Litvek - онлайн библиотека >> Іван Навуменка >> Советская проза >> Дом над морам

Дом над морам. Иллюстрация № 1


Па ўзбярэжжы цягнуліся дачы. Белы дом, на шостым паверсе якога мы аблюбавалі пакой пад назіральны пункт, высіўся на самым беразе вузкага, нібы высунуты язык, заліва, якім мора ўядалася ў пясчаную нямецкую зямлю.

Тэрмас з супам прынёс нам пад вечар старшына Нізкалобаў.

Сіняя фуфайка і брыджы старшыны былі ў пяску: адкрыты пляж абстрэльвалі, і метраў дзвесце прыходзілася паўзці на жываце.

У гэтым курортным доме над морам мы жылі ў вялікай раскошы, пябачанай за ўсю вайну. Не такая ўжо цяжкая справа наглядаць за праціўнікам пад аховай тоўстых сцен і перадаваць звесткі па тэлефоне.

— Ахтунг! Танкі! — скамандаваў памкамузвода Смірноў, калі каржакаватая постаць Нізкалобава паказалася ў праёме дзвярэй,— Мерзлякоў застаецца ля стэрэатрубы, астатнія ў гасціную!

Мерзлякоў, які толькі што пачаў дзяжурыць, быў незадаволены.

— Мне няма? — спытаў ён на ўсякі выпадак у старшыны, прымошчваючыся на мяккім, пружыністым крэсле ля акна.

— Ад вашай прэкрасный Елена вы атрымалі ўчора, — напомніў старшына, — На кожны дзень дзевушка нехапае пачуццяў.

Нізкалрбаў, чуваш, хмуры і змрочны з выгляду, любіў гаварыць павучальна.

Мы перайшлі ў «гасціную», пакой, які сваімі вокнамі выходзіў толькі на мора. Бяспека тут была паўнейшая, выключаючы прамое пападанне снарада ці бомбы. Зацягнулі вокны самаробнымі жалюзі з чорнай траскучай паперы і запалілі дзесяць свечак.

— Ілюмінацыя з прычыны прыбыцця ў наш горад імператара Хірахіта, — сказаў Смірноў.

Смірноў жартаваў, мог жартаваць і старшына. Мы ж, пяцёра, стаялі з сур’ёзнымі тварамі і глядзелі на брызентавую сумку Нізкалобава. У гасціную мы прышлі не дзеля супу, што плёскаўся ў дваццацілітровым тэрмасе.

Нізкалобаў ведаў, што нам трэба, але марудзіў. Ён сеў на мяккі пуф, выцер насоўкай чырвоны, спацелы твар і закурыў.

— Не цягні жылы, старшына,— сказаў Філімонаў.— Давай буду танцаваць.

— Табе няма. Твой Дашка яшчэ піша...

Астатнія не адважыліся выпрабоўваць лёс.

Памкамузвода Смірноў лёг на двухспальны дубовы ложак і барабаніў абцасамі па падлозе. Ён атрымліваў лісты толькі ад маці і сястры і быў спакойны.

Старшына сядзеў і курыў. Мы стаялі і чакалі. Нашаму цярпенню прыходзіў канец.

— Сёння кавалеры ордэна «Славы» нешчаслівыя, — нарэшце прамовіў Нізкалобаў.— Мае шчасце толькі адзін кавалер. Затое я вас частую за заўтрашні Першы май...

Нізкалобаў выцягнуў з-пад палы дзве фляжкі ў мяккіх, варсістых футлярах.

— 3 вадой, ці так? — спытаў ён. — Нежанаты, сто градусаў...

Ён мог аб гэтым і не пытаць. Кавалеры ордэна «Славы» разбаўлены спірт не пілі.

— Каму шчасце? — дапытваўся Філімонаў. — Яму піць не дамо. Хопіць ліста.

— Піць усім, па чарзе. Свята...

Смірноў падняўся і схадзіў да Мерзлякова. Над залівам вісела ноч. Вясновае неба засеялі зоркі. Туману не было, люстраная гладзь затокі здавалася чорнай. Процілеглы бераг маўчаў.

— Філімонаву і Серадзе не піць,—вярнуўшыся, загадаў Смірноў.— Зменіце Мерзлякова апоўначы. Чарга дзяжурыць Булавенку, але ён будзе іграць. Заступіць раніцай.

— Булавенку і ліст, — паведаміў Нізкалобаў. — Два лісты. Ён шчаслівы.

— «И в Омске есть, и в Томске есть моя любнмая...» — заспяваў Смірноў.

— Танцуй, Булавенка! — загадаў Нізкалобаў.

Усе пачалі біць у далоні, зацягнуўшы гугнявымі галасамі вясёлы матыў. Лёня Булавенка, высокі, белабрысы, шоргаючы кірзавымі ботамі па падлозе, пайшоў па крузе.

— Упрысядкі!

Няўклюдна выкідаючы ногі, Лёня зрабіў яшчэ адзін круг.

— Танец лебедзяў першага класа, — зазначыў Нізкалобаў, аддаючы Булавенку яго два лісты.

Свечкі разлівалі мяккае, спакойнае святло. На сцяне віселі два пейзажы: вадзяны млын пад развесістай вярбой і статак кароў і авечак на лузе. На гэтым жа лузе паненкі ў белых сукенках, што раздуваліся к нізу, як парасоны, збіралі кветкі, а кучаравенькі пастушок, падобны на анёла, дзьмуў у дудачку. Ля процілеглай сцяны стаяла піяніна. Мусіць таму і пакой абралі пад гасціную. На піяніна іграў Булавенка, выхаванец дзіцячага дома.

Святочны выгляд гасцінай псавалі абшарпаныя плашч-палаткі і зялёныя з чорнымі крапінамі маскхалаты, кінутыя на спінкі крэслаў. Аўтаматы сціпла прытуліліся ў кутку. Танканогі кафейны столік, на якім стаяла шэсць задымленых кацялкоў, дзець было некуды, ён стаяў у самым цэнтры гасцінай.

— Піць! — загадаў Нізкалобаў. — Берлін заўтра наш. Вайны канец!..

Гэта было падобна на казку. Першамай, канец вайны. Шкада, што мы не былі цяпер у Берліне.

Лёня Булавенка не вячэраў, ён чытаў лісты. Мы ведалі, хто іх напісаў. Адзін — Каця з Дарагабужа, там полк стаяў на папаўненні, другі полька Эва-Іяланта з літоўскага гарадка Кальварыя, ля самай прускай граніцы. Гарадок мы занялі паўгода назад, восенню.

Філімонаў і Серада, павячэраўшы, пайшлі змяняць Мерзлякова, хоць маглі адпачываць яшчэ цэлую гадзіну. Але яны не хацелі сядзець проста так. Калі прышоў Мерзлякоў, адлілі яму яго норму, аставіўшы некранутым тое, што належала дзяжурным. Праз паўгадзіны ўсё перамянілася...

Старшына Нізкалобаў заплакаў. Ён плакаў заўсёды, калі выпіваў. На мяккіх нямецкіх крэслах сядзела пяцёра кавалераў «Славы», старажылаў узвода пешай разведкі, што памяталі адзін другога яшчэ са Ржэва. У разбітым Ржэве фарміравйўся полк.

— Мамедава няма! — плачучы, крычаў старшына. — Спіць у зямлі наш друг Мамедаў!..

Мамедаў быў трэцім па ліку камандзірам узвода. Яго смяротна паранілі два тыдні назад...

— Перастань, старшына, — да Нізкалобава падышоў Смірноў і паклаў яму рукі на плечы. — Ніхто нікога не забыў...

Гарэлі свечкі ў высокіх медных кандэлябрах. Недзе блізка адзін за другім разарваліся тры снарады. Прастракатала кулямётная чарга. Смірноў кінуўся да дзяжурных.

— Усё ціха, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Баяцца гансікі. Іграй, Булавенка!..

Булавенка ўжо сядзеў за піяніна. Ён нам іграў усе ночы з таго часу, як мы пасяліліся ў белым, курортным доме над морам.

Тонкія пальцы Булавенкі бегалі па клавішах, нараджаючы мяккія акорды. Для той музыкі, якой жадалі ўсе, не хапала прывычнай абстаноўкі. Нізкалобаў гэтага не разумеў: ён не жыў апошнія шэсць дзён у белым доме над