Litvek - онлайн библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты >> страница 2
гневайцеся,— затрывожыўся Клёнік, якому Вецер імгненна перадаў на словах адказ Вішанькі.— Мы ж не сёння выраслі тут. Відаць, даўно глядзелі адзін на другога — але не заўважалі. Але ж мы тутэйшыя, хто заўгодна з суседзяў замовіць за мяне слоўца... Якой прыгажуняй глядзіцеся вы ў белі сярод золата дрэў!

Вішанька сціпла апусціла долу вочкі, але яе хваляванне выдала квецень, бо раптам раскрыліся яшчэ некалькі пяшчотна-белых сузор’яў...

Ужо не першы год квітнела, а пасля гадавала сакавітыя ягады Вішанька. Але гэта адбывалася ў прызначаны прыродай час, вясной і летам, а штовосень дрэўца, як і ўсе, рыхтавалася да зімовага сну. Але на досвітку гэтага дня нібы хто пастукаў у сэрца дрэўца, ажылі, запульсавалі па ствале і галінках сокі, і вось — Вішанька зацвіла.

Глядзіць Вішанька на панадворак — і не пазнае яго ва ўборы вяргінь і астраў — восеньскіх кветак. Агародчык ля хаты пусты. Бульба выбрана даўно, пачышчаныя буракі прыкрыты паверх цыраты бацвіннем — ад марозу. Сад праз парадзелае лісце струменіцца яблычным ззяннем. Ападышы ляжаць пад дрэвамі ў плеценым кошыку і проста скіданыя ў гурбачкі. Ад іх так смачна пахне і прымятай травой, і патрывожаным спакоем зямлі, і стылай прахалодай восеньскай ночы, якая вымусіла яблыкі на дрэвах дрыжэць, а тых, у гурбачцы, ціснуцца адзін да другога замёрзлымі бакамі.

З дрэў амаль апала лістота. Яны ўжо не хваляцца адно перад адным кучаравымі чубамі, а плацяць зямлі спрадвечную даніну, засцілаючы яе залатымі світкамі са сваіх плячэй,— каб не застыла ўзімку. І самыя прыгожыя сярод восеньскіх дрэў — клёны. А сярод іх — той, маладзенькі, што даслаў Вішаньцы ліст.

Яна ўпотай кідае позіркі на яго, і сэрцайка яе соладка замірае.

А Клёнік за кароткі час звёўся зусім. Хваляванне хвалямі б’е па ім, вымушаючы запунсавець і золата, і нешматлікую зелень яго лісткоў.

— Я ажанюся з ёй! — задзірыста абвяшчае ён сваім старэйшым сваякам, якія растуць поплеч.

Але тыя і пярэчыць не думаюць. Хоць Вішанька і не іх роду дрэўца, але такой незямной прыгажосці!..

Сталі думаць, каго паслаць у сваты. Вецер? Ён хоць і перадаў ліст Вішаньцы, але для свата занадта наравісты, страшна, каб не наламаў дроў... Сарока, заўсёды дасведчаная не толькі ва ўсіх падзеях, але і намерах ваколіцы, прапанавала сябе за сваццю. О не, яна не толькі балбатліўка, але і пляткарка — можа ўсё сапсаваць і дакладна сапсуе... Гусі — хатнія птушкі!.. Вось яны, такія важныя і надзейныя, шпацыруюць па сцяжынцы дахаты... Але — не, для такога ўрачыстага моманту ім не стае ўзнёсласці...

Выручылі пліскі. Яны штодня прыляталі праведаць клёны і ўзяліся пасадзейнічаць закаханаму ў сардэчнай справе. Цяжка было не ўхваліць такіх сватоў. І далікатныя, і вёрткія, і элегантныя ў сваіх бела-чорных уборах. Рабінкам, суседкам клёнаў, пліскі замовілі падарунак для Вішанькі — каралі з ягад. Клёнік дакараў сябе, што не сам дадумаўся зрабіць гэта. Але ніхто не асудзіў яго нездагадлівасць — закаханыя губляюць галовы, і гэта зразумела ўсім...

Каралі атрымаліся багатыя — рабінкі не паскупіліся, пачапілі на ніткі самыя буйныя ягады. Птушкі падхапілі падарунак і панеслі Вішаньцы.

Калі па яе галінках заструменіўся чырвоны ланцужок, ад захаплення перахапіла дыханне ва ўсіх, хто бачыў гэту прыгажосць...

Сваты загаварылі з Вішанькай здалёк, спакваля раскрываючы свае намеры. А яна, такая не азнаная ў жыцці, такая даверлівая і шчырая, ледзь дачакалася канца іх прамоў, каб кіўнуць усімі пялёсткамі:

— Я згодная!

Хоць такі таропкі адказ і не надта спадабаўся старэйшым, але выдаў Вішаньку з галавой. І ёй даравалі паспешлівасць, як Клёніку — нездагадлівасць.

Атрымаўшы згоду, пліскі прызначылі вяселле на вечар таго ж дня. Трэба было спяшацца, пакуль не ўдарылі маразы: восень — пара ненадзейная.

Закіпела падрыхтоўка да вяселля.

Тут ужо галоўным распарадчыкам і выканаўцам задуманага ў адной асобе быў абраны Вецер. Моцны, хуткі, да таго ж, па ўсім свеце лётае, бачыць многа. Адпаведна, найлепшым чынам можа арганізаваць і свята...

Перш-наперш Вецер узяўся наводзіць у наваколлі прыгажосць. Схапіў за чубы ўсе запрошаныя на вяселле клёны і так страсянуў, што яны парадзелі напалову.

— Пане, няўжо няможна было цішэй? — зашапацелі дрэвы, разгублена аглядаючы дзюркі ва ўборах.— Счакалі б хоць да заўтра!

Вецер сам пабачыў, што крыху перастараўся, але знайшоўся:

— Вашыя прарэхі якраз па апошняй модзе. А гляньце сабе пад ногі: кожны з вас нібы на залатым востраве з уласнага лісця стаіць!

Гаварыў Вецер пераканаўча, і клёны супакоіліся. А Сарока, якая хоць і мела востры язычок, але крыўд доўга не помніла, ужо адпусцілася за адмову ўзяць яе за сваццю і тэлеграфам перадавала ваколіцы навіны з падрыхтоўкі вяселля. У першы выпуск і трапілі клёны са сваімі экстравагантнымі ўборамі. Ад усіх запрошаных тут жа паляцелі заказы Ветру прарэдзіць іх. Вецер рагатаў і трос дрэвы — не прызнавацца ж, што моду прыдумаў ён і вось толькі.

Пасля Вецер гукнуў павучкоў — заўсёдных спадарожнікаў бабінага лета. На тоненькіх павуцінках прыляцелі яны на месца збору. Маленькія майстры саткалі з павуціння для Вішанькі лёгкі, амаль празрысты вэлюм.

Вераб’ям, якія без справы таўкліся па двары, Вецер загадаў узяць у дзюбы сушэйшай травы і адпаліраваць на гронках рабіны ягады.

А пад вечар, калі да вяселля заставалася зусім нямнога часу, Вецер падняўся высока-высока і самруч вымыў неба, з якога пазірала на зямлю скупое на цяпло восеньскае сонейка.

Яно адразу заззяла ярчэй, а ўслед за ім — і прыцярушаная залатым лісцем зямля, і адпаліраваныя рабінавыя гронкі.

У хаце расчыніліся дзверы, і на двор выйшаў стары дзядуля. Ён доўга ўглядаўся вакол сябе, а пасля прамовіў:

— Сколькі жыву, не памятаю такога прыгожага восеньскага дня!

Пасля, абапіраючыся на кіёк, ён пайшоў у сад і ўбачыў Вішаньку ў квецені.

— Першы раз на маёй памяці цвіце восенню вішня. Ці на дабро гэта? — запытаў ён сам у сябе.

— На дабро, на дабро! — зашамацеў голлем сад. Але дзядуля не разумеў яго гаворкі. Ён задумліва аглядаў дрэўца і ўбачыў рабінавыя каралі. Падумаў, што каралі забылася тут унучка. Успомнілася, як быў маладым і цішком, каб не засмяялі ні сябры, ні хатнія, рабіў каралі для сваёй каханай, якая на ўсё доўгае жыццё стала яму жонкай... Усе ўспаміны чуў сад, бо дзядок разважаў услых, як часта робяць гэта старыя людзі.

Але доўга стаяць пад дрэўцам, успамінаючы даўнейшае, дзядулю не давялося. Вецер спяшаўся зладзіць вяселле і не хацеў бачыць старонніх святу асоб у садзе. Ён надзьмуўся і дыхнуў на старога з-пад вугла такім холадам, што той азалеў уміг.

— Праўду кажуць, што восень на