Дзень павуцінку шчасця ловіць,
І шчасце вырвацца не смее.
Як ружы, кідаеіп мне словы.
А сам ты іх — ці разумееш?..
Навошта я... Хай потым, потым,
Пазней прыдасца гэты одум!..
Твая вясенняя пяшчота...
Мая асенняя пагода...
***
Я думаю пра мой найлепшы дзень.
Узыдзе ён,
Як келіх макавы,
Вясёлкава зайграе
Насычанымі гранямі сваімі.
Як летні ясень, спраўджаны лістотай,
Як поле жыта з васільком у вуенах,
Нібы калодзеж з зоркаю на дне,
Знутры свяціцца неўгасальна будзе
Мой дзень найлепшы,
Крышталёвы келіх,
Ушчэрць наліты мірам на Зямлі.
Найлепшы дзень мой!
Мой блакітны птах.
Зялёны промень сонца пры заходзе.
Саргасавае мора ў акіяне.
Якая згода явы й летуцення,
Здзяйснення й помыслу,
Натхнення й плёну!
Як пахам яблык,
Як азонам вецер,
Як полымем касцёр,
Увесь працяты
Маёй любоўю
І маім каханнем.
О, дзень мой дасканалы!..