Litvek - онлайн библиотека >> Антон Іванавіч Гурскі >> Мифы. Легенды. Эпос >> Бяздоннае багацце: легенды, паданні, сказы >> страница 2
развялося шмат гаўяда, дый усялякага звяр’я ў іх лясах было больш, чым у тым месцы, дзе засталіся тыя дзесяць братоў. От гэтыя дзесяцера братоў пашкадавалі, што пусцілі сюды меншых і што далі ім шмат гаўяда, пашкадавалі дый уздумалі адабраць назад. Даведаліся палешукі і палевікі, што тыя падходзяць да іх з разбоем, нарабілі ў лесе завалаў, накапалі глыбокіх ямаў дый накрылі іх мохам, а самі пахаваліся ў гушчэчы і цікуюць, што будзе далей.

Вось падышлі тыя разбойнікі дый пачалі падаць у ямы, а ў іх была вада. Адны патапіліся, а другія заблыталіся ў засеках дый пагінулі ў нетрах без яды. От адагналі апошніх разбойнікаў палешукі і палевікі дый давай выхваляцца адны перад другімі. Палешукі кажуць, што гэта яны сваімі засекамі ў лесе загубілі разбойнікаў, а палевікі — што разбойнікі пагінулі ў ямах, што палевікі выкапалі.

Пайшлі яны выхваляцца ды спрачацца. Спрачаліся, спрачаліся — ды за чубы, ды за калы... I пайшла тут такая перапалка, што горш як ад разбойнікаў.

Б’юцца палешукі з палевікамі, паляць вёскі, нішчаць дабро ды парываюцца спрэс загубіць адны другіх, горш як самыя лютыя ворагі. Доўга біліся яны, але не могуць адолець адны другіх, толькі што далей, то ўсё больш слабеюць як тыя, так і гэтыя.

Дачуліся ворагі, што палешукі і палевікі калоцяцца паміж сабою, што яны не бароняць свае рубяжы, от яны зноў сабралі вялікае войска дый пайшлі паліць вёскі ды забіваць як палешукоў, так і палевікоў.

Ачомаліся палешукі і палевікі, годзе калаціцца самі з сабою, давай біцца з ворагам. Біліся яны, біліся, можа, палавіна іх палягло, а нічога не зробяць, бо ворагі лезуць усё новыя і новыя. Шмат палягло ворагаў у чыстым полі, шмат заблудзілася ў лесе, у балотах і там загінула ад голаду, ад холаду ці патапілася ў гразі, але яшчэ шмат засталося. Лезуць яны, як свінні ў агарод, лезуць ды забіраюць палешукоў і палевікоў у палон, забіраюць іх зямлю, гаўяда і ўсё дабро, а старых і малых забіваюць ці цкуюць сабакамі. Забілі яны ў калодкі ўсіх палешукоў і палевікоў дый загадалі сабе служыць. Нічога на парадзіш.

Служаць палешукі і палевікі тым ворагам, бо не свая воля, служаць год, служаць два, а можа, і больш.

Працуюць яны на ворагаў бы чорны вол і ніякае палёгкі не маюць, працуюць, гаруюць ды праклінаюць сваё жыццё.

А ворагі пануюць ды здзекуюцца з простых людзей, а тыя рады, што хоць засталіся жывыя.

Бачаць паны — простыя людзі змірыліся, от і скінулі з іх калодкі.

Рады простыя людзі, дзякуюць богу і за тое. I пачалі яны працаваць на паноў так шчыра, як самі сабе. А панам тое толькі і трэба. Працуюць простыя людзі, а паны адно падганяюць ды падганяюць. I адвучыліся паны ад усялякае работы, ды так адвучыліся, што без простых людзей не могуць і жыць, бы тая птушка, як яе выпусцяць з клеткі на волю.

Бачаць тое простыя людзі ды толькі смяюцца з паноў. Яны смяюцца, а паны — хоць бы што, балююць сабе ды яшчэ больш прыбаўляюць народу работы.

— Бо яны,— кажуць,— рагочуць, бы жарабцы, затым, што мала дзела.

Яшчэ горш стала, і пачалі людзі рабіць панам помсту: то свіран спаляць ці гумно, то кароў загоняць у такую тхлань, што яны там і пагінуць, то свіней патопяць, але ад таго і самі не маюць чаго есці, бо, ведама, жывуць па ардынар’і: пана чорт не бярэ — ён у суседа дастане, а людзі падыхаюць ды пухнуць з голаду. Што тут рабіць, што парадзіць? Ні з якога боку нельга пазбавіцца ад тых паноў.

Але вось прыходзіць якісь старэнькі дзядок дый кажа:

— Людзі, людзі, вас шмат, а паноў жменя, і гэтая жменя здзекуецца ды ездзіць у вас на карку. Ці гэта ж вы людзі, а не авечкі?

Пагаманіў ён гэтак у адным месцы, у другім, от і схамянуліся людзі і пачалі варушыцца.

Знайшліся ўдалыя хлопцы, сабралі сабе добрых малойцаў ды і пайшлі пярэсціць ды мясіць тых паноў. Бачаць тыя, што гэта не пярэліўкі, ды і кінуліся наўцекача: хто ў лес, а хто ў чужыя краі.


ВЕКАВЕЧНАЯ МЯЖА


Жыў калісь у нашай зямлі князь Радар, які спярша кавалём быў, а пасля ж яго выбралі ў князі. А ў Ляцкай старане жыў кароль Лях, у якога быў Змей Крагавей. Панадзіўся Змей Крагавей у нашу старану хадзіць: прыйдзе, людзей паядае, а што не з’есць — пабівае. Думаў-думаў Радар: што рабіць? I пачаў ён лемяшы каваць ды дубы ламаць: задумаў велізарную саху зрабіць. Кожны лемех па пяцьсот пудоў, а паліцы са старога дубу, а лейцы з найбольшых сосен, якія былі ў пушчы. Зрабіўшы саху, занёс Радар у поле, палажыў яе пад лесам, а сам давай камяні цягаць ды вежу мураваць. Замураваўся ў каменнай вежы, запёрся на трое жалезных дзвярэй, а дружыну схаваў пры сабе. Прыбягае Змей, а Радар яму:

— Стой, Змей, не чапай людзей, а вось, калі ты пралізнеш гэтыя трое дзвярэй, то я табе сам сяду на язык і ты мяне з’ясі,— тады рабі што хочаш у маёй старане.

— Добра,— кажа Змей.

I ён раз лізнуў, другі раз — лізнуў і пралізаў трое дзвярэй. Тады Радар цап яго за язык кляшчамі ды давай гваздзіць яго па галаве стопудовым молатам, а дружына чым барзджэй упрагаць Змея ў саху.

Змей вярцеўся, круціўся, а ўрэшце скарыўся.

— Давай,— кажа,— будзем мірыцца!

— Добра,— кажа Радар,— давай мірыцца. А кабнам назаўсёды ведаць, дзе чыё, то валачы саху, правядзём граніцу.

I вось аралі яны лес, аралі луг, аралі поле і даараліся да вялікай ракі; тут Радар крыкнуў Змею, кірую-чы яго ў ваду:

— Гайда, бух! — значыць, каб ён скакаў у раку.

Змей скочыў з прыгорка, ледзь не ўтапіўся, але сахі пазбыўся: яна сарвалася з хамута і патанула рагачамі ўверх. Рады Змей, што жыў застаўся, не азіраецца, пыліць дамоў, у нару пад гарой, дзе жыў князь Лях. Як убачыў свайго князя Змей, то яшчэ ў страху тым здалёк крычыць яму:

— Помні, Ляша, па Бух наша! — і як толькі дапаў сваёй нары, то і апрогся.

З гэтых часоў на векі вечныя тая разора, якую празвалі Бухам, ці Бугам, сталася граніцай паміж нашым і ляшскім краем. А вежа, якую будаваў тады Радар, і дагэтуль стаіць у мясцовасці, Камянцом званай. Доўга і тыя жалезныя лемяхі тырчэлі з ракі і цяпер, кажуць, ляжаць там на дне.


ЧОРТАЎ МОСТ


Даўней не так было, як цяпер: людзі жылі па гарадах ды па месцах. Кожнае племя па сваім месцы празывалася. Вось і ў нашым баку над Свібельскім возерам жылі даўней два народы, адзін народ па гэты бок, дзе цяпер Клюеўская воласць, і празываўся свевы, а па той бок — празываўся лівы, дзе цяпер і царква Ліўская ёсць... У кожнага народа быў свой цар, і яны часта хадзілі адзін на аднаго вайною, бо блізка жылі. Кажуць, што на тым месцы, дзе цяпер вёска Пешыўка, быў свеўскі горад і ў ім жыў іхні цар. Быў ён чалавек разумны, багаты і дужа сільны. Меў жонку, кажуць, дужа прыгожую, і празывалася яна Ягодай. Спарадзіла Ягода дачку, ды такую красуню — у тысячу разоў прыгажэй за сябе,