Litvek - онлайн библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Советская проза >> Вясновымі днямі >> страница 3
на ранішнім сонцы — і чытаў раённую газету, у якой зноў (каторы раз за вясну!) пісалі пра Сяргея Бярозку. Яўмен чытаў і думаў, што добра было б, каб і пра яго працу напісалі ў наступным нумары газеты. Няхай бы прачытала Надзя, ёй, безумоўна, таксама прыемна было б перад сяброўкамі. Дарэчы, газета выйдзе якраз напярэдадні таго дня, калі скончыцца яго начная змена, і ён зможа ўвечары гуляць.

3 горада прышла Галя, якую ён сёння яшчэ не бачыў, прывіталася і села насупраць, каля паветкі, абхапіла рукамі каленкі і ўтаропілася ў трактарыста. Яўмен паспрабаваў чытаць далей, не звяртаць на яе ўвагі, але праніклівы позірк дзяўчыны ўстрывожыў яго. Зноў заныла ў сэрцы ад прадчування нечага непрыемнага. Ён рабіў выгляд, што чытае, а сам раз-по-разу пазіраў на яе, чакаючы яе слоў, як удару. I не памыліўся...

— А Валянцін зноў з Надзяй гуляў да самай раніцы, — ціха, неяк таямніча, паведаміла Галя.

Яўмену раптам здалося, што яна здзекуецца з яго, насміхаецца, і ён узлаваўся, — шыбнуў газету, падхапіўся з прызбы.

— А мне што да гэтага? Чаго ты да мяне прычапілася?!

I падумаў сабе: «Што гэта за жыццё! Пайду зараз да старшыні і папрашу, каб перавёў на другую кватэру...»

Спалоханая Галя кінулася ў хату, але там яе з папрокам сустрэла маці. Яна чула іх размову на дварэ.

Дзяўчына нават расплакалася.

Яўмен нікуды не пайшоў, яму шкада было Галі, а яшчэ больш сябе.


Ён цвёрда вырашыў выкінуць яе з свайго сэрца і з думак, заглушыць пачуццё, і каб не хваляваць сябе, ні з кім не гаварыць пра гэта ні слова — ні з Валянцінам, ні, тым больш, з ёй, з Надзяй. Але ад гэтага «цвёрдага рашэння» нічога не засталося, калі ён у першы вечар пасля начной працы выйшаў на гулянку. Нясмела падыходзіў ён да клуба, дзе іграў баян і на пляцоўцы танцавала моладзь. Баяўся, што хлопцы пачнуць кпіць, смяяцца з яго няўдалага кахання. Але ніхто нічога не сказаў, хлопцы прывіталіся з ім па-сяброўску. Толькі Цімох Сарока, калгасны электраманцёр, сказаў:

— А вось і наш герой!

Але сказаў ён гэта сур'ёзна: напярэдадні ў раённай газеце быў надрукаваны артыкул пра яго, яўменаву, стаханаўскую працу.

Каля клуба гарэў вялікі электрычны ліхтар. Яўмен убачыў сярод дзяўчат Надзю і адчуў, як зноў моцна закалацілася сэрца. Якая яна прыгожая!

Не, ён павінен пагутарыць з ёй апошні раз, высветліць усё да канца, каб ніякія сумненні ці ніякія надзеі не грызлі больш яго сэрца.

Ён танцаваў з другімі, дзяўчатамі, курыў жартаваў з хлопцамі, а думаў пра адно: што сказаць ёй?

Ён пачне з таго, што спытае, ці чытала яна артыкул у газеце, а пасля скажа: «Надзя! Я заўсёды буду працаваць так, нават лепш... Я буду зарабляць многа хлеба і грошай... І калі ты... Як мы будзем жыць!.. Мы нават уласную машыну купім, як той Бярозка!» Але праз момант словы гэтыя здаліся да недарэчнасці наіўнымі і нясціплымі, і ён адмовіўся ад іх.

Ён скажа інакш. Ён адпомсціць Валянціну, бо калі Валянцін так ставіцца да сябра, з якім трэці год, можна сказаць, есць з адной міскі, то няхай і сам не чакае літасці. Ён проста і злосна, знарок злосна, скажа Надзі, што Валянцін гультай, што ён не любіць працаваць, што ўзімку на рамонце ён атрымаў вымову. I нават больш — будзе здзекавацца і смяяцца з яго: «Ён жа падобны на дзятла, калі глядзецьна яго збоку, а калі проста ў твар, то нельга не заўважыць, што ў яго крыху скрыўлены нос».

А Надзя раптам возьме і адкажа: «Які ты дрэнны чалавек, калі так нагаворваеш на сябра».

I правільна зробіць, калі гэтак адкажа. Валянцін сапраўды часам ленаваўся, але нос у яго не скрыўлены: гэта ён сам выдумаў на сябе, калі аднойчы, пагаліўшыся, глядзеў у люстэрка.

Не, лепш за ўсё проста спытаць у яе па-сяброўску: «Скажы, Надзя, ты кахаеш Валянціна?»

Яна павінна адказаць. А можа здарыцца, што ў адказ яна абдыме яго, засмяецца і ласкава-ласкава скажа: «Які ты дурны, Квачык! Я кахаю толькі цябе!»

Уявіўшы гэта, Яўмен ажно задыхнуўся ад шчасця.

Відаць, нямала яшчэ і іншых варыянтаў размовы з'явілася б у яго гзлаве, каб ён раптам не заўважыў, што Надзя знікла з пляцоўкі. Забыўшыся на ўсё, Яўмен адразу кінуўся шукаць яе. I тут упершыню пачуў за спіной смяшок:

— Даганяй яе каля трактара!

Гэтыя, сказаныя некім, уедлівыя словы страшэнна ўразілі яго.

Няўжо?.. Няўжо яна пабегла ў поле, каб там, на працы, спаткацца з Валянцінам?

Яўмен схаваўся ў ценю ліп каля калгаснага саду і доўга, стаіўшы дыханне, слухаў, калі ж урэшце спыніцца трактар. Ды час ішоў, а трактар гудзеў па-ранейшаму і праз дрэвы саду было відно, як па полі плыве святло фар. Калі прайшло столькі часу, што яго хапіла б, каб двойчы схадзіць да трактара і назад, Яўмен з палёгкай уздыхнуў і, абышоўшы клуб, каля якога ўсё яшчэ іграў баян, рушыў па соннай вуліцы вёскі.

Надзя з сяброўкай сядзела на лавачцы каля сваёй хаты. Узрадаваны Яўмен падышоў да іх, папрасіў дазволу прысесці.

— Калі ласка, — адказала сяброўка і адразу ж паднялася. — Дык я пайду, Надзечка, спаць. Ты будзі мяне заўтра, а то я зноў прасплю.

Яўмен з удзячнасцю правёў яе позіркам.

Яны засталіся ўдваіх. Сядзелі воддаль адзін ад аднаго і маўчалі. Надзя, не падымаючы галавы, наском туфля чарціла на пяску нейкія літары. Яўмен пазіраў на яе і крыху зларадасна думаў: «Ага, няёмка табе, сорамна?» Але і сам не ведаў, з чаго пачаць размову. Ад хвалявання яму стала холадна, хоць вечар быў цёплы.

Ён сказаў пра надзіну сяброўку:

— Разумная дзяўчына Клава.

Надзя не адказала.

Тады ён услухаўся ў гудзенне трактара, якое то сціхала, аддалялася, то набліжалася, расло, і заўважыў:

— Газуе Валянцін.

Надзя і брывом не павяла, быццам упершыню пачула гэтае імя. Яўмен разгубіўся. Усяго тыдзень таму назад яна была такая гаваркая — расказвала бесперапынку, жартавала... А цяпер... Але раптам Надзя ціха засмяялася і, глянуўшы на яго, сказала:

— Якое ў цябе непрыгожае імя, старое — Яўмен, — і пасля кароткай паузы дадала: — I прозвішча таксама... Як мянушка...

Ён сам не любіў свайго імя, аднак, ніхто ў жыцці не гаварьіў яму такіх абразлівых слоў. Але больш балючым і страшным за абразу было іншае: ён зразумеў, што гэта яе адказ на ўсе яго пытанні, на ўсе надзеі і спадзяванні, больш ім няма пра што гутарыць. Ён пасядзеў моўчкі яшчэ хвілінку і, падымаючыся, сказаў:

— Валянцін, вядома, лепшае...

— Валянцін... Валя... — неяк радасна, летуценна сказала яна і неяк незвычайна,