Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку.
— Нават запалак не маеш! — упікнуў Мірон. — Адзін выпадак трапіўся ў гісторыі чалавецтва, калі курэц мог быць карысным для грамадства, ды і то…
— Запалак я меў досыць, але яны з усімі іншымі рэчамі былі ў торбе, якую ты пусціў па вадзе, — агрызнуўся Віктар. — А вось у цябе нават ножыка няма.
— Дык і ён жа застаўся ў маёй торбе, — панура адказаў Мірон.
Але спрачацца не было часу. Яны знайшлі клін чыстай вады, выпаласкалі ўсё сваё адзенне і ў чатыры рукі выкруцілі так, што ў ім, здаецца, не толькі вады, але і жывой мясціны не павінна было застацца. Развесілі на сонцы, а самі селі ў пяску пад карэннямі вялікай хвоі. Скардзіцца на холад яшчэ нельга было, але сонца няўхільна апускалася, а адзежа сохла марудна. Беражна расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі.
— А табе не даводзілася ўжываць высушаныя запалкі? — пытаўся Мірон. — Ці гараць яны?
— Не даводзілася.
— Вось бачыш: такая простая рэч, а ты не ведаеш.
— А ты?
— Дык я ж не куру.
— Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! — паківаў галавой Віктар. — Разважаць толькі любіш.
Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.
— Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, — бурчаў Віктар.
— Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, — суцешыў Мірон.
— Хоць бы закурыць, — прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.
— Добра і так, — сказаў Мірон.
Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.
— А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? — разважаў Віктар.
— О, гэта было б вялікім шчасцем! — прамовіў Мірон.
— Дзякую за гэткае шчасце! — чмыхнуў Віктар. — А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.
— Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, — панура сказаў Мірон.
— Можа, скажаш яшчэ — стагоддзяў, — усміхнуўся Віктар.
— І гэта можа быць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!
— Эх ты, нуда хадзячая! — скрывіўся Віктар. — Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.
— Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, — апраўдваўся Мірон.
— Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! — адрэзаў Віктар.
Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.
— Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, — уздыхнуў Мірон.
— Дармо! Дасохне на целе, — бадзёрыўся Віктар.
Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:
— Можа, пойдзем далей?
— Куды ты цяпер пойдзеш? — адказаў Мірон. — Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.
За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.
Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант — здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.
— Ці высахлі яны?
Памацалі з усіх бакоў — здаецца, высахлі.
Чыркнуў Віктар раз, другі — нічога… Толькі белы след застаўся на карабку.
— Мусіць, не досыць высахлі, — сумна сказаў Мірон. — Болей псаваць не варта.
— Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, — сказаў Віктар.
А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.
II
Першая ноч. — Начная дужанка. — Заяц, які дзюбаецца. — Апошнія запалкі. — Дадому.Сонца ўжо зайшло, але яшчэ цэлую гадзіну трымаўся шэры змрок. Над возерам са свістам праляталі качкі, спяшаліся на начлег. Уверсе пачуўся жураўліны крык. Вось ён мацнее, робіцца больш выразным: відаць, жураўлі спускаюцца на адпачынак. — Вось добра было б, каб які-небудзь журавель ці гусь сеў нам на галаву! — прамовіў Віктар. — Што б ты з ім рабіў без агню? — уздыхнуў Мірон. — З'еў бы сырога. Мірон перавярнуўся на спіну, зірнуў на зоркі. Яны так прыгожа зіхацелі! Ласкава шапталіся верхавіны дрэў. Мусіць, дома цешацца цяпер добрым веснавым надвор'ем, а яны… — Вось да чаго даводзіць свавольства! — нібы сам да сябе прамовіў Мірон. — Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам ён там апынуўся. Паслухаўся цябе… — Ну-ну, няма чаго наракаць, — нездаволена забурчаў Віктар. — Ніхто цябе не прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З'есці збіраліся мы гэтую душагубку, ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца — і ўсё. Мірон змоўк. Усё роўна справы не паправіш. А спадзявацца на дапамогу няма чаго. Ніхто іх тут не ведае. Калі і бачыў хто, што паплылі недзе нейкія два хлопцы, то нікому не прыйдзе ў галаву пацікавіцца, дзе яны дзеліся. Прыйдзецца самім шукаць дарогу. Паветра рабілася ўсё больш сырым і халодным. Добра яшчэ, што ветру не было. Крыху дапамагала таксама тое, што, шчыльна прытуліўшыся, яны маглі грэць адзін аднаго. Час цягнуўся марудна. Голад і холад не давалі заснуць. Хлопцы вымушаны былі варочацца з боку на бок. Задрамалі, але хутка так змерзлі, што пачалі ляскаць зубамі. Было, мусіць, пасля поўначы. Віктар не вытрымаў і ўскочыў. — Гэй, уставай! — штурхануў ён Мірона. — А? Чаго?… — Выклікаю цябе на спаборніцтва! — А? Што?… — Уставай дужацца! — Што? Чаго? — мармытаў Мірон. — Не лезь! Але Віктар ухапіў Мірона за ногі і