Litvek - онлайн библиотека >> Алена Масла >> Детская проза >> Таямніца закінутай хаты

Алена Масла Таямніца закінутай хаты

Калі бываю ў камандзіроўках, настаўнікі скардзяцца, што кніг у бібліятэцы школьнай няма, а ў публічных – мала. Кніг даўно няма ні ў продажы, ні ў выдавецтве. Таму няма як чытаць.

Выкладаю тэкст і вокладку кнігі “Таямніца закінутай хаты”: каму спатрэбіцца – калі ласка, карыстайцеся на здароўе!

Алена Масла.

Украдзеная казка

Жыў-быў казачнік. Вольны, як вецер, гуляў ён па свеце, казкі ў мех збіраў. Ідзе лесам — сярод дрэў казку знойдзе, полем — у травах адшукае. Птушак, звяроў паслухае — пад завязку казак у мяху. А з людзьмі пагамоніць — гісторый адразу цэлы воз. Казкі — яны ж па ўсім свеце рассыпаны, у кожнай дробязі схаваны. Іх толькі разгледзець трэба ўмець. І пачуць.

Для добрага казачніка гэта работа звыклая. Не сказаць каб лёгкая. Ого, як старацца трэба, каб сапраўдную казку сустрэць! Найперш — ніколі не гараваць, што памалу расцеш, як, бывае, дружа, і ты гаруеш. Казкі найбольш дзяцей любяць. І дарослых, якія не баяцца дзецьмі заставацца, светам любавацца, быццам толькі-толькі нарадзіліся. Вось да іх і трапляюць самыя лепшыя казкі. Нават дадумваць нічога не трэба. Махнуў чароўнай чарацінкай — і знойдзеная казка сама па сабе ў кніжку запісваецца.

 А казачнік, пра якога мы раскажам, быў добры. Шчыры, лагодны, таварыскі, даверлівы. Як дзіця. І казкі самі да яго ў мех сыпаліся. Так, як і тым пагожым ранкам, калі казачнік лугам ішоў. Адкуль ні вазьміся на чыстым небе — хмара. І такі дождж з яе лінуў! Кароткі, на пару хвілін.   А спорны — да ніткі прамачыў казачніка. Ізноў заззяла сонейка на небе, дыяментамі рассыпалася ў мокрай траве вясёлка. Спыніўся казачнік і мяркуе, дзе б абсушыцца. А з мокрага меха «ха-ха» ды «хі-хі-хі». Гэта казка з дажджом у яго мех сцякла. Ладненькая, кучаравенькая.

— Прывітанне,— кажа,— я Воблачка!

— Ды я цябе ўсё жыццё шукаў! — усклікнуў казачнік.— Так карцела расказаць, як на небе аблокам жывецца! Адкуль дождж бярэцца, як вясёлка нараджаецца, як аблокі па небе вандруюць, як радуюцца і смуткуюць... Так і казку назавём — Воблачка!

Воблачка радасна заківала галавой, бо трапіць у добрыя рукі для казкі — шчасце не меншае, чым казачніку знайсці яе. А гэты з першага погляду адгадаў, пра што яна. Значыць, і пераказаць людзям зможа як належыць.

Дастаў казачнік чароўную чарацінку, толькі сабраўся ёй махнуць, як чуе:

— Прывітанне, дружа!

Ідзе лугам да яго даўні сябра. Пабачыў ён Воблачка — і знямеў. Ён таксама казкі збіраў, таму добрую ад дрэннай адрозніць мог злёту.

— Дзе,— пытае,— знайшоў?

— Ды тут, на лузе,— не таіцца наш казачнік і пачынае апавядаць казку складна, ладна. Слоўца ў слоўца яна знітавалася за лічаныя хвіліны.

Слухае прыяцель казку, і крыўдна яму робіцца. На досвітку ён на гэты луг прыйшоў, ногі стаптаў, кожнай красцы пакланіўся, пад кожны лісцік зазірнуў — і нічога не знайшоў. Варта было ад дажджу прыкрыцца парасонам, як казка з неба ўпала! І трапіла не да яго! Але не выдаў прыяцель сваёй зайздрасці, вырашыў перахітрыць больш удалага казачніка. Пачаў ён маніць:

— Урадлівы на казкі лужок! Я тут раніцай тузін іх назбіраў. Не ўсе нават у мех змясціліся. Давялося адну пад кустом на памежжы пакінуць — не горшаю за тваё Воблачка. Мо нікуды яшчэ не дзелася. Калі не лянуешся — збегай, забяры — тут недалёка...

— Ды я Воблачка яшчэ не спарадкаваў, запісаць не паспеў...

— Ат, колькі той работы. Ты бяжы, а я тваё Воблачка папільную.

Не вельмі хацелася казачніку знойдзеную казку адну пакідаць. Але шкада, калі тая, не забраная, прападзе.

— Тады я скоранька,— кажа,— адна нага тут, другая — там.

— Не хвалюйся, дагледжу тваё Воблачка,— паабяцаў прыяцель. А сам, ледзь казачнік адвярнуўся, цісь — і схаваў казку ў сваю торбу. Спяшаючыся, перавіў ёй кудзеркі па-іншаму. Пасля чароўнай чарацінкай махнуў — і запісаў у сваю кніжку. А каб і камар носу не падтачыў, змяніў яшчэ імя казкі — Хмаркай назваў.

Вярнуўся тым часам казачнік. Ніякай казкі за лугам не знайшоў — вырашыў, што спазніўся. І Воблачка не бачыць.

— Куды,— пытаецца сябра,— казка мая падзелася?

— Яе ветрам ледзь не знесла,— адказвае той, вочы хаваючы.— Дык, каб не згубіцца, яна ў маю кніжку папрасілася.

Схапіў казачнік кніжку, чытае — нібы яго казка. І разам з тым — чужая. Няма ў ёй ні водару красак пасля дажджу, ні зіхацення вясёлкі ў кроплях...

— Што ж ты нарабіў — ты казку загубіў! — заплакаў у роспачы казачнік.

А прыяцель і сам ужо бачыць гэта. Добра ж ведае: не бывае ад крадзеных казак шчасця.

— Даруй, браце, не ў добрую хвіліну мы сустрэліся,— стаў перапрашаць сябра казачніка.— Што за спакуса апанавала — не ведаю...

Але што ні гавары цяпер — казка ўжо ў кніжцы. А напісанага пяром не высечаш тапаром. Пайшла кніжка па свеце гуляць. Да розных людзей трапляла. Пра Хмарку апавядала. Але, перагарнуўшы старонкі, скора забываліся людзі, што ў той кніжцы напісана. Бо хітрасцю не проста кудзеркі па-іншаму казцы завілі, а ўсёй радасці яе пазбавілі.

А казачнікі? Разладзілася іх сяброўства. Кожны сваёй дарогай пайшоў. Адзін пабажыўся, што век на чужое не спакусіцца. Другі — што ніколі знойдзеных казак кідаць не будзе.

Ды вось бяда — з той пары сталі абмінаць іх казкі. Ні адзін, ні другі ўжо мяхамі іх не носяць. Бо казкі не любяць ні сквапных, ні нядбайных.

Калі марыш сустрэць у жыцці сапраўдную казку, помні пра гэта і ты, дружа.

Музыка крыштальнага саду

Аднойчы цёплай восенню расцвіла ў двары Вішанька. Адкрыла свае белыя вочкі-кветкі і здзіўлена пазірае наўкол.

...А празрыста-стылае неба азываецца да Вішанькі жураўліным курлыканнем. Развітальна махаюць крыламі чароды птушак, адлятаючы ў вырай. Здзіўлена пазіраюць на святло белай квецені залатыя клёны. Самы маладзенькі з іх, страсянуўшы чупрынай, схапіў за рукаў Вецер.

— Слухай, дружа, зрабі ласку — перадай той бяляначцы пісьмо!

Вецер згодна хітнуў і прыціх на хвілінку, чакаючы, пакуль Клёнік на лісточку выводзіў барваю паміж радкоў-пражылкаў: «Я Вас кахаю...» Пасля Вецер ціха, як уздыхнуў, хукнуў, і кляновы лісток апынуўся ля Вішанькі.

— Прыгажунька, вам пісьмо! Спадзяюся, паненка ўмее чытаць?

— Так, бліжэйшыя да хаты галінкі адукаваныя. Яны зазіраюць у акно, а за ім стаіць пісьмовы стол. Ён вывучыўся грамаце сам і мае галінкі паціху навучыў...

Вецер асцярожна апусціў кляновы лісток, куды ўказала Вішанька, і кветкі на ёй крыху паружавелі.

— У вас закахаўся той прыгожы Клёнік!..

— Ах, які ён легкадумны,— збянтэжылася дрэўца.— Мы зусім не знаёмыя.

— Чакайце, не