Litvek - онлайн библиотека >> Поль Элюар >> Лирика >> З табой >> страница 2
вершы Элюара 1942—1945 гадоў, аб'яднаныя ў шэраг цыклаў («Паэзія і праўда 42 года», «Сем паэм аб любові на вайне» і інш.), склалі пасля вызвалення Францыі зборнік «Твар у твар з немцамі». Паэзія Элюара ва ўмовах Супраціўлення набывае сацыяльна-гістарычную канкрэтную мэту. Выразна гучыць тэма сучаснасці. На змену ахопленаму разгубленасцю «Я» прыходзіць гордае «Мы». Пашыраецца дыяпазон пачуццяў лірычнага героя — чалавека дзеяння, мацнее адчуванне калектыву, пачуццё адказнасці за лёс людзей, вера ў іх сілу і будучыню. Менавіта цяпер Элюар, па словах Арагона, вырастае ў паэта, «у вуснах якога песня рабілася паветрам Францыі».

Лірыка Элюара ваенных гадоў надзвычай разнастайная. Яна ўвабрала ў сябе роздум паэта пра свой лёс і лёс радзімы, адлюстравала трагічную паўсядзённасць акупіраванай Францыі, уславіла герояў Супраціўлення. Верш Элюара «Апавяшчэнне» быў напісаны для падпольнага друку, але ён расклейваўся на сценах дамоў Парыжа побач са спісамі байцоў Супраціўлення, якія былі прыгавораны нацыстамі да расстрэлу.

«Нянавісць наша — у імя любові!» — сцвярджаў Элюар у глыбока чалавечным выкрывальным вершы «Зброя гора». Як натхнёны гімн змагарам Супраціўлення гучаў верш «Мужнасць». Рысы новага чалавека з яго ўлюбёнасцю ў жыццё, з яго прынцыповасцю і гераічнай самаадданасцю, з гатоўнасцю ахвяраваць сабой дзеля вызвалення народа, уласцівыя вершу «Габрыель Перы» — аднаму з шэдэўраў лірычнай паэзіі XX стагоддзя.

У Элюара ёсць і ўласна сатырычныя, выкрывальныя вершы аб ворагах-фашыстах, здрадніках і іх хаўрусніках — «Гімн нацыстаў», «Тупыя і злосныя», «Прадаўцы індульгенцый». У цяжкі, змрочны час акупацыі паэт гаворыць аб слабасці катаў («Апошняя ноч»). Сіла заўсёды на баку жыцця, а не смерці.

Хрэстаматыйным стаў славуты праграмны верш

Элюара «Свабода». На першы погляд ён уяўляе сабой пералік самых звычайных вобразаў, паняццяў і прадметаў, якія думка аўтара асацыіруе са святым імем «свабода». Аднак усё тут больш складана. У вершы выразна гучыць думка аб тым, што чалавек народжаны, каб пазнаць свабоду. У злавесных умовах фашысцкай акупацыі, турмаў і канцлагераў верш «Свабода» гучаў як гімн, як заклік да барацьбы за вызваленне Францыі. Ён быў на вуснах мільёнаў суайчыннікаў паэта — ад школьнікаў да партызан макі.

Канкрэтнаму і суроваму зместу патрыятычнай лірыкі Элюара поўнасцю адпавядала простая, даходлівая структура верша, строгі рытмічны лад.

Патрыятычныя баявыя вершы Элюара былі грознай зброяй у руках партызан і байцоў Супраціўлення. Гітлераўцы ўбачылі ў цыкле «Паэзія і праўда 42 года» «небяспечную лістоўку» — вершы Элюара выклікалі ў захопнікаў нянавісць і страх.

У пасляваенныя гады Элюар стаў трыбунам народных мас, адным з вестуноў барацьбы за мір і дружбу паміж народамі. Яго важнейшыя паэтычныя кнігі апошняга дзесяцігоддзя жыцця — «Белакрылыя швачкі» (1945), «Безупынная паэзія» (1946), «Гарачая прага жыць» (1946), «Лішні час» (1947), «Палітычныя вершы» (1948), «Урок маралі» (1949), «Прысвячэнні» (1950), зборнік выбранага «Вершы для ўсіх» (1952) — садзейнічалі згуртаванню людзей добрай волі, разрадцы міжнароднай напружанасці, стварэнню мірнага клімату ва ўсіх кутках нашай планеты.

З усёй выразнасцю вызначылася творчая эстэтычная пазіцыя Элюара. У вершы «Мэтай паэзіі павінна быць практычая ісціна», іранічна прысвечаным яго «патрабавальным сябрам» — прыхільнікам сюррэалізму і «чыстай паэзіі», Элюар бачыць грамадзянскае прызначэнне паэзіі і сапраўднае прызванне паэта ў тым, каб «свет растлумачыць і перайначыць». Паэт хоча знайсці такія словы, якія ўмацоўвалі б веру людзей у перамогу радасці жыцця, у сілу паэзіі, дапамагалі б ім ў пераўтварэнні свету («Усё сказаць»).

У пасляваенную творчасць Элюара ўладна і нястрымна ўваходзіць гістарычны аптымізм, яго натхняе вера ў перамогу светлых сіл над змрокам, смерцю і злом. Героі яго вершаў — друкары, шахцёры — забастоўшчыкі, вязні фашысцкіх турмаў, непахісныя грэчаскія партызаны і іспанскія падпольшчыкі, камуністы Луіс Карлас Прэстэс, Марсель Кашэн, Жак Дзюкло.

Элюар двойчы — у 1950 і 1952 гадах — наведаў Савецкі Саюз. Французскі паэт быў вялікім сябра.м савецкіх людзей. Свае пачуцці да нашай краіны ён выказаў у вершы «СССР — надзея наша».

Элюар быў актыўным удзельнікам руху прыхільнікаў міру, дэлегатам многіх міжнародных кангрэсаў. У паэме «Аблічча міру» (1951), якая была створана як паэтычная рэпліка да малюнкаў Пабла Пікасо, ён адлюстраваў веліч барацьбы народаў за мір. «Аблічча міру» — узор эпічнай паэзіі сацыялістычнага рэалізму.

Жыццёвы шлях Элюара завяршыўся 18 лістапада 1952 года.

У 1953 годзе яму пасмяротна была прысуджана Міжнародная прэмія міру.

Лепшыя вершы Элюара трывала ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай паэзіі.

Элюар — не лёгкі для чытання паэт. Як ні парадаксальна, адна з прычын гэтага — прастата, надзвычайны лаканізм элюараўскага верша. Імкнучыся пазбегнуць лішніх слоў, паэт нярэдка даводзіў свае вершы да такой сцісласці, што паасобныя радкі ўяўляюцца нам загадкавымі.

Як і большасць яго сучаснікаў у Францыі, Элюар па пракладу Г. Апалінэра адмовіўся ад знакаў прыпынку, лічачы, што яны разбіваюць рытм верша і звужаюць яго лагічна. Але падобная практыка не характэрная для беларускай і ўвогуле славянскай паэзіі.

На беларускую мову дагэтуль былі перакладзены толькі паасобныя вершы Поля Элюара. Кніга «З табой» — першае найбольш поўнае выданне твораў гэтага выдатнага мастака слова.

Б. Міцкевіч

ПЕРШЫЯ ВЕРШЫ 1913-1918


НАПАЎГОЛАСУ
Як пацяплела сёння ўвечары!
        Як зоры зіхацяць!
              I ранак заўтра будзе ясны
Над вуліцай Версаль.
             Пагодна будзе...
       (А спеў ляціць-губляецца, як шар).
Калі пагодна, як прыгожа!
        Выходзіць з дому ў гэты ранак
I ведаць — поўдзень прынясе
        Канец рабоце доўгай...
      (А спеў ляціць-губляецца, як шар).
Калі іду я гэтай вуліцай,
Здаецца — я на вёсцы дзесьці.
       Якія светлыя тут вілы,
Мне сапраўды ўсё гэта міла!
       (А спеў памёр, згубіўся спеў.)
1914

***
Дзяўчынка ў Парыжы. Прыехала з дому:
Парыж — гэта грукат. Парыж — гэта гоман.
Па вуліцы крочыць дзяўчынка-птушынка.
А грукат, як лівень —
                               няма яму ўпыпку.
Дзяўчынка-птушынка стаіць ля сцяны,
Ідуць элегантныя,