Litvek - онлайн библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Документальная литература >> З дзённікаў. 2002-2004 >> страница 3
нашай зямлі. Добры мы народ!

Учора — новы сусед, Ал. Васілевіч. Заняў месца і на выхадныя — дадому. Многія так робяць. Побач ляжыць Вольга Васільеўна Казлова, з ёй я адводжу душу — гутару пра літаратуру, пра пісьменнікаў, яна дасканала ведае ўсіх. Дзякую ёй за ўвагу, за дабрыню. <.>

Сёння наведаў мяне М. Мятліцкі. Ён прымае «Полымя». Былыя супрацоўнікі наладжваюць сабатаж — за выключэннем Коўтун і Федарэнкі — падалі заявы аб звальненні. Дурні! Думалі <нрзб>. Іншыя выходзяць з рэдкалегіі. Гілевіч і Зуёнак забралі рукапісы. Ах, Вася! Ты з кім? Між іншым ён тут. Я з ім шчыра гутарыў, ён пра «Полымя» і свой дэмарш — ні слова. Таня прыслала Вячаслава з фруктамі і цукеркамі. Навошта? Чалавек пасля начнога дзяжурства. <.>

Аднаму ў палаце спакойна, але нудна. Гляджу тэлевізар, чытаць цяжка — слабыя акуляры ўзяў, рабочыя пашкадаваў — не зламаць бы! Для мяне праблема — схадзіць у паліклініку. Але пакуль ляжу тут, трэба паказацца і акулісту, стаматолагу; гэтыя спец. прыйсці не могуць. Запісаў — ужыў. Можа, і на «Начныя ўспаміны» хапіла б духу. Не, у прысутнасці старонняга пісаць не магу.

9 чэрвеня 2002 г.

З 22-га мая — у бальніцы, лячу свой апорна-рухацельны апарат. Пакуль што без асобых вынікаў. Браў чысты сшытак, зрабіў адзіны запіс ст. на 2. Не пішацца. Браў том дзённікаў Талстога — не разгарнуў. Чытаю газеты, Таццяна прынесла стус «Завтра» і «Дуэли». «Завтра» грубая ў адносінах Пуціна, Праханаў перабірае меру. Прэзідэнта трэба крытыкаваць, але не так груба. «Дуэль» Мухіна — антысеміцкая. Думаю, так адкрыта выяўляць сваю непрыязь да старажытнага народа нельга. <.>

На выхадныя папрасіўся дадому памыцца, там, у бальніцы, душ не для старых, няма на чым прысесці, каб распрануцца. <...> Папрасіў Алёшу прыехаць забраць мяне. Чакаў дзве гадзіны, хваляваўся. У яго забалеў жывот. Прыехаў нарэшце, завёз у цырульню (зарос, што дзікун), дома памог памыцца. Адпусцілі мяне на суткі. Планаваў у 12 вярнуцца назад, звоніць Алёша: «Дзед, давай у 5». Прычына? Футбол. Балельшчык-фанат. Футбол для яго даражэй за ўсё.

У бальніцы ў суседняй палаце памёр чалавек, з якім напярэдадні ў калідоры гутарылі. З’явілася сумная думка: у 82 можа і са мной падобнае здарыцца. А ў мяне неатрыманая прэмія. Клапачуся пра маіх збяднелых дзяцей. І выношваю ідэю: напісаць Лукашэнку пісьмо: у выніку... выдаць грашовую прэмію маім дочкам Ліне, Таццяне, Алесі — па роўнай долі, усе яны носяць маё прозвішча — Шамякіны. А без пісьма не выдадуць. І ці выдадуць праз 6 м-цаў, пры раздзеле маёмасці? Вясёленькія думачкі! Аднак сур’ёзны бацькоўскі клопат.<...>

Государственный секретарь Союзного Государства (такі тытул пад сцягамі Бел., Расіі) П. Барадзін прыслаў пісьмо:

«Уваж. Ив. Петр.! На заседании Высшего Госуд. Совета Союзного государства 12 апреля 2002 года принято решение о присуждении Вам премии Союзного государства в области литературы и искусства».

Віншаванні.

«О церемонии вручения премии сообщим дополнительно. П. Бородин».

Адрес постоянного Комитета Союзного государства: Москва, Старая пл. д. 8/5, тел. (095) 206-32-70.

Няхай і гэта будзе ў дзённіку! З Саюзнай прэміі — Сталінскай — я пачынаў свой доўгі творчы шлях, Саюзнай прэміяй канчаю яго. Няхай жыве Саюз непарушны!!!

13 чэрвеня 2002 года

Сёння выпісаўся з бальніцы. 22 дні праляжаў. Ляжаў мала, але і хадзіў мала. Змяніліся тры суседы. Першы Чуванаў і трэці (?) Міхаіл Васільевіч моцна парваныя. Але трымаліся аптымістычна. Другі, Фамін, з нагой, якую зламаў яшчэ ў маладосці. Будаўнік, майстра. З ім было цікава. З усімі было цікава. Усе ставіліся да Ш. паважліва. Пазнавалі з другіх палат, другіх аддзяленняў. Некаторыя стамлялі размовамі. Прыняў нямала кропельніц, дзесяць сеансаў лазера, уколаў па тры ў дзень — лепш, лягчэй хадзіць не стаў. Учора сустрэў Тац. Ів. Прытыцкую. Яна спалохала: яе везлі на калясцы, ногі зусім не служаць. Не дай Бог. Адно, відаць, патрэбнае зрабіў: запламбіраваў зуб і сёння вырваў карэнні даўно зламаных карэннікаў.

Запісваю прозвішчы, імёны ўрачоў, сясцёр, якія мяне лячылі: Сцебуноў Сяргей Сцяпанавіч, Літвінаў Сяргей Віктаравіч, Сіўко Сяргей Аляксандравіч, маральна падтрымліваў Рубашэнка Віктар Пятровіч, які нядаўна ажаніўся з Валерыяй Навуменка. Па-мойму, добры, чулы чалавек. Дай Бог Валі і яму ладу сямейнага, што будзе радаваць Івана Як.

Г анарар ніхто не плаціць, пра ўручэнне прэміі — маўчанне. Калі будуць тыя грошы? А на дачы процьма рамонтных работ. Дзе ўзяць грошы? «ЛіМ» не заплаціў за снежаньскі, студзеньскі, сакавіцкі нумар. <...>

Я лічыўся знаўцам чалавечай псіхалогіі. Не, не знаю. Не магу зразумець, з-за чаго маскоўскія футбольныя фанаты ўчынілі ў мінулую нядзелю такі дзікі пагром. Звярэюць людзі. Атавізм. У хірургіі трэці м-ц ляжыць выдатны хірург Ярашэвіч А. Ал.: яго ў пад’ездзе яго ж дома ўдарылі жалезным прутам па галаве. Кажуць, выдралі нават залатыя пратэзы. Я з ім многа разоў гутарыў, але пра гэта спытаць не адважыўся. Тэлеперадачы, якія нібыта накіраваны супраць крыміналу, на самой справе прапагандуюць падобны разбой. Асабліва амерыканскія баевікі, у якіх людзей забіваюць што курапатак. Спыніся, чалавецтва! Зрабі рэвізію сваіх каштоўнасцяў! Дайшлі да таго, што займаюцца сексам па Інтэрнеце. Жах! І на такой «культуры» і «навуцы» нажываюць мільярды. Не філосаф я — бытапісальнік. Талстой асуджаў «навінкі» з глыбокімі высновамі. Аднак сорамна раўняць сябе з геніем! Маё шчасце, што я заўсёды рэальна ацэньваў свой талент — не прыніжаў (прыніжалі без мяне) і не ўзвышаў (узвышаў народ, чытачы). Здаецца, у «КП» прачытаў трапнае выслоўе: «Писатель не тот, кто пишет, а тот, кого читают». Мяне чыталі! Але ці будуць чытаць у будучым? Мае равеснікі пяюць дыфірамбы. Маладыя сёстры чыталі хіба тое, што вучылі ў школе. Сумная выснова.

19 чэрвеня 2002 года

Губляю жыццёвую актыўнасць. Пяць дзён не вылазіў на вуліцу. Учора выйшаў. Хаджу цяжэй, чым да лячэння. Трэба паехаць на дачу. Баюся. Чаго? Дзе жыць? Ці ўзлезу ў сваю «галубятню»? Спякотна там. Дзверы, па сло­вах Машы, згнілі. Унізе — прахадны двор. <...> Лазню размарозілі. Печ у лазні развалілася. Печніка Слава знайшоў. Але трэба добры сантэхнік. А без лазні як памыцца? А галоўнае — чым займацца на дачы? Ці здолею пісаць? Не цягне. Стымулы аслабелі. Слава ўжо не трэба. Трэба грошы, а іх не плацяць. Выйшла ў «МЛ» «Сэрца на далоні», «Г андлярка і паэт». Салідны том. А ганарар далі? Званіў Марчуку. «Заплацім». Аптыміст! А сам у падвешаным стане: выдавецтвы аб’ядноўваюцца. «МЛ» і «Юнацтва». А хто будзе дырэктарам?