Litvek - онлайн библиотека >> Аляксей Кулакоўскі >> Старинная литература >> Дабрасельцы >> страница 30
уражанняў і ўспамінаў. Бывала, на сесію за вушы чалавека не прывалачэш, а тут, глядзі, амаль поўная школа людзей. I дэпутаты ўсе да аднаго, і настаўнікі. Сямён Казырок вунь адкуль i то прышоў, нават зладна махаў рукой, калі звонкі Дашын голас чуўся ва ўсіх кутках. Успомнілася, што і Аксіння, Валодзева маці, вельмі ж ужо старанна слухала Дашына выступленне, ківала ў знак згоды галавой, а потым, калі дзяўчына вярталася на сваё месца, злавіла яе за рукаў i доўга нешта шаптала на вуха, ласкава ўсміхалася. А яшчэ зусім нядаўна гэтая жанчына верыла яму, Мокруту.

Пасля Дашавага выступлення захацелася зноў узяць слова самому. Слова далі, а слухаць не слухалі. Стары Платон пачаў у гэты час нешта гаварыць Мітрафану, а той без усялякага ўтрымку смяяўся i весела паглядваў на свайго старэйшага сына. Гэты толькі што прыехаў, а ўжо тут.

I хто іх зваў на сесію?

…Перад вачыма — людскія рукі, паднятыя над галовамі. Так многа рук. Павел Паўлавіч сказаў падняць рукі толькі дэпутатам, а паднялі ўсе. Цяжка было ўтрымацца, каб не зірнуць. Андрэіха сядзела воддаль, дык аж устала, каб усе бачылі яе руку.

— Дабрасельскі! — звярнуўся Павел Паўлавіч да Івана. — Палічы галасы!

Той устаў, выцягнуўся на даўжэйшай назе, каб лепш бачыць.

— Аднагалосна! — праз якую хвіліну абвясціў ён. У голасе — цвёрдасць i гучнасць. Гэтага раней не было.

— Ды ўсе прагаласавалі! — пацвердзіў з задніх радоў Ціхоня.

Бач, і ён абазваўся!

Усё гэта асабліва крыўдзіла i злавала Мокрута. Ніколі раней ён не зважаў на якоесьці там галасаванне. Сам заўсёды падымаў руку без усякіх думак у галаве i на людскія галасы паглядваў з насмешкай. А тут прагаласавалі, i ён ужо не старшыня.

Правая рука неяк сама сабою паехала па слізкаму падлакотніку ўперад, аднак пальцы не дацягнуліся да стала, каб пастукаць, а квола, нібы самлелыя, упалі на сцягно. Тут яны, паварушыўшыся, хутка намацалі кішэню, у якой ляжаў круглы футлярчык з пячаткай. Пад сэрцам у Мокрута зашчымела. Заўтра здаваць гэтую пячатку, а як жыць без яе? Перад вачыма раптам паўсталі суседзі-дабрасяльчане. З самага ранку яны возяць на поле гной, рукі іх у гэты час брудныя i непрыемна пахнуць. Андрэіха носіць дадому маленькіх парасят, тут іх абсушвае, абагравае, поіць малаком. А Даша начуе на ферме ў час ацёлаў і ў такія дні ходзіць з пачырванелымі ад бяссонніцы вачыма. I ўсё гэта людзі, і шчасце ў іх, мабыць, больш, як у яго самога.

Лявон рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, устаў i нервова захадзіў па кабінеце. Хадзіў ён так з паўгадзіны, палавіцы скрыпелі, нібы крышыліся ў яго пад нагамі. Іх даўно ўжо нe праціралі вадой. Потым былы старшыня падышоў да свае кожанкі, рвануў яе так, што цвік сагнуўся, ці вешалка разарвалася, паспешна апрануўся і рушыў з сельсавета. Дзён тры яго ніхто не бачыў і ніхто не ведаў, дзе ён каратаў ці прасвістваў свой час. На чацвёрты дзень позна ўвечары Мокрут з’явіўся на дабрасельскай вуліцы. Ніхто і ў гэты час яго не заўважыў: дзетвара ўжо спала, а ўсе дарослыя былі на калгасным сходзе. Ішоў Мокрут, не спяшаючыся, і глядзеў увесь час толькі сабе пад ногі. Ён і рад быў, што ніхто не трапляўся яму насустрач.

Каля свайго двара спыніўся, падняў галаву. Мяккі вецер з поўдня абдаў яго шыю і трохі зменшаны за гэтыя дні валлячок. Лявон зноў утуліўся ў каўнер, вецер здаўся яму вельмі халодным. У вокнах хаты відно было святло. Гэта спадабалася Мокруту тым, што не трэба было стукаць, дабуджвацца жонкі. Асцярожна, без скрыпу адчыніў брамку, зайшоў у слізкі ад адлігі двор. Дзверы ў сенцы таксама адчыніў паціху, пераставіў нагу цераз парог хаты i больш не мог ступіць ні кроку. З ложка, накрытая суконнай паласатай коўдрай, дакорліва і ўсё ж такі з радасцю глядзела на яго жонка, а побач, на зэдліку, сядзела Андрэіха і спавівала ў цёплыя, свежыя пялёнкі дзіця.

Лявон зняў шапку і моўчкі стаў камячыць яе ў руках. Затым ён марудна павярнуўся і вышаў. З двара не падаўся нікуды, а сеў пад акном на прызбе і ахапіў галаву рукамі. З страхі капалі буйныя, вялікія каплі і гучна стукаліся аб кожанку. Са сходу па вуліцы ішлі людзі, яны весела гаманілі, смяяліся.

— Два старшыні ў хаце! — з націскам сказаў нехта.

— А я магу даць яшчэ і трэцяга, калі трэба!

Гэта, вядома, голас Мітрафана.

Насупраць двара нехта прыпыніўся.

— Няўжо яго яшчэ няма? — пачуўся гаманок. — Хіба ж не ведае чалавек? Гэта ж добра, што Андрэіха, а то б…

Лявон не мог глянуць на вуліцу, не мог расслабіць пальцы, ублытаныя ў адрослыя за апошні час валасы. Бразнула неўзабаве клямка ў сенцах, i каля яго мімаходам спынілася Андрэіха.

— Ідзіце, сусед, у хату, — патрабавальна сказала яна. — Сын заве.


1958