Litvek: лучшие книги недели
Топ книга - Хранитель древностей [Юрий Осипович Домбровский] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Антисуворов. Большая ложь маленького человечка [Алексей Валерьевич Исаев] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Цель-2. Дело не в везении  [Элияху Моше Голдратт] - читаем полностью в Litvek
Litvek - онлайн библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Советская проза >> Ах, Міхаліна, Міхаліна >> страница 19
class="book">Яна неяк сцялася ўся, падабрала пад лаўку ногі, азірнулася назад, на сцяну чужога дома, на гародчык, стоена ўздыхнула і — пасля доўгай паузы — шэптам сказала:

— Я люблю яго. Я люблю яго нават мацней, чым раней.

I ўпершыню збянтэжылася, запунцавелася, апусціла вочы. Мне таксама зрабілася няёмка, быццам я нахабна, прымусам, вырваў у яе найвялікшую тайну, якую яна цяпер старанна хавае ад людзей. Два гады назад яна гаварыла пра гэтае сваё каханне без ценю збянтэжанасці нават сакратару абкома.

Мы памаўчалі, як два змоўшчыкі. Потым у мяне з’явілася агіднае жаданне — паспачуваць: усе мы занадта любім спачуваць другім.

— Цяжка вам,— сказаў я.

Яна бліснула вачамі.

— I вам захацелася пашкадаваць мяне? Нічога мне не цяжка. У кожнага сваё шчасце. У мяне — сваё...

Я быў прысаромлены. Але ад гэтага не стаў больш тактоўны.

— А калі перавядуць яго... Аляксандра Дзямідавіча куды-небудзь?

Жанчына спалохна ўстрапянулася, пранікліва паглядзела мне ў вочы: ці не ведаю чаго? ці не прывёз такую горкую навіну? Пераканаўшыся, што я спытаў проста так, усміхнулася.

— Не перавядуць. Люба не хоча. Каб яна хацела, то дамаглася б яго пераводу тады. Але ёй падабаецца тут. Асабліва цяпер, калі Саша — дырэктар. Акрамя таго, яна лічыць, што перамагла, усім паказала, як можна ўтрымаць мужа. Ёй нават прыемна цяпер бачыць мяне, яна гатова падружыць, каб спачуваць і суцяшаць... О, вы не ведаеце Любы!.. У яе свой гонар!

— А Генадзь... ён таксама тут?

— О не! Ён адразу ж перавёўся. Тады ж... У райцэнтр.— Пра былога мужа свайго Міхаліна Казіміраўна загаварыла на поўны голас, проста, амаль весела, ахвотна, усё з той жа іроніяй, якую я прыкмеціў яшчэ тады, два гады назад, калі размова заходзіла пра Генадзя.

— Паўгода граў абражанага, не хацеў бачыць мяне. А ў тую зіму неяк з’явіўся позна ўвечары. У завіруху. У мароз. Абсыпаны снегам. Снег — у валёнках. Прыйшоў ад маці, як я пасля даведалася. А зрабіў выгляд, што ішоў пехатой ад райцзнтра. Расплакаўся. На калені ўпаў перад Сашкіным ложкам. Ножку пацалаваў у соннага. I... не здзіўляйцеся... я прыняла яго. Больш таго скажу вам: у тую ноч я зразумела, што можна жыць і так. Мне не было ні брыдка, ні абразліва: ён — бацька майго дзіцяці. I можа быць, што мы сышліся б назаўсёды, каб... ён быў разумнейшы. А то, пераспаўшы ноч, ён палічыў, што аднавіў усе свае правы на гэтую рухомую ўласнасць — на жонку... Раніцай пачаў дапытвацца, што, як і дзе ў нас было з Сашам.

«Было! — адказала я.— I будзе! I каб цябе гэта не мучыла і ты не мучыў мяне, разыдземся па-добраму, як інтэлігентныя людзі». Ён пачаў крычаць, пагражаць, што цераз суд забярэ сына... Я проста выштурхнула яго з хаты, каб не разбудзіў Сашку. У другі раз ён прыйшоў той вясной, год назад. П’яны, непаголены, апушчаны нейкі. Плакаў шчыра: «Загубіла ты маё жыццё. Кім я стаў праз цябе? Паглядзі!» Мне шкада было яго, але я ўжо ведала, што там, у райцэнтры, ён жыве з урачыхай і ў тае будзе дзіця. Між іншым, яшчэ раней Антаніна Аркадзеўна, калі даведалася пра гэтую яго сувязь, упершыню вельмі прасіла мяне памірыцца, сысціся. Так прасіла, так прасіла!.. Далібог, дзеля яе і, вядома, дзеля сына я гатова была скарыцца, ужо рыхтавала сябе ўсё стрываць, нават яго папрокі. Але, на шчасце сваё, даведалася, што ў жанчыны, з якой ён звязаўся, будзе дзіця. Цяпер у нас з ёй аднолькавыя правы на яго. Але з той розніцай, што тая гатова зубамі трымацца, як Люба, а мне — лепш без яго. Я сказала пра гэта Антаніне Аркадзеўне. Яна моцна перажывала, бо зразумела, што няма больш на што спадзявацца. Ажно захварэла. I доўга, можа, месяцы тры, не хадзіла да мяне. Сашку Уліта да яе вадзіла. А пасля зноў пачала прыходзіць. Але ніколі ўжо не гаворыць пра сына і пра нашы адносіны. Толькі зрэдку па-старэчаму ўздыхае: «Ах, Міхаліна, Міхаліна!»

Словы гэтыя неяк дзіўна запалі мне ў памяць, і я, яшчэ можа з гадзіну гутарачы з ёй ужо пра іншае, старонняе — пра школу, пра калгас, не раз у думках паўтараў іх з ронымі інтанацыямі:

— Ах, Міхаліна, Міхаліна...

Між іншым, я спытаў:

— Аляксандр Дзямідавіч дома?

Яна паглядзела на мяне з трывогай.

— Вы хочаце гутарыць з ім? Не трэба. Прашу вас.

Я ўспомніў, што тады, у горадзе, яна настойліва запрашала мяне прыехаць у іх школу, сустрэцца з вучнямі. Цяпер жа ні слова не казала пра такую сустрэчу. I я зразумеў, што ёй хочацца, каб чужы чалавек, які шмат што ведае, не лазіў па вёсцы, не распытваў, а хутчэй сеў у сваю машыну і паехаў туды, адкуль прыехаў.

Паціскаючы руку на развітанне, я зблізку пільна зазірнуў ей у вочы, спадзяваўся ўбачыць у іх схаваны смутак, боль. Не ўбачыў. Вочы здаліся шчаслівымі. I — дзіўна! — у мяне неяк адразу знік жаль да яе, які я, здаецца, адчуваў на працягу ўсяе размовы. Сапраўды, больш не хацелася ні шкадаваць яе, ні спачуваць ёй.

I я сказаў амаль весела:

— Ах, Міхаліна, Міхаліна!

Яна, відаць, зразумела і хораша ўсміхнулася. Але да машыны не правяла — адразу зачыніла за мной калітку і пайшла ў хату.

Я доўга праціраў шкло машыны, павольна заводзіў і разварочваўся, раз-пораз пазіраючы на хацінку. Але куст бэзу і маладыя ліпкі закрывалі маленькае акенца.


Малюнкі Л. Асецкага

Litvek: лучшие книги месяца
Топ книга - Атаман Ермак со товарищи [Борис Александрович Алмазов] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Физика невозможного [Мичио Каку] - читаем полностью в LitvekТоп книга - Пробуждение Левиафана [Джеймс С. А. Кори] - читаем полностью в Litvek