Litvek - онлайн библиотека >> Джон Эрнст Стейнбек >> Проза >> Гронкi гневу >> страница 4
гэты сорт людзей у нас доўга не трымаецца. - Крыху фанабэрлiва ён дадаў: - Я ў дарозе нiколi не п'ю.

- Нiколi? - перапытаў Джоўд.

- Нiколi! Трэба ў людзi выбiцца. Задумаў я паступiць на завочныя курсы. Механiкам буду. Справа няцяжкая. Сядзi сабе дома ды вучыся, урокi лёгкiя. Я гэта сур'ёзна надумаў. Тады ўжо не буду вадзiць грузавiкi. Няхай iх хто iншы водзiць.

Джоўд дастаў з бакавой кiшэнi пляшку вiскi.

- Можа, глынеш, хочацца ж? - падражнiў шафёра Джоўд.

- Не, слова даў. I не дакрануся. Што-небудзь адно: альбо пiць, альбо вучыцца.

Джоўд адкруцiў каўпачок, два разы пацягнуў з рыльца, зноў закрыў бутэльку i засунуў яе ў кiшэню. Па кабiне разлiўся моцны i рэзкi пах вiскi.

- Ты ўвесь нейкi ўзбуджаны, - сказаў Джоўд. - Што з табой - дзяўчыну завёў?

- Гэта само сабой. Але галоўнае - трэба ў людзi выбiвацца. Свае мазгi я даўно ўжо трэнiрую.

Ад вiскi Джоўд адчуў сябе вальней. Ён скруцiў яшчэ адну цыгарку i запалiў.

- Цяпер ужо мне недалёка, - сказаў ён.

Шафёр таропка загаварыў:

- Мне пiць няма як. Я ўвесь час трэнiрую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. - Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. Дапусцiм, я праязджаю мiма пешахода. Я да яго ўважлiва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё - i якая ў яго адзежа, якiя чаравiкi, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькi ён прыблiзна важыць, i асаблiвыя прыкметы на яго твары, калi яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымлiваецца. Iншы раз думаю, цi не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапii, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзiва, колькi чалавек можа ўсяго ў памяцi ўтрымаць.

Джоўд хуценька глынуў з бутэлькi. Апошнi раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткi i мазольнымi пальцамi раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, i вецер садзьмуў труху з яго далонi. Вялiкiя шыны бадзёра спявалi сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропiўся на дарогу, i ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хiтраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасiўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агалiўшы зубы, i плечы яго затрэслiся ад бязгучнага смеху.

- I доўга ж ты падбiраешся, прыяцель.

Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.

- Да чаго я падбiраюся? Пра што ты?

Губы Джоўда зноў стулiлiся, схаваўшы яго вялiкiя зубы, ён аблiзнуў iх, як сабака, двума заходамi, ад сярэдзiны да куткоў рота.

- Сам ведаеш, пра што, - у голасе ў яго пачулiся рэзкiя ноткi. - Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькi ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?

Пазiраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сiлай сцiснуў рулявое кола, што пабялелi кiсцi рук.

- Ты добра ведаеш, адкуль я iду, - сказаў Джоўд.

Шафёр маўчаў.

- Ведаеш, цi ж не так? - не сунiмаўся Джоўд.

- Ну ведаю... Праўдзiвей, здагадваюся. Толькi мяне гэта не тычыцца. Мне сваiх клопатаў хапае. Што мне да таго? - адным духам выпалiў шафёр. - Я ў чужыя справы не лезу. - Ён змоўк, вiдаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукi ўсё яшчэ моцна сцiскалi абаранак руля.

Праз акенца ў кабiну заляцеў конiк, апусцiўся на прыборны шчыток i пачаў чысцiць крыльцы сваiмi каленчатымi спружынiстымi ножкамi. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамi цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага i выкiнуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамi, каб сцерцi з iх рэшткi раздушанага конiка.

- Памыляецеся, мiстэр, - сказаў ён. - Нiчога я хаваць не збiраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далi там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому iду, да бацькi, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?

Шафёр сказаў:

- Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.

- Не соваеш? У цябе ж нос на восем мiль наперад вытыркнуўся. Ты мяне iм так абнюхаў, як авечка капусту.

Шафёр насупiўся.

- Ты мяне не так зразумеў... - пачаў ён вяла.

Джоўд засмяяўся:

- Ты хлопец што трэба - падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмiн. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далi?

- Мяне гэта не тычыцца.

- Цябе нiчога не тычыцца - ганяеш сваю чортаву махiну ўзад i ўперад i больш ведаць нiчога не хочаш. А цяпер глянь - бачыш палявую дарогу?

- Ну.

- Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусцiў - так карцiць даведацца, за што мяне пасадзiлi. Ну, не буду мучыць цябе. - Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын панiжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку i зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавiк пад'ехаў да грунтавой дарогi, якая пад прамым вуглом адыходзiла ад шашы, i затармазiў. Джоўд вылез i стаў каля акна кабiны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахiлiўся да шафёра. - Чалавеказабойства, - скорагаворкай прагаварыў ён. - Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забiў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скiнулi да чатырох, бо сядзеў я цiха, як мыш.

Шафёр правёў позiркам па твары Джоўда, стараючыся запомнiць яго рысы.

- Нi пра што такое я ў цябе не пытаўся, - сказаў ён. - Мая справа старана.

- Можаш раззванiць па ўсiх забягалаўках, адсюль i да самай Тэксалы. Джоўд усмiхнуўся: - Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагi. Толькi памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты i рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. - Джоўд пляснуў далонню па металiчных дзверцах: - Дзякуй, што падвёз. Бывай! - Ён павярнуўся i пайшоў на палявую дарогу.

Хвiлiну шафёр моўчкi глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:

- Шчаслiва!

Не азiраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, i вялiкi чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI

Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з панiклым, пераблытаным бадыллём, i каласкi i галоўкi яе ашчацiнiлiся асцюкамi i калючкамi: аўсюк - каб учапiцца ў сабачую поўсць, лiсахвост - каб уплесцiся ў конскую шчотку, канюшына - каб ухапiцца сваiмi шчацiнкамi за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калi яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакi, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем - кручочкам цi парашуцiкам, дроцiкам цi клубочкам з вострымi iголачкамi, i ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёлiны цi ветру, манжэтаў мужчынскiх штаноў цi падола жаночай спаднiцы, чакала бяздзейна, але мабiлiзаваўшы ўсе свае сродкi, нерухома, але ў поўнай гатоўнасцi да вандроўкi.

Сонечныя промнi падалi на траву i грэлi яе, а ў цянi пад былiнкамi варушылiся i снавалi казюлькi - мурашкi i мурашыныя львы, што ставiлi iм пасткi; конiкi, якiя раз-пораз выстрэльвалi ў паветра, блiснуўшы жаўтлявымi крыльцамi; падобныя да маленечкiх армадзiлаў макрыцы ўпарта прабiралiся кудысьцi на сваiх незлiчоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогi, мiма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха - то ў адзiн бок паверне, то ў другi. Яе шурпатыя лапы з жоўтымi кiпцямi разграбалi траву, не ступалi па ёй, а прадзiралiся праз яе, цягнучы на сабе грувасткi шчыт.