Litvek - онлайн библиотека >> Якуб Колас >> Советская проза >> У палескай глушы >> страница 44
Лабановіч усміхнуўся.

- Вы нават і гэтага не забылі.

- Хто вам казаў легенду аб палескіх прыгожых паннах? - запытала панна Ядвіся, палажыла сваю работу на стол і глянула на настаўніка.

- Гарэлка пана падлоўчага з аднаго боку...

- І панна Людміла - з другога, - падказала Ядвіся.

- Што вы мяне ўсё паннаю Людмілаю папракаеце?

- Я не папракаю і не думаю нават, але панне Людміле вельмі спадабалася гэта легенда.

- А вам яна спадабалася?

- Каб яна для мяне казалася, тады і мне спадабалася б, а чужое любіць - толькі сэрца пераядаць.

- Ну, вы мяне, панна Ядвіся, хочаце ўсердаваць, але вам гэта не ўдасца. А покі што бывайце здаровы.

Лабановіч затрымаў яе руку і з нейкаю просьбаю ў голасе сказаў ёй:

- Вы не выедзеце, покі я не вярнуся?

- Калі я паеду, я і сама яшчэ не ведаю. А можа, і зусім не паеду.

- А вы пад машыну не будзеце кідацца? - ціха спытаў ён яе, усміхаючыся.

- Не буду, - яшчэ цішэй прамовіла яна, азірнулася і апусціла вочы.

Ён умомант нахіліўся да яе і пацалаваў крэпка-крэпка. І, п'яны ад гэтага пацалунка, борзда выйшаў з палісаднічка. А панна Ядвіся сядзела, нахіліўшы галаву, і аб чымсьці моцна-моцна задумалася.

У нядзельку раненька, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі вучнямі, правёўшы ноч на станцыі, садзіўся ў вагон. Прабілі тры званкі, гучна і адрывіста азваўся паравоз, абуджаючы ранічны пакой бясконцых балот, і поезд зрушыў з месца. З шумным шыпеннем выпускаючы пару, усё быстрэй і быстрэй бег паравоз, і ў нейкую своеасаблівую, глухую музыку злівалася тухканне цяжкіх ног поезда.

Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штось прыемнае і радаснае ўлівалася яму ў душу ад гэтых новых малюнкаў і ад гэтага размашыстага бегу машыны. Борзда адыходзіла назад станцыя з высокаю вадакачкаю, закрываючыся свежаю зеленню раслін. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка вынікалі і беглі ўсё новыя і новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты з густымі зараслямі лазы, кустоўніка і маладой асакі рассцілаліся шырачэзнымі круглымі абшарамі, па краях якіх ледзь віднеліся зубатыя цёмныя палоскі лясоў. Балоты канчаліся, побач дарогі ўставалі высокія сцены бору, бор перасякаўся вясёлымі палянкамі; там-сям віднеліся на іх людскія будынкі, а бярвенні гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на разумнай галаве чалавека, які многа думае і разважае. Вясёлыя палянкі абводзіліся аправаю пышна-зялёных хвойнікаў на жоўценькім пясочку. Нейкім прыветам, ласкаю і цішынёю патыхала ад гэтых сакавітых хвойнікаў, ад гэтых людскіх будынкаў. А як прынадна і прыгожа павіваліся і беглі ў хвойнік каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так рэдка пракоціцца сялянская цялежка! А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна купчастых хвоях у полі! Чымся родным, мілым, даўно знаёмым веяла ад аксамітных абрусаў маладога жыта і ад кволых бледна-зялёных усходаў ранніх аўсоў!

Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця, стаяў да таго часу, пакуль машына не стала набліжацца да тае станцыі, дзе трэба было выходзіць.

Выйшлі з вагона і пайшлі шукаць школу. Школа была не вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга. Тры вучні і чацвёрты настаўнік узышлі на ганак школы і спыніліся.

Школа была замкнёна. Лабановіч пастукаў, крыху пачакаў, але нікога там не чуваць было. Пастукалі яшчэ раз. Таксама ніхто адтуль не адклікаўся. Урэшце Лабановіч угледзеў званок. Пазваніў. Зараз дзесь усярэдзіне адчыніліся дзверы і пачуліся крокі, досыць рашучыя, і з-за дзвярэй чыйся голас, таксама строгі, прамовіў:

- Хто?

- Цельшынская школа.

Дзверы зараз жа адчыніліся і паказалі фігуру гаспадара-настаўніка. Трахім Пятровіч Грынько, мужчына гадоў пад трыццаць пяць, толькі што памыўся. Валасы яго былі прычэсаны набок, адна дугавідная пасма валасоў тырчала над ілбом і надавала Грыньку выгляд вучонага чалавека, а рэдкія доўгія вусы рабілі яго строгім настаўнікам.

- Што ж гэта так рана? - спытаў Грынько, пазнаёміўшыся і павітаўшыся з калегам.

- Няхай сабе хлопцы агледзяцца і азнаёмяцца са школаю. Часу ў нас хапае, - адказаў Лабановіч.

- І то праўда, - ужо больш мякка прамовіў Грынько. Як відаць, у гэтым ходзе калегі Грынько заўважыў значную долю педагагічнай стратэгіі і адразу прасякся да яго павагаю.

Вучняў увялі ў школу.

- Ось тут можаце сабе сядзець, хадзіць і спаць, - сказалі ім настаўнікі, а самі пайшлі ў пакой Грынько.

Кватэра тутэйшага настаўніка зразу кідалася ў вочы кожнаму чыстым выглядам і сваім убранствам. На сценах віселі розныя фатаграфіі, малюнкі ў прыгожых аправах, мяккая, абітая чырвоным плюшам мэбля, каберац каля стала, прыгожы абрус, - усё казала за тое, што Грынько жыў панам. У яго была цэлая гаспадарка: дзесяцін тры агарода, столькі ж сенакосу, была карова, свінні, на двары хадзіла рознае птаства пад пільным і дбалым наглядам гаспадыні.

Лабановіч у параўнанні з Грыньком быў горкі пралетар, і ён нават са знявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна.


XXXIV


Каля восьмае гадзіны раніцы пачалі з'язджацца іншыя школы. То той, то другі настаўнік з кучкаю сваіх выхаванцаў узыходзіў на ганак і з шумам уводзіў іх у школьную залу. Тут ён даваў розныя інструкцыі і заканчваў іх звычайна так:

- Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча - храбрасць гарады бярэ!

Паддаўшы такім чынам духу, настаўнік заходзіў да Трахіма Пятровіча, захоўваючы яшчэ на сваім твары тую смеласць і рашучасць, якімі ён толькі што начыняў сваіх вучняў.

Іншыя настаўнікі, наадварот, доўга заставаліся ў школе пры вучнях і тлумачылі ім, дзе, у якіх выпадках трэба паставіць той ці іншы знак прыпынку, і вялі нават папярэдні экзамен. Пакінутыя адны, вучні памаленьку пачыналі разварушвацца, знаёміцца паміж сабою - часта пры дапамозе кулакоў, штурханоў, высмейвання адных другімі і давання мянушак.

Звычайна на экзамены збіралася пяць-шэсць школ. Тут ужо можна было лягчэй паназіраць настаўнікаў розных тыпаў. Рознасць іх выяўлялася і з чыста надворнага выгляду. Тут можна было спаткаць прылізанага зуха са спрытам і нахіленнем да жаночага роду; былі і выяўна зняважлівыя да розных умоўнасцей грамадскай прыстойнасці: мелі доўгія валасы і, адным словам, насілі на сабе ўсе адзнакі нігілізму як пратэст супраць свайго бяспраўя і нязначнасці