Litvek - онлайн библиотека >> Баляслаў Прус >> Рассказ >> Грахі маленства

Грахі маленства Баляслаў Прус

На вакацыях

Увечары, як заўсёды, да мяне прыйшоў мой школьны сябар. Абодва мы жылі ў вёсках, некалькі вёрст адзін ад аднаго, і бачыліся амаль штодня. Гэта быў прыгожы бландзін, лагодныя вочы якога маглі заваражыць не адну жанчыну. Мяне прывабліваў яго непарушны спакой і цвярозы розум.

У гэты дзень я заўважыў, што яму нешта дакучае: глядзеў ён у зямлю і неспакойна пасцёбваў дубцом па нагах. Мне было нязручна пытацца, што так хвалюе яго, ды вось ён сам пачаў:

— Ведаеш, у мяне быў сёння дурны выпадак.

Я здзівіўся: амаль зусім неверагодна было, каб «дурны выпадак» здарыўся з чалавекам, які так умеў валодаць сабою.

— У нас, — гаварыў ён далей, — быў сёння ўранні пажар. Згарэла хата...

— А ты, відаць, кінуўся ў агонь? — перапыніў я яго трохі кпліва.

Ён перасмыкнуў плячыма і, здалося мне, злёгку зачырванеўся; зрэшты, можа, гэта ад бляску сонца, якое заходзіла.

— Загарэліся, — сказаў ён, памаўчаўшы, — каноплі на гарышчы, а за імі і страха. Я чытаў якраз вельмі цікавы раздзел у Сэя, аднак, калі я ўбачыў чорны дым, што віўся клубамі, і языкі полымя, што прабіваліся цераз шчыліны ў коміне, мяне ахапіла абывацельская цікаўнасць і я павалокся туды. Людзі былі на працы, на пажар з'явілася некалькі чалавек: дзве бабы, што лямантавалі на бяду, арганісціха, якая адпалохвала пажар абразом святога Фларыяна, і дзядзька, што раздумваў, аберуч трымаючы пустое вядро. Ад іх я пачуў, што хата на замку, бо гаспадар з гаспадыняй у полі.

«Вось яна, наша сістэма будаўніцтва!.. — падумаў я. — Дом палае, як набіты порахам...»

І сапраўды, праз момант уся страха ўзнялася слупам полымя. Дым лез у вочы, а агонь прыпякаў так моцна, што я, каб не ўзяўся пінжак, павінен быў адысціся крокаў на некалькі.

Тым часам прыбегла больш людзей, з бусакамі, сякерамі і вадой. Адны пачалі абарочваць плот, якому нічога не пагражала, другія лілі ваду такім чынам, што на агонь яна не трапляла, некалькі чалавек былі ўжо мокрыя з ног да галавы, а бабу адну павалілі. Я ім нічога не казаў, бо відно было, што далейшым будынкам нічога не пагражае, а хату ўжо не ўратаваць.

Ды раптам хтосьці закрычаў:

— Там жа дзіця, маленькі Стасік!..

— Дзе? — спытаўся хтосьці другі.

— У хаце, спіць у ночвах каля акна... Выбі каторы шкло, дык жывога яшчэ выцягнеш...

Аднак ніхто не варушыўся. Салома на страсе ўжо згарэла, а кроквы і латы жарыліся, як распалены дрот.

Прызнаюся, калі я пачуў гэта, сэрца маё здрыганулася, як ніколі.

«Калі ніхто не ідзе, — падумаў я, — пайду туды... Каб уратаваць малога, спатрэбіцца паўхвіліны. Часу — аж занадта, аднак — страшэнная гарачыня!..»

— Ды варухніцеся ж вы каторы! — крычалі бабы. — Ах вы, сабачыя душы, а яшчэ мужчыны называюцца!..

— Сама лезь у агонь, калі такая разумная! — агрызнуўся хтосьці з натоўпу. — Там чалавеку адразу канец, а малое, што кураня, і так ужо зайшлося...

«Малайчына, — падумаў я пра самога сябе. — Ніхто не ідзе, а я ўсё вагаюся! А зрэшты, — падказала мне шэптам развага, — якога чорта лезці ў дарэмную авантуру?.. Або ж я ведаю, дзе ляжыць дзіця?.. Можа, вывалілася з начовак?..»

Бэлькі перагаралі ўжо і пачалі з глухім патрэскваннем выгінацца.

«Аднак трэба ўрэшце прабрацца туды, — думаў я, — кожная хвіліна дарагая. Дзіця не павінна ўсё-такі згарэць, як чарвяк... А калі яно ўжо гатова? — зноў падказала развага. — У такім выпадку шкада нават пінжака...»

Здалёк пачуўся страшэнны жаночы крык:

— Ратуйце дзіця!..

— Трымайце яе! — пачуўся крык у адказ. — Палезе ў агонь і загіне...

Я пачуў нейкае шамаценне за мною і той самы крык:

— Пусціце!.. Гэта маё дзіця!..

— Пад пахі яе бяры!.. — крычаў нехта ў адказ.

Я не стрываў і кінуўся наперад. Ахапіў мяне жар, дым, дах затрашчаў над галавой, з коміна пасыпалася цэгла. Я адчуў, што валасы мае тлеюць, і... адступіўся са злосцю. «Што за дурная сентыментальнасць! — падумаў. — Дзеля жменькі чалавечага попелу ператвараць самога сябе ў пудзіла?.. Яшчэ скажуць, што так затанна вырашыў стаць героем!..»

Ды вось раптам мяне штурханула, бегучы да палаючай хаты, нейкая маладая дзяўчына. Пачуўся звон разбітых шыбін, а калі ветрам адмахнула дым, я ўбачыў яе ў акне, — яна перахілілася туды так далёка, што відаць былі непамытыя ногі.

— Што ты робіш, вар'ятка! — закрычаў я. — Там ужо труп, а не дзіця...

— Ягна, вылазь! — крычалі з натоўпу.

Столь абвалілася, ажно ў неба сыпанулі іскры. Дзяўчына знікла ў дыме, а ў мяне пацямнела ў вачах.

— Яг-на! — зноў залямантаваў той голас.

— Зараз! Зараз! — адказала дзяўчына, бегучы каля мяне назад.

Яна з намаганнем несла цяжкага хлопца, які, прачнуўшыся, крычаў на ўвесь свет.

— Дык ён жывы? — спытаўся я ў сябра.

— Жывы і здаровы.

— А дзяўчына... яго сястра?

— Дзе там, — адказаў сябар. — Зусім чужая, нават наймічка ў іншага гаспадара, і гадоў ёй з пятнаццаць.

— І нічога з ёю не здарылася?

— Прысмаліла сабе хустку і трохі валасоў. Ідучы да цябе, я бачыў яе. Скрабла бульбу каля сяней і штосьці сабе напявала фальшывым голасам. Я хацеў выказаць ёй сваё захапленне, ды раптам усплылі на думку адно пры адным: яе дзікі парыў і мая разважлівасць перад чужым няшчасцем, і... мне так сорамна стала, што і слова не змог ёй сказаць.

— Мы ўжо такія!.. — дадаў ён і стаў ссякаць сваім дубцом прыдарожнае пустазелле.

На небе пачалі паказвацца зоркі, а халодны вецер данёс ад сажалкі кваканне жабаў і папіскванне вадзяных птушак, якія аціхалі перад сном. Звычайна ў такі час мы з сябрам строілі планы на будучыню, але сёння пра гэта гаворкі ў нас не было. Затое мне здавалася, што кусты вакол нас шэпчуць:

— Вы ўжо такія!..

Антэк

Антэк нарадзіўся ў вёсцы над Віслай.

Вёска стаяла ў невялікай даліне. З поўначы яе акружалі адхонныя ўзгоркі, на якіх шумеў сасновы лес, а з поўдня ўзгоркі гарбатыя, парослыя ляшчэўнікам, цёрнам і шыпшынай. Там найзванчэй спявалі птушкі, і туды найчасцей вясковыя дзеці хадзілі рваць арэхі ды апаражняць птушыныя гнёзды.

Спыніўшыся пасярэдзіне вёскі ды паглядзеўшы на тыя ўзгоркі, можна было падумаць, што абедзве грады іх бягуць адна да адной, каб сутыкнуцца там, дзе ўранні ўстае чырвонае сонца. Аднак гэта ілюзія.

Бо за вёскай паміж узгоркамі — даліна, перарэзаная рачулкай і ўкрытая зялёным лугам.

Там пасвілі жывёлу, і там цыбатыя буслы палявалі на жабаў, што квакаюць вечарамі.

З захаду вёску асланяла плаціна, за якой была Вісла, а за Віслай зноў вапенныя, голыя ўзгоркі.

Каля кожнай сялянскай хаты, пакрытай шэрай страхой, быў садок, а ў садку тым слівы-венгеркі, паміж якіх віднеўся чорны ад сажы комін і пажарныя драбіны. Такія драбіны ўвялі