Litvek - онлайн библиотека >> Южык Міхась >> Старинная литература >> Марыянеткі і лялькаводы >> страница 3
стройнымі доўгімі нагамі, у меру шырокім, не вульгарным, тазам. Чарнявая, з чорнымі ж хітраватымі агністымі вачыма, са смуглым румяным тварам. Усе пералічаныя вартасці цела самі па сабе не надта рэдкія ў прыродзе, але вельмі рэдка яны спалучаюцца ў такіх цудоўных прапорцыях, як у Таццяны. Часцяком геніяльны мастацкі твор — а трэба прызнаць, Зарэмба была геніяльным тварэннем прыроды — мае невялічкую хібу, няправільнасць, якая адно надае яму сілы. Такой няправільнасцю былі дзівосныя, большыя, чым таго вымагаюць класічныя прапорцыі, Таніны грудзі.

Менавіта з-за гэтых шчодрых грудзей адчувала Таццяна пастаянную, упартую і напружаную ўвагу да сябе з боку мужчынскага полу. Ужо з пятнаццаці гадоў рэдка ўдавалася ёй прайсціся па горадзе, каб не падвергнуцца сексуальнаму дамаганню. Ляпіліся да яе ўсе — ад саплівых малалеткаў да пляшывых старых, ад самавітых сямейнікаў да валацугаў. Гэта быў бясконцы, няспынны паток юрлівых асобін, гэткая ўяўная чарга, што неадступна стаіць пад дзвярыма Танінай кватэры. Часам ёй рабілася страшна і брыдка, усё далейшае жыццё бачылася як адчайнае адмахванне, адбіванне ад гэтай зацятай чаргі. І Зарэмба некаторы час змагалася супраць яе. Але рэчаіснасць узяла сваё. На адной вечарынцы яна спазнала мужчыну: амаль гвалтам яе ўзяў прыяцель аднакласніка, студэнт. І з першага ж разу, што ў дзяўчат бывае крайне рэдка, Таццяна адчула ўсю плоцкую слодыч такіх стасункаў. Праз тры месяцы яна ўжо жыла напружаным любоўным жыццём, ухітралася мець некалькіх каханкаў адначасова. Зарэмба хутка зразумела, што гэты паток юрлівых мужыкоў, якога яна раней так палохалася, не такая ўжо і благая штука. Бо некаторыя жанчыны здольныя прынадзіць за жыццё двух-трох мужчын — не болей, і за гэта гатовыя ахвяраваць чым заўгодна. А ёй, Зарэмбе, усё даецца лёгка, гуляючы. Трэба толькі ўмела кіраваць гэтым патокам, пускаць яго ў патрэбнае рэчышча. Таму што багаты ён на мужчын, якія за тое, каб лапаць яе за грудзі, ціскаць клубы ды кусаць за жывот, будуць слацца перад ёй посцілкай, поўзаць на каленях, дадуць грошай, прададуць родную маці…

Прыгажосць, што напачатку прыносіла Тані гэтулькі праблем, зрабілася таварам, за які можна займець многае.

Пераважна дзякуючы гэтай прыгажосці (а не акцёрскаму таленту, які быў пасрэдны) удалося ёй паступіць у сталічны тэатральны інстытут, паспяхова здаваць сесіі, а затым уладкавацца ў адзін з прэстыжных тэатраў. У Бабаеўскага яна працавала толькі два гады і ўжо праз год зрабілася фактычна другім чалавекам у тэатры, пасля дырэктара. Бо за пятнаццаць гадоў блізкіх узаемадачыненняў з мужчынамі ведала яна пра іх усё і кіравала імі зайздросна.

І тым не менш, асабістае жыццё Таццяны Зарэмбы можна лічыць няўдалым. Так нярэдка бывае з празмерна прывабнымі жанчынамі. Бо надта ўжо доўгая, разнамасная, шалёная стаіць па іх чарга, надта няпроста ў ёй разабрацца і выбраць таго адзінага правільнага, што дасць і каханне, і дабрабыт, і дзяцей, і апірышча…

Пры ўсіх сваіх здольнасцях, замужам Таня была толькі раз. Але і гэтага разу хапіла з лішкам. У дваццаць пяць гадоў выйшла яна за акцёра свайго тэатра, равесніка. І таленавіты, і Апалон целам. З двухпакаёвай кватэрай у цэнтры сталіцы. І каханне было такое, што зімой шыбы ў іх спальні плавіліся. Але накахаўшыся да пасінення, недзе праз тры месяцы пасля загса, выявілася, што трэба ж неяк яшчэ і жыць. Што жыццё — не адно пасцель, і не адно сцэна, а паўсядзённая барацьба за існаванне з усімі яе, барацьбы, атрыбутамі: здабываннем і гатаваннем харчоў, прыбіраннем у кватэры, мыццём бялізны і іншым непаэтычным друзам. А тут два халерыкі, два разбэшчаныя эгаісты, якія гэтага не толькі рабіць не любяць, не хочуць ды не ўмеюць, а яшчэ не церпяць ніякай улады над сабою, прынукі.

І ўжо праз паўгода сямейнае жыццё сталася для Таццяны кашмарам. Кватэра зарастала пылам і брудам, у халадзільніку было пуста, а колісь палкае каханне ператварылася ва ўзаеманянавісць, узаемарэўнасць і ўзаемамучыцельства. Тут упершыню зведала Зарэмба, што мужчына можа не толькі лашчыць, цалаваць і насіць на руках, а яшчэ і біць яе слабае цела. У запале скандалаў гэты малойчык, бывала, цягаў яе па кватэры за валасы, запіраў у ваннай, выганяў голую на лесвічную пляцоўку, разбіваў табурэткамі шыбы акон. Словам, свавольнічаў з усім тэмпераментам і фантазіяй артыста. А потым каяўся, поўзаў перад ёй на каленях, абдымаў, нёс у пасцель і зноў кахаў да бяспамяцтва.

З цяжкасцю ўдавалася Таццяне запудрываць перад рэпетыцыямі-спектаклямі сляды мужавых пабояў. Так вытрымала яна крыху больш за год. Потым дамаглася разводу: шумнага, буйнага, праз суд і грамадскую суполку тэатра, куды давялося прынесці заяву з апісаннем некаторых інтымнасцяў.

У выніку мужа звольнілі з тэатра, неўзабаве мусіла сысці адтуль і Таня, бо калектыў, што чамусьці абраў мужаў бок, ад яе адвярнуўся. З год валэндалася яна без сталай працы, падзарабляла ў тэлевізійных масоўках і аднаразовых шоу. Добра што ўдалося хоць паўкватэры адцяпаць у нарачонага — было дзе прытуліцца. А па праўдзе, жыла яна гэты год за кошт мужчын розных. Быў у яе і малады мастак, і добрапрыстойны сем’янін прафесар, і бізнесмен сярэдняй рукі і нават адзін волат грузчык.

Калі нарэшце знайшла работу ў тэатры Бабаеўскага, ужо праз месяц, наслухаўшыся плётак пра ахвочасць дырэктара да слабага полу, ведала Зарэмба, што яго песенька спета. Аднак праходзілі тыдні і месяцы, а не ўдавалася завабіць спрактыкаванай Таццяне ў свае цянёты старога распусніка. А ўсё таму, што працавала яна ўсё з іншымі рэжысёрамі, і ўбіцца на ролю да Бабаеўскага не выпадала магчымасці. Кароткія ж сустрэчы ў людных кулуарах тэатра не прыносілі плёну. Але цярпела Таццяна, знарок не заводзіла сабе палюбоўніка з маладых акцёраў, што з першых жа дзён актыўна яе дамагаліся. Яна ведала, што рана ці позна возьме дырэктара з патрахамі, а мужыкі дужа раўнівыя да мінулага. Таму жыла па-ранейшаму з мастаком і прафесарам.

І ледзь толькі Таццяне ўдалося патрапіць на рэпетыцыю да Аркадзя Рыгоравіча, лёс яго быў вырашаны канчаткова і беспаваротна. Кінуў Бабаеўскі сям’ю, быў публічна пракляты сынамі, завочна абсмяяны трупай, перасяліўся з чатырохпакаёўкі ў Зарэмбін катух, але ўважаў сябе за найшчаслівейшага чалавека на свеце.

Хутка стаў Рыгоравіч рабом сваёй падначаленай. Выдыхся гэты дзед ужо пасля трох месяцаў любоўнага жыцця з маладой і дужай Зарэмбай. Не паспяваюць яго магчымасці за яго апетытамі. І, адчуваючы гэту віну, на ўсё для яе гатовы цяпер дырэктар тэатра “Кіцеж”. Галоўная роля ў лепшым спектаклі — Таццяніна. Хай зайздросцяць