Litvek - онлайн библиотека >> Южык Міхась >> Старинная литература >> Перакулены час >> страница 69
– праз два на трэці. Але, як бы ім у дапамогу, з акон навіслых абапал “хрушчовак” лілося сваё адмысловае святло. У войску, калі Васіль стаяў у каравуле, за агароджай іхняй часці высіліся такія ж стандартныя пяціпавярхоўкі. За тысячы кіламетраў ад роднага дома – акурат такія ж! І, прыхіліўшыся поначы да каравульнай вышкі, падоўгу ўзіраўся тады салдат у рэдкія жоўтыя плямы акон, намагаўся разгадаць іх таямніцу, грэўся іхнім цяплом, мройліва ўяўляў якую-небудзь “хрушчоўку” сваім домам, куды ён, адкінуўшы аўтамат і перамахнуўшы цераз агароджу, можа завітаць у любы момант. Але не ідзе, але церпіць… Таму што так трэба.

Перад пусткай, што адкрывалася праваруч, Васіль наблізіўся да скрыжавання. У дваццаці метрах ад мірглівых жоўтых святлафораў знаходзілася павець аўтобуснага прыпынку, у доме напроці – маленькі магазін, а каля яго – пару тэлефонных аўтаматаў. Людзей паблізу не было, толькі з падваротні вычмыхнуў увішны “жыгулёнак”, асляпіў фарамі і віскліва збочыў на галоўную вуліцу.

Сурмач падышоў да аўтаматаў. Першы з іх не падаў ніякіх прыкмет жыцця. Зняўшы трубку з другога, Васіль расчуў кволы гудочак. Набраў нумар Марыі Лухвіч. Кароткія сігналы ўпарта сведчылі аб тым, што нумар заняты. Васіль, пацепваючыся ад золі, выкурыў цыгарэту і зноў зняў трубку: тыя ж кароткія гудкі.

Ён перасек вуліцу і паплёўся ўздоўж пусткі з аднаго боку і свайго мікрараёна – з другога. Ветру не адчувалася, аднак халадала з кожнай хвілінай, на дол увачавідкі напаўзала малочная імгла. Яна завалакла і прыглушыла далёкія агеньчыкі мікрараёна за пусткай. Нежылых гмахаў там зусім не было відно. Заціхалі навакольныя рухі. Усю дарогу да наступнага прыпынку Васіля ўжо не абагнала ніводная машына, не сустракаліся і прахожыя. Рэльеф паніжаўся, і сцюдзёная бель ахутала першыя паверхі “хрушчовак”, што злева туліліся да самай дарогі. У ёй патанулі кватэрныя лямпачкі…

І толькі ля павароткі, якая вяла на новабудоўлі, мерна міргалі жоўтым колерам святлафоры. Здавалася, што сама Беларусь, здранцвеўшы ў нямым чаканні, рахмана і бездапаможна лыпае тут вачыма.

Васіль скіраваў да тэлефонных аўтаматаў, што прыгарнуліся да соннага газетнага кіёска, зняў трубку… Нумар Марыі Лухвіч быў па-ранейшаму заняты. Сурмач крыху павагаўся, затым дастаў нататнік, адгарнуў патрэбную старонку і зноў крутануў наборнік… Кароткія гудкі сведчылі і пра занятасць нумара Таццяны. Ужо зусім замаркочаны, Васіль набраў трэці нумар – Змітра Куліка. На гэты раз сігналы былі нармальныя, доўгія; яны мерна ўспыхвалі і затухалі ўвушшу, гучалі настойліва, раз за разам спрабавалі адчыніць цішыню… Але і на іх не было адказу.

Сурмач абагнуў кіёск, падышоў да лавак аўтобуснага прыпынку, прысеў, бяздумна ўтаропіўся на замглёныя вокны пяціпавярхоўкі, што стаяла праз вуліцу. Святлафор то жаўціў, то цямніў яго твар.

Раптам з-пад лаўкі данёсся слабы піск, і між Васілёвых чаравікаў вылезла шэрае кацянё. Вартая жалю істота дрыжала ўсім сваім убогім цельцам, але вочы, вытарашчаныя на чалавека, гарэлі нязломным жыццём. Гэтае дамесячнае кацянё, якое пакуль што бачыла на белым свеце адно холад і голад, якое ў любы міг магло быць расціснута коламі машын і закатавана хуліганамі, глядзела на незнаёмага агромністага Васіля Сурмача з першабытнай любасцю! Яно, якое даверліва церлася аб яго ногі і патрабавальна пішчала, было значна мацнейшым за гэты туман, за гэтыя панурыя гмахі на даляглядзе, за цемру і пустату. Бо праз агеньчыкі яго вачэй гаварыла сама Прырода.

Васіль сунуў руку ў кішэнь штаноў і намацаў там некалькі цукерак, якія сёння сунула яму на дарогу Маша. У мігатлівым святле хлопец знайшоў сярод іх “Кароўку”, зняў абгортку і надкусіў. А тады асцярожна падняў дрыготкае кацянё, якое амаль нічога не важыла, паставіў сабе на калені і стаў тыкаць яму ў рот гэты ласунак. Ад страшэннага голаду істота калацілася ў яго руках і ела прагна. Яна ўвобмірг умяла цукерку і прынялася вылізваць Васілю пальцы сваім шурпатым язычком. Ад гэтых цёплых дотыкаў стала неймаверна хораша. Васіль засунуў кацянё за пазуху. Яно прыліпла да яго грудзей, утульна завурчала, затым пасунулася бліжэй да пахі.

– Ну што, брат, хадзем? – сказаў Васіль, намацаўшы звонку жывы камячок. Кацянё варухнулася пад матэрыяй, піскнула і заціхла.

Сурмач устаў з лаўкі і, трымаючы правую руку на грудзях, перасек вуліцу…

Пад аднастайнымі пяціпавярхоўкамі, патанаючы ў вільготнай смузе, па цямравай бязлюднай сцяжыне рушылі два спадарожнікі. Істотным плёнам турботнага жыцця аднаго з іх былі толькі дзесяць няпэўнай вартасці вершаў, што чакалі свайго часу ў шуфлядзе рэдактарскага стала. Другі спадарожнік пакуль што наогул нічога не меў. Ім было добра.

2000–2001 гг.

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Южык, Перакулены час: раман — Мінск: Тэхнапрынт, 2002. — 272 с.

ISBN 985-464-281-2


Раман Міхася Южыка распавядае пра рэаліі жыцця беларускай сталіцы ў 1993 г. Галоўны герой – малады непрызнаны паэт – прагне творчага самавыяўлення, але сутыкаецца з жорсткімі законамі літаратурнай закуліснасці… Гэта філасофска-сатырычны, вострасюжэтны твор.


© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011


© PDF: Камунікат.org, 2011


© ePub: Камунікат.org, 2012