Litvek - онлайн библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты >> страница 5
ёсць чым ганарыцца. Калі да тваіх знаёмых прыхільна ставіцца  каранаваная асоба, адчуваеш прыемную еднасць з каралеўскім дваром...

Але гаворка не пра нас, і нават не пра караля. Ён сваю справу зрабіў — даў жыццё вялікаму саду, дзе кветкі былі гаспадынямі. А ружы сярод іх — каралевамі.

Пра іх наша апавяданне.

Прамыя сцябліны, горда паднятыя ў неба галоўкі з аксамітнымі пялёсткамі, тонкі водар і недатыкальныя шыпы — усё гаварыла пра высокае паходжанне руж.

Аглядаючы кветнікі, кароль нястомна паўтараў: «Гэта лепшыя ў свеце кветкі». Яго словы падхоплівалі прыдворныя, і кожная травінка ў садзе чула іх захопленае вохканне.

«Яны самыя-самыя...»— услед за людзьмі пачыналі шаптаць кветкі. Астры ўтрапёна круцілі сваімі зорнымі галоўкамі, гладыёлусы выцягваліся ў поўны рост, каб паслаць ружам гарачы пацалунак, вяргіні папраўлялі пышныя сукенкі — нягожа быць неахайнымі побач з суседкамі-прыгажунямі...

І ружы заганарыліся.

Раніцай, калі сонечныя праменьчыкі збіралі з кветак расу, ружы шапталі ім: «Раса з нашых пялёсткаў самая каштоўная ў гэтым садзе!» — і былі ўпэўнены, што гэта дзеля іх так беражліва нясуць праменьчыкі крыштальныя вядзерцы на неба.

Цёплымі днямі, калі пчолкі шчыравалі, шукаючы нектар, ружы паўтаралі: «Вам выпаў гонар кранаць нашы пялёсткі».— І здавалася ганарліўкам, што гэта ім пчолкі ўдзячна зумкалі, па крупінцы здабываючы мёд.

А ціхімі вечарамі, слухаючы салаўіныя песні, ружы паблажліва ўсміхаліся птушкам: «Не кожнаму выпадае шчасце спяваць для нас...» І калі салоўкі выводзілі такія каленцы, што зоркі, заслухаўшыся іх спеваў, пачыналі падаць з неба ў росную траву, ружы верылі, што гэта ім салютуе начное неба.

Закаханым у сябе кветкам здавалася, што жыццё ў садзе круціцца вакол іх прыгажосці. Многія жыхары саду таксама былі шчыра ў гэтым перакананыя.

Акрамя кветак у садзе раслі дрэвы. Самым старым і мудрым сярод іх быў дуб.

Яго магутны ствол крэпка абдымаў павой. Гэта слабая расліна толькі так і магла жыць, моцна зачапіўшыся за што-небудзь трывалае. Але такое сваяцтва з дубам — няхай не кроўнае, а пажыццёвае — і яму давала права на ўласныя развагі.

І ён, абдымаючы магутны ствол дуба, шаптаў услед за ўсімі ружам: «Яны адзіныя!»

Але мудрае дрэва пра ўсё мела свае меркаванні. У адказ на замілаванае вохканне павою яно паднімала яго на верхнія свае галіны і казала:

— Глядзі, там, ля сялянскіх хат, ружы, нічым не горшыя за нашыя. Усяго розніцы, што растуць яны па-за межамі каралеўскага саду...

— Фі, вы чулі, паненкі, што кажа гэта грубае дрэва! — грэбліва крывіліся прыгажуні, да якіх вецер даносіў словы дуба. — Дадумацца параўноўваць нас з кветкамі ля сялянскіх хат! Нашым водарам дыхае сам кароль і яго прыбліжаныя. І таму мы, несумненна, уплываем на ход дзяржаўных спраў! Ці могуць пра такое марыць ружы з простых кветнікаў?

Па садзе лёталі матылькі. Яны былі такія прыгожыя, нібы паднятыя ў паветра кветкі. І таму кветкі вельмі любілі сваіх крылатых сяброў.

Але, у адрозненне ад кветак, матылькі глядзелі на жыццё шырэй, бо не былі прывязаныя карэньчыкамі да аднаго месца. І яны заўсёды згаджаліся з дубам, калі гаворка тычылася адметнасці руж з каралеўскага саду.

— Знаёмы нам ружавы куст ля хаткі з чарапічным дахам там, за горкай, цешыць хворага хлопчыка. Ён не можа хадзіць, і ружы для яго — цэлы свет... — казалі матылькі, нямала злуючы ружы сваімі навінамі.

— Ах, ведаем мы гэтых няўдачнікаў, усе яны некага цешаць,— круцілі каралеўскімі галоўкамі ружы,— але ўсе мараць трапіць на нашае месца. За намі тут такі дагляд — кожны пазайздросціць.

— Канешне, дагляд належны,— спрабаваў прыструніць дуб задавак.— Уся ваколіца стараецца дзеля вас. Лепшых садоўнікаў адпраўляюць у каралеўскі сад, з самых чыстых ручаін ваду вам на паліў носяць. Варта б помніць вам пра гэта і не зазнавацца...

— Абы-каму не насілі б,— не сунімаліся ганарліўкі.

А найпрыгажэйшая з іх напышліва павучала:

— Так захацеў лёс, а ім, дарэчы, яшчэ і распарадзіцца трэба ўмець. Вось я — сапраўдная гаспадыня свайго лёсу. Яшчэ кволым парасткам у разарыі ведала многія ружавыя кусты. Адзін з іх нават сватаўся да мяне. Ці не той, што расце ля хаткі з чарапічным дахам? Гэта так падобна на яго, ён любіў пра самаахвярнасць паразважаць. Колькі разоў казала яму я — усміхайся кожным пялёсткам, калі каралеўскі садоўнік выбірае саджанцы для саду. Не слухаў. Паўтараў, што радасць створана для ўсіх — і вось трапіў невядома куды. Ну і няхай сабе гібее цяпер! Хаця — шкада, прыгожы быў, дурань. У мяне ж, дзякаваць Богу, хапіла розуму не адгукнуцца на яго заляцанкі, я ведала, каму пасміхацца,— і вось, я тут...

Згодныя са сваёй сяброўкай, ружы дружна ківалі галоўкамі.

Так ішлі дні за днямі. Ружы надыхацца не маглі сваім уласным водарам, нахваліцца сваім веданнем жыцця. А між тым яно рыхтавала ім неспадзяванкі. Пахіснулася здароўе старога караля. І, як ні шкада яму было пакідаць сваю дарагую радзіму, ён мусіў ехаць у цёплы край, бліжэй да мора. Палац з безліччу кветак кароль пакідаў маладому прынцу.

У прынца ж былі свае меркаванні пра тое, што добра і што дрэнна. Былі і ўлюбёныя кветкі — але не ружы. Захапленне імі ён лічыў старамодным.

І вось надышоў дзень ад’езду караля. З гэтай нагоды ў палацы ладзіўся баль. Аздобіць залы было вырашана жывымі ружамі. Іх зрэзалі позна вечарам, перад пачаткам балю, каб да самай раніцы любімыя кветкі караля радавалі яго сваім водарам.

Калі ружы панеслі ў пакоі, сад спаў і не бачыў, як кветнікі апусцелі. Абудзіўшыся ж на досвітку наступнага дня, сад не пачуў звыклага шэпату каралеўскіх пястунак пра сваю прыгажосць.

— А куды падзеліся нашы ружы? — пыталіся адна ў адной кветкі.

Павой, які пакрысе дабраўся ўжо на вяршаліну дуба, выцягнуў свае лісточкі і напружыўся, аглядаючыся па баках.

— Вунь яны, у каралеўскіх пакоях! — захоплена выдыхнуў ён, пабачыўшы праз адчыненыя вокны букеты ў шыкоўных вазах. І не ў стане стрымаць замілавання, абмяк і споўз уніз.

— Які гонар, якое жыццё! — зашапталіся кветкі, дакорліва пазіраючы на дуб.— А некаторыя сумняваліся ў высокім прызначэнні руж. Кожнаму можна марыць пра такі лёс!

Але дуб моўчкі шапацеў лістотай. На чужы раток не накінеш платок, увесь свет не перайначыш. Ды і не варта займацца гэтым мудраму дрэву. Высокі дуб бачыў тое, што было недаступна погляду нізенькіх кветак: варта было каралю выправіцца ў дарогу, як ружы выкінулі, не зважаючы на колішнія заслугі ў аздобе саду, забыўшыся на нядаўняе захапленне іх водарам.

На галоўныя кветнікі саду пасадзілі белыя лілеі — любімыя прынцам кветкі. Яны, як і ружы, адразу ж пачалі хваліцца