Litvek - онлайн библиотека >> Францішак Аляхновіч >> Публицистика >> У капцюрох ГПУ >> страница 3
толькi аб тое iдзе, дык справа лёгкая.

х х х
Нарэшце атрымаў пажаданую савецкую вiзу. Усьмiхаючыся, чытаў штамп на аднэй з бачын пашпарту, дзе гаварылася ў расейскай мове:


«Паказчык гэтага мае права пражываць ува ўсiх рэспублiках Савецкага Саюзу, апрача вострава Кайгач, Валгуеў, ды вастравоў на Белым моры...»


«А якi-ж чорт панёс-бы мяне на гэты Кайгач або на Белае мора! Вось яшчэ! Мо захочацца мне адведаць Салоўкi!.. Калi-б i захацелася кудысьцi паперцi, дык хутчэй на паўдня, Крым, Каўказ… А яны мяне асьцерагаюць, каб я, крый Божа, не апынуўся на Ледавiтым акiяне… Вось сьмех!..»

Попутчiк ня мог дачакацца часiны ад'езду. Усё валiлася з рук. Жыў толькi думкай аб Менску. Нават ува снох сваiх бачыў гэты горад.

Здавалася яму ўва сьне, што йдзе вулiцамi Менску. Але ўва сьне пачуцьцё было зусiм iншае. Адчуваў нейкi несупакой, страх чагосьцi. Чагосьцi невядомага, страшнога i нечаканага: знаёмыя ўцякалi ад яго. Ён гнаўся i ня мог здагнаць. Цяжкое пачуцьцё самотнасьцi, бясьсiльнасьцi, непараднасьцi было гэтак неўмагату, што будзiўся, аблiваючыся потам…

— Э, сон глупства!.. Сны трэба заўсёды тлумачыць наадварот…

х х х
Попутчiк перад выездам не зрабiў, як раней думаў, развалу «Рады». Ня меў на гэта энэргii. «Чорт з iмi! — думаў. — Самi разваляцца… Гэта ўсё стаiць на глiняных нагах… Усё трымаецца толькi субсыдыяй… Ня дасьць Рачкевiч субсыдыi — i ўсе разьбягуцца… Нiшто i нiхто не пераможа “Грамады”»…

Растаньне з Паўлюкевiчам ня было варожае. Наадварот, нават Паўлюкевiч казаў:

— Ну, што-ж, понимаете… Вы культурны працаўнiк, понимаете…

Вам яны нiчога ня зробяць… Я-б на вашым месцы таксама зрабiў, понимаете… Ну, усяго добрага…

Выезд

Нарэшце 16 лiстапада Попутчiк паехаў на вакзал.

Разьвiтаньне з сям'ёй было кароткае, пасьпешнае. Дзецi яшчэ спалi i ня бачылi ад'езду бацькi.

Едучы ў Менск, Попутчiк ня меў яшчэ пэўнасьцi, цi там застанецца. Гэта будзе вiдаць пасьля. Пакуль што не спалiў за сабой мастоў. Атрымаў водпуск з установы, у якой працаваў i гэткiм чынам праз чатыры тыднi мог вярнуцца i зноў узяцца за старую працу.

Але ў глыбi душы ня верыў у свой паварот. Думаў, што там застанецца, а як ужо ўладзiцца, сьцягне з Вiльнi жонку i дзяцей…

Колы вагону выстукваюць свой рытм i настройваюць падарожнага на лятуценьнi. Попутчiк сьнiць на яве. Лятуцiць аб гэтым новым жыцьцi, на парозе якога апынецца яшчэ сягоньня. Сягоньня ўвечары ўжо будзе ў Менску. Лятуцiць аб новай працы, якая на яго чакае. Дык-жа-ж праца будзе! Праца не пры канцылярскiм стале, але радасная, творчая… Дык-жа i Мятла, i Селях, i iншыя казалi, што ўсе чакаюць на ягоны прыезд у Менск.

Ужо Стоўпцы. Апошняя станцыя з польскага боку. Павярхоўная рэвiзiя рэчаў.

Пасьля Негарэлае. Першая станцыя з боку савецкага.

Падрабязны перагляд рэчаў.

Попутчiк вязе з сабой дзьве зьмены нацелiва, крыху каўнерчыкаў, запасны касьцюм i рукапiсы, рукапiсы, рукапiсы…

Гэта прычыняе шмат клопатаў савецкiм чыноўнiкам. Едзе чалавек з капiталiстычнага краю i ў валiзцы мае напiхнута поўна нецкiх паперкаў. Ну, калi-б мануфактура, парфумы Coti, загранiчны каньяк, ну — тады ведама, што рабiць… Але што рабiць з гэтымi запiсанымi густа нявыразнымi лiтаркамi аркушамi паперы? Чытаць усё гэта? На гэта няма часу… Ды апрача таго, тут усё гэта запiсана ў незразумелай пагранiчнаму чыноўнiку беларускай мове…

Прыйшла нейкая старшая савецкая дама, працаўнiца ГПУ на вакзале ў Негарэлым. Паглядзела, пакiвала галавой, спыталася:

— Што гэта?

— Гэта мае рукапiсы.

— Якiя рукапiсы?

— Мае.

— Хто вы?

— Я пiсьменьнiк.

— Гм…

Махнула рукой. Можа, мела iнструкцыi з Менску.

Трэба чакаць цягнiка цэлую яшчэ гадзiну.

Як Попутчiк ехаў у Менск, яшчэ ў Негарэлым ня быў пабудаваны новы вакзал.

Каб скарацiць час чаканьня, падарожны пайшоў у драўляную буду, непадалёк ад вакзалу, дзе быў вакзальны буфэт…

х х х
У слаба асьветленым вагоне няма падарожных. Рух на гранiцы надта слабы. Ня гледзячы, аднак, на тое, што ўвесь вагон пусты, Попутчiк мае таварыша падарожжа. Насупраць яго, у куточку, на лаўцы сядзiць нейкi малец. Цяжка разгледзець твар, бо цемнавата, i дзеля таго яшчэ, што сусед схаваў твар у каўнер палiта.

Попутчiк прабуе распачаць гутарку:

— Колькi кiлямэтраў ад гранiцы да Менску?

— Ня ведаю.

Праз момант:

— А каторай гадзiне больш-меньш будзем у Менску?

— Ня ведаю.

Паўза.

— Цi заўсёды гэтак мала падарожных едзе ад гранiцы?

— Ня ведаю.

Але вось ужо i Менск.

У капцюрох ГПУ. Иллюстрация № 1
Гэтак апавяшчаюць надпiсы на вакзале ў чатырох мовах.

У заежджым доме

Менск


Было ўжо позна. Наблiжалася поўнач. Мацi Попутчiка жыла на другiм канцы гораду. Попутчiк падумаў, што лепш пераначаваць у маленечкай гасьцiнiцы каля вакзалу, як уначы стукацца ў хату непапярэджанай аб ягоным прыезьдзе старое.

Нейкi жыд, як пасьля выйшла, гаспадар гасьцiнiцы, схапiў ягоную валiзку i папёр наперад.

Як толькi затрымалiся ў прызначаным гасьцю пакоi, гаспадар засыпаў падарожнага пытаньнямi:

— Можа, маеце загранiчныя парфумы?

— Што! Адкуль?

— Дык, можа, маеце шаўковыя панчохi? Гэта таксама добры тавар.

— I панчох ня маю. Хаджу ў дзiравых латаных шкарпэтках.

— Ну, дык што вы маеце? Прыехалi з-за гранiцы — i нiчога ня маеце!

— А скуль вы ведаеце, што я прыехаў з-за гранiцы?

— Ну я-ж бачу таможанную наклейку ў вас на валiзцы. Адразу вiдаць, што вы прыехалi з-за гранiцы… А можа, вы нешта маеце? Я магу добра купiць. Я вам раю толькi са мной мець iнтэрас.

— Ды адчапецеся! Нiчога я ня маю i хочу ўжо легчы спаць. Падрыхтуйце мне, калi ласка, пасьцель.

Попутчiк распранаўся, а жыд усё час ад часу заглядваў у пакой, быццам забыўшыся падаць нейкую патрэбную рэч, а адным вокам паглядаючы на распранутага гасьця, цi з-пад нагавiц ня высунецца пара дамскiх шаўковых панчох або цi не ўпадзе на падлогу флякончык з фiрмай Coti або Houbigan…

х х х
Прачнуўся рана, з прыемнасьцю працягваючыся на цёплых жыдоўскiх пярынах.

«Ну, вось я ўжо ў Менску! Ужо даехаў да мэты. Што-ж мяне тутака чакае? Цi добра прывiтаюць i будуць намаўляць застацца, цi пасьля пары тыдняў прыйдзецца варочацца ў Вiльню».

За вакном падаў дождж. Вулiца брудная, укрытая балацянымi лужынамi, бязьлюдная. У паветры разьлiта была нейкая нудная шэрасьць. Лянотна праехалi вулiцаю два вазы з цэглай. Нейкi праходжы махаў камусьцi кулаком i лаяўся агiдна, па-расейску…

Попутчiк сказаў, каб яму далi гарачай вады, агалiўся, пачысьцiўся i пайшоў на горад.

Як толькi выйшаў на вулiцу,