Бог паводзіў? - пытае яна.

- Добра, бабка. Хлопцы выдатна паздавалі экзамены. Можна сказаць -