Litvek - онлайн библиотека >> Франсуа Марыяк >> Классическая проза >> Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк

Франсуа Марыяк Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк

Марыяк Ф. Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк: Раманы/ [Прадм. і пер. з франц. мовы Л. Казыры].— Мн.: Маст. літ., 1985.— 319 с., 1 л. партр.— (Б-ка замеж. прозы). 

Тэрэза Дэскейру

Божа, злітуйся над аблуднымі мужчынамі і жанчынамі!

О, Божа, няўжо могуць існаваць пачвары перад лікам тваім...

Ты, адзіны, хто ведае, чаму яны існуюць, як сталі яны такімі і

як маглі яны ўратаваць сябе...

Шарль Бадлер
Тэрэза... Многія скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат гадоў я сачу за табой, часта спыняю цябе на дарозе і зрываю з цябе маску.

Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкімі губкамі ў душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка ўпіваліся ў цябе позіркамі. Болей жорстка, чым тыя, хто збіраўся судзіць цябе.

Потым, у вясковым маёнтку, ты з'явілася перада мной у вобразе маладой нервовай жанчыны, якой абрыдзелі клопаты старых сваякоў і прастадушнага мужа. А тыя даўмецца не маглі.

— Што гэта з ёю робіцца? Мы ж далі ёй усё, што трэба для шчасця!

Колькі разоў пасля таго зачаравана назіраў я, як ты прыкладвала да прыгожага твару сваю крыху велікаватую руку! Колькі разоў глядзеў я праз жывыя краты клеткі, што завецца сям'ёй, як ты пакутуеш там, нібы ваўчыца ў няволі. І я лавіў тады на сабе твой злосны, сумны позірк.

Многія будуць дзівіцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агідны, чым мае астатнія героі. Няўжо мне ніколі так і не давядзецца гаварыць пра людзей велікадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак «душы наросхрыст» не маюць трагічных гісторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да грэшнага цела, мне добра вядомы.

Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты, прывялі цябе да Бога, каб ты была вартая імя святой Лакусты[1]. Але многія з тых, хто верыць у падзенне і водкуп нашых змучаных, загубленых душ, пачалі б тады крычаць пра святатацтва...

Ва ўсякім разе, я спадзяюся, што ты не адзінокая на тым тратуары, дзе я развітаўся з табой.

I

Адвакат адчыніў дзверы. Цёмны бакавы калідор будынка суда напоўніўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзіць і прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: «Справа спынена. Саставу злачынства няма», і да Тэрэзы:

— Вы можаце выйсці: тут ні адной душы.

Яна спусцілася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нікога не было. Бацька не абняў яе і нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць у адваката Дзюро. Той адказваў ціха, нібы баяўся, што іх падслухаюць. Да Тэрэзы даляталі абрыўкі размовы:

— Заўтра я атрымаю афіцыйную пастанову суда.

— А што, ніякіх сюрпрызаў ужо не будзе?

— Не. Усё ў парадку.

— Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становішча.

— Выратавала... выратавала... У такіх справах ніколі не ведаеш...

— Але, раз ён сам прызнаўся, што ніколі не лічыў кропель, прымаючы лякарствы...

— Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказанні ахвяры...

Пачуўся Тэрэзін голас:

— Ніякай ахвяры не было!

— Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасці.

Позіркі абодвух мужчын на нейкі момант спыніліся на нерухомай фігуры маладой жанчыны, заціснутай у паліто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаіць іх экіпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі.

Яны перайшлі цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лісце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы і ўжо змяркалася. Дый прайсці да экіпажа можна было непрыкметна: вуліцы ў гэтым раёне былі малалюдныя. Тэрэза ішла паміж мужчынамі. Яны вялі сваю размову, як быццам яе тут і не было. Часам яна заходзіла трохі наперад, і тады мужчыны адразу штурхалі яе локцямі, бо яна замінала ім гаварыць. Нарэшце яна крыху адстала, зняла пальчатку з левай рукі і час ад часу зрывала пучкі моху, што нарос на старой каменнай сцяне, уздоўж якой яны ішлі. Яе абміналі двухколкі, рабочыя на веласіпедах, і трэба было прыціскацца да сцяны, каб не апырскала граззю адзежы. Змрок апускаўся на горад, і Тэрэза ўжо не баялася, што яе пазнаюць. Прывычны пах свежага хлеба, што ішоў з пякарань, пах туману Тэрэза ўспрымала цяпер нібы водар жыцця, якое нарэшце зноў вярталася да яе. Тэрэза прыплюшчвала вочы, з асалодай смакуючы дыханне соннай зямлі і мокрай травы, і старалася не чуць гэтага маленькага чалавечка на кароткіх крывых ножках, які ні разу не азірнуўся на сваю дачку. Яна магла ўпасці на гэтай дарозе: ні бацька, ні Дзюро гэтага не заўважылі б. Цяпер ужо не было патрэбы шаптацца, і яны гаварылі на ўвесь голас.

— Сапраўды, паказанне месьё Дэйскейру было цудоўнае... Але ж гэтая гісторыя з рэцэптам... Па сутнасці, там было фальшывае... Дый доктар Педмэ падаў скаргу...

— Але ж ён забраў яе назад...

— Тым не менш, вы паглядзіце, якое яна дала тлумачэнне: нейкі незнаёмы перадаў ёй рэцэпт...

Не так ад стомы, як ад жадання не чуць больш гэтых слоў, якімі яе мучылі ўжо колькі тыдняў, Тэрэза пайшла памалей. Дарэмна. Немагчыма было не пачуць бацькавага фальцэту:

— Колькі разоў я ёй казаў: «Няшчасная, прыдумай ты што-небудзь другое...»

Што ж, супраць нічога яму не скажаш: ён і праўда не раз гаварыў ёй гэта. Але чаму ж тады ён зноў хвалюецца. Тое, што ён лічыць гонарам сям'і, выратавана. Да выбараў у сенат усё забудзецца, і ніхто не ўспомніць пра гэтую гісторыю. Так разважала Тэрэза, якой зусім не хацелася даганяць сваіх спадарожнікаў. Тыя, як на злосць, так захапіліся размовай, што спыніліся пасярод вуліцы:

— Паверце мне, Лярок, вам трэба апярэдзіць падзеі і перайсці ў наступленне. Трэба змясціць у нядзельным нумары «Сейбіта» артыкул з загалоўкам накшталт... «Агідны паклёп...» Ці вам хацелася б, каб гэта я ўзяў на сябе?

— Не, дарагі, не. Дый цяжка напісаць што-небудзь такое. Усе ведаюць, што следства вялося на скорую руку. Нават не падключылі экспертаў, каб высветліць па почырку, хто напісаў рэцэпт. Канешне, дзеля інтарэсаў сям'і я гатоў пайсці на ўсё, я буду дзейнічаць. Але цяпер трэба заглушыць гэтую справу... замяць яе і маўчаць!

Адказу Дзюро Тэрэза не пачула, бо мужчыны рушылі з месца. Яна зноў прагна ўдыхнула вільготнае начное паветра, нібы баялася прыпадку ўдушша. Нечакана ўспомнілася Жулі Белад, невядомая ёй бабка па матчынай лініі. Твару яе Тэрэза ніколі не бачыла. Дарэмна было б шукаць яе партрэта, дагератыпа, або фатаграфіі ў Лярокаў ці ў Дэскейру — ніхто пра яе нічога не ведаў,