Litvek - онлайн библиотека >> Іван Навуменка >> Советская проза >> Семнаццатай вясной >> страница 2
галасоў… І вось хутка я адчуў, што мне няма куды схавацца ад жывых сініх вачэй з-пад белага капялюшыка, ад звонкага шчэбету, ад гэтай цудоўнай белай птушкі. Яе вобраз стаяў перад маімі вачамі, дзе б я ні быў, што б я ні рабіў. Я ўжо не мог пражыць дня, каб пад вечар не схадзіць у скверык, не пабачыць тоненькай дзяўчыны.

Я стаў задумлівы, разгублена адказваў на пытанні сваіх сяброў і свой душэўны стан не змог схаваць ад іх вачэй.

— Ты гэта што ж, Цімох, можа, хочаш у кусты? — грозна падступіў да мяне аднойчы Мікола Біцюг. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Ты вады не муці, кажы праўду. Спалохаўся?..

Я ледзь не кінуўся на Міколу з кулакамі, каб змяшаць яго з граззю за яго дурныя здагадкі. Цішка Дрозд мірыў нас пасля гэтага цэлую гадзіну. Сябры ўздыхнулі лягчэй, бо ўбачылі, што адступацца ад іх я не збіраюся. І ўсё ж я не мог расказаць ім праўды.

Хутка я ўжо ведаў імя дзяўчыны — Стася. Нядаўна яе прыслалі аднекуль працаваць у нашу аптэку. Там жа ў аптэцы, у доміку, схаваным у засені бэзавых кустоў, Стася і жыла.

Мне было непрыемна, што Стася працуе ў нямецкай установе. З другога боку я апраўдваў Стасю тым, што аптэка нарэшце не такая ўжо фашысцкая ўстанова. Можа, Стасю прымусілі працаваць, можа, без працы ёй нельга. Яна ж жыве адна, без бацькі і без маці…

Я нячутна паўтараў імя Стасі тысячу разоў у дзень, яно звінела ў маіх вушах як музыка. Я мог думаць пра сваю дзяўчыну цэлымі гадзінамі, прыдумваў розныя варыянты нашай размовы, нашай сустрэчы. Але пакуль што ніякай размовы не было, я не сказаў сваёй каханай ніводнага слова. Я прыходзіў у скверык, і калі заўважаў Стасю, сэрца ў грудзях пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло.

Аднойчы, калі я праходзіў міма лавачкі, на якой сядзела Стася са сваімі сяброўкамі, мая дзяўчына акінула мяне хуткім позіркам. Мне здалося, што гэты позірк быў насмешлівы. Мой твар гарэў ад сораму, мне было ў той вечар балюча і крыўдна як ніколі. Не сказаўшы нічога сваім сябрам, я падаўся дадому. І тут, па дарозе да роднай хаты, на адзіноце, я неяк нечакана ўпершыню паглядзеў на самога сябе збоку, чужымі вачамі.

Так, выгляд мой быў зусім не фацэтны, ён ніяк не падыходзіў для таго, каб знаёміцца з гэтай чыстай, белай дзяўчынай. На нагах у мяне было штосьці накшталт чаравікаў. Але што гэта былі за чаравікі! Гэта былі нейкія чарапахі, шырокія, распоўзлыя. Чаму я не заўважаў раней, што мае штаны даўно час павесіць на пудзіла ў агародзе? Гэтыя штаны мелі дзве латкі на каленях і ў дадатак яшчэ два агромністыя акны ззаду. Вырас я і з сарочкі; тое, што ў мяне былі закасаны рукавы, мабыць, мала дапамагала справе. Эх ты, кавалер, закаханы рыцар!..

У тую ноч я не спаў. Выхаду са свайго становішча я не бачыў ніякага. Святочных гарнітураў у мяне не было, і зарабіць або купіць іх па тым часе нечага было і думаць.

Памятаю, што такія разважанні мяне нават супакоілі, а тоненькая чыстая дзяўчына зрабілася для мяне крыху далёкай і чужой. «Няхай ходзіць у сваёй чысценькай сукенцы, — помсліва думаў я. — Справа ж не ў капялюшыках і сукенках. Знайшлася княгіня!..»

Некалькі дзён я не хадзіў у скверык. Якраз у гэты час разнесліся чуткі, што немцы думаюць аднаўляць чыгунку. Чуткі гэтыя пацвердзіліся, бо на чыгунцы ішла ліхаманкавая работа. Мы вырашылі, што надышоў час дзейнічаць. Мікола Біцюг высушыў аманал на печы, Цішка Дрозд сцягнуў старую бабуліну кофту з шырокімі рукавамі. Адзін рукаў мы напакавалі аманалам, зашылі і гэтую нашу міну схавалі да часу. Было аднагалосна вырашана, што сваёй мінай мы ўзарвём масток кіламетры за чатыры ад станцыі. Масток хоць і невялікі, але ў вызначаны дзень немцы па нашай чыгунцы не паедуць. Паедуць яны жыватамі…

Якраз у гэты час адбыліся падзеі, якія прымусілі нас яшчэ больш сур'ёзна паставіцца да задуманай дыверсіі. У ясную вясновую ноч ні з таго ні з сяго згарэла парня. На гэтай парні гнулі вобад, які адпраўлялі некуды на нямецкіх машынах. Апрача гэтага, у некалькіх месцах нашага раённага гарадка былі расклеены антыфашысцкія лістоўкі, надрукаваныя на машынцы. Гэтыя падзеі нас і ўзрадавалі, і засмуцілі.

Мы былі перакананы, што спалілі парню і расклеілі лістоўкі партызаны, якія ноччу прабраліся ў гарадок. З невялікім партызанскім атрадам, які дзейнічаў кіламетраў за сорак ад нас, у другім раёне, мы мелі ўжо сувязь, хоць і нетрывалую. Калі ўсё гэта зрабілі нашы партызаны, то чаму яны наважыліся абысціся без нас? Сякія-такія паслугі мы ж ім ужо рабілі. Можа, партызаны нам больш не давяраюць?

Каб вывесці ўсё гэта на чыстую ваду, Сымон Біцюг адправіўся ў госці да сваёй цёткі. Цётка, канечне, была тут толькі прыклёпам, Сымон пайшоў на сувязь з нашымі партызанамі.

Мы ж утраіх таксама не спалі ў шапку. У гэтыя дні мы выказалі вялікае жаданне нанасіць сваім маткам арэхавых кійкоў на фасолю і пад памідорныя кусты. Кійкоў мы нанасілі на пяць гадоў уперад, але справа зноў жа была не ў кійках. Арэшнік рос якраз недалёка ад мастка, які мы наважылі пусціць у паветра. Масток і подступы да яго мы агледзелі добра, самаробную міну занеслі і схавалі паблізу ад мастка.

Былі ў нас поспехі і ў справе самаўзбраення. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Цяпер мы ў дадатак да абрэза мелі сапраўдную вінтоўку, з якой не сорамна было прыйсці да партызан.

Праўда, на грунце асабістай прыналежнасці вінтоўкі паміж намі адбылася спрэчка. Мікола Біцюг патрабаваў, каб вінтоўку аддалі яму. Свае патрабаванні Мікола падмацоўваў тым, што ён здаў норму на поўнага варашылаўскага стралка, а мы з Цішкам — толькі на юных стралкоў. Міколу мы далі суровы адпор, і ён, пакіпяціўшыся, быў вымушаны здацца.

Адным словам, цяпер мы адчувалі сябе больш упэўнена. Мы чакалі Сымона, чакалі вестак ад партызан, і ва ўсіх нас быў прыўзняты, гераічны настрой. У адзін з тых дзён я зноў пайшоў у скверык і зноў убачыў Стасю.

Праходзячы паўз яе, я стараўся не пазіраць у яе бок. І не вытрымаў. А яна — мне гэта ніколькі не здалося — паглядзела на мяне зусім сур'ёзна. Яна не насміхалася з мяне! Я зноў стаў вясёлы, расказваў цікавыя гісторыі сваім сябрам, і яны смяяліся. Я хацеў, каб Стася звярнула ўвагу на наш смех, на мяне. Здаецца, яна глядзела ў мой бок.

Раптам я прыдумаў выхад, адзіны, які толькі мог быць на свеце. Мой бацька, чыгуначнік, яшчэ да вайны выпісаў сабе форменны сіні касцюм. Гэта быў выдатны касцюм, нездарма з бацькавага заробку вылічвалі за яго пакрысе амаль цэлы год. Цудоўнае сіняе сукно